Вайна ўнутры вайны
Да 70-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэлеканал «Беларусь 1» прапануе прэм’еру дакументальнага цыкла «Падполле. Вайна ўнутры вайны». Новы арыгінальны чатырохсерыйны праект створаны гомельскімі журналістамі.
Першая серыя — «Жаночы твар вайны» — раскажа пра падпольную групу афіцэра НКУС Івана Казельскага. Чатыры жанчыны з ліку простых гараджанак былі падрыхтаваны для разведдзейнасці ў акупіраваным Гомелі і яго прадмесцях. Дзве з іх загінулі ў самым пачатку барацьбы, тыя, што засталіся ў жывых, пасля былі ўдастоены высокіх узнагарод, а іх дзейнасць стала адной з яркіх старонак летапісу КДБ СССР.
Другая серыя — «Хроніка непакорных» — пазнаёміць гледачоў з дзейнасцю падпольшчыкаў Гродзеншчыны, у прыватнасці самай першай групы, арганізаванай былым ваенным Мікалаем Волкавым і яго жонкай Варварай. Паралельна ў фільме расказваецца пра сітуацыю ў горадзе, стварэнне гета, дзеянні карных груп гітлераўцаў, пра здраднікаў, з-за якіх гінулі падпольшчыкі.
У серыі «Татальнае знішчэнне» гаворка пойдзе пра адну з малавядомых аперацый беларускіх антыфашыстаў — выяўленне германскага цягніка з хімічнай зброяй, а таксама дзейнасць спецатрада НКУС СССР «Храбрацы», які на працягу 1942—1944 гадоў правёў на тэрыторыі нашай краіны вялікую колькасць самых выніковых у гісторыі Другой сусветнай вайны аперацый. Другая сцэнарная лінія фільма — пра камандзіра атрада Аляксандра Рабцэвіча, яго асабістую гісторыю Перамогі і мірнае, поўнае трагізму жыццё.
Чацвёртая, заключная серыя «Магіла льва» прысвечана бясстрашным падпольшчыкам Магілёва, большасць якіх не дажылі да Перамогі і месца пахавання якіх невядома. Адзін з герояў фільма — паволжскі немец Валянцін Готвальд, які падарваў магілёўскую школу контрразведчыкаў, затым працягнуў барацьбу ў спецгрупе НКУС у Беразіно, на рахунку якой не толькі паспяховыя дыверсійныя аперацыі, але і велізарная праца па падрыхтоўцы байцоў партызанскіх атрадаў і антыфашыстаў Магілёва.
Усе чатыры серыі гледачы ўбачаць з чацвярга па нядзелю ў дзённым эфіры.
Прэм’ера цыкла «Падполле. Вайна ўнутры вайны» — 3 ліпеня.