Машыны выціскаюць пешаходаў
Пракуратура Віцебскай вобласці ўсур’ёз узялася за аўтааматараў. Больш за 3,5 тысячы грамадзян толькі ў першым квартале года прыцягнуты да адказнасці за няправільную паркоўку аўтамабіляў.
Нярэдка атрымліваецца так, што да дома не могуць пад’ехаць ні «хуткая», ні пажарная — усё навокал забіта транспартам, псуюцца газоны і кветнікі. Па даручэнні пракуратуры ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама былі прыняты дадатковыя меры па папярэджванні падобных дзеянняў. Выяўлена яшчэ каля 700 парушэнняў заканадаўства. Вінаватыя пакараны.
Найбольш праблемная сітуацыя, па словах супрацоўнiка пракуратуры Віцебскай вобласці Марыны Рыжовай, назіраецца ў Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку. У хуткім часе тут плануецца абсталяваць і пашырыць плошчы наяўных аўтастаянак і парковак, пабудаваць новыя, а таксама павялічыць праезды дваровых тэрыторый. Як лічаць спецыялісты, такія меры дазволяць часткова зняць вастрыню праблемы.