Шэф, паехалі!
Новае інтэлектуальна-забаўляльнае шоу «ТБ-Таксі» неўзабаве з’явіцца на канале АНТ. У самы звычайны дзень любы чалавек можа аказацца самым удачлівым пасажырам таксі і з лёгкасцю выйграць грошы ў самы нечаканы момант.
Пасажыр не толькі не заплаціць за праезд і пазнаёміцца з двума вядучымі «Радыё АНТ», але і атрымае шанц выйграць больш за 2 мільёны рублёў. Аляксей Пятроўскі і Іван Падрэз на працягу паездкі будуць задаваць пытанні, за адказы на якія ўдзельнік будзе атрымліваць пэўную суму, растлумачыла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю тэлеканала АНТ Алёна Мароз.
У гульні ўсяго чатыры туры, ад самых простых пытанняў вядучыя будуць паступова пераходзіць да больш складаных. У цяжкіх сітуацыях у іграка ёсць тры «жыцця» і дзве падказкі — «Бардачок» і «Званок знатаку». У выніку пасажыр мае магчымасць стаць удзельнікам супергульні, адказаць на адно, але самае складанае пытанне і забраць назапашаную суму.
Сачыць за праектам тэлегледачы АНТ змогуць усё лета, пачынаючы з 5 ліпеня, кожныя выхадныя ў 12.05.