Смаргонь. Вядомы скульптар Уладзімір Церабун дае 7 парадаў, як стаць шчаслівым
Беларускі скульптар Уладзімір Церабун сёння. Фота Настассі РОЎДЫ.
Яны запісаныя ў яго штодзённіку, што ляжыць у стале. Мы ўжо збіраліся сыходзіць, калі творца дастаў яго для таго, каб падзяліцца сакрэтам свайго шчасця.Сэнс жыцця па-церабуноўскі
1. Вера ў Бога. Гэта тое недасягальнае, да якога ўсё жыццё імкнешся. Чым бліжэй наблізішся, тым большы сэнс у твайго жыцця.
2. Любоў. Да жыцця, да сям’і. Бо мы нарадзіліся для таго, каб жыць і несці гэтую любоў іншым. Таксама важна і каханне паміж мужчынам і жанчынай. Здаецца, няшчасны той чалавек, які не спазнаў яго.
3. Нараджэнне дзіцяці. Гэта сакральнае. Важна ведаць, што такое ручка дзіцяці, якая трымаецца за твой палец, яго першыя крокі, першыя словы. Трэба прайсці праз гэта.
4. Асалода ад працы. Трэба атрымліваць асалоду ад любой справы, якой займаешся. Асабліва ад той, якой займаешся большую частку свайго жыцця. Нават калі закладваеш падмурак.
5. Сяброўства. Сваякі не заўсёды могуць дапамагаць адзін аднаму па жыцці. Таму важна, каб было каму пазваніць у складаную хвіліну. Часам сяброўства становіцца вышэй за каханне. Гэта самае галоўнае багацце, дадзенае далёка не ўсім.
6. Інтымныя адносіны. Бог узнагародзіў людзей біялагічнымі адносінамі. У нас на гэта глядзяць як на штосьці сарамлівае ці, наадварот, – усёдазволенае. Але гармонія ў гэтых адносінах – найвялікшая радасць, пасланая звыш.
7. Грошы.Вынік ўсяго вышэйзгаданага. Болей, меней, але галоўнае, каб іх хапала для таго, каб адчуваць сябе чалавекам.
Толькі з гадамі пачынаеш разумець, што ты прыйшоў на зямлю для таго, каб пакінуць менавіта свой след на гэтай зямлі.
Два Церабуны, два творцы, два шляхі, адно дзяцінства
Прозвішча Церабуноў ужо даўно ведае не толькі Смаргоншчына, але і ўся краіна.
Юрый і Уладзімір, два браты, два творцы, народжаныя ў адзін дзень, 11 красавіка, з перапынкам у два гады.
З вялікай сям’і, дзе, акрамя бацькоў, было шасцёра дзяцей, сёння засталіся толькі яны, малодшыя.
Музыкант і кампазітар, цымбаліст, выкладчык, фатограф Юры Церабун святкуе юбілей, 70-годдзе. Ён жыве ў Маладзечне.
Яго малодшы брат Уладзімір, скульптар, ганаровы грамадзянін Смаргоні, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, цяпер пераехаў у родны горад, як сказаў сам, на “ранча”. Яно дасталася яму ў спадчыну ад аднаго з братоў. Аднак працуе ён у майстэрні ў Мінску.
– Спачатку скончу з кар’ерай, а ужо потым пераеду ў Смаргонь назаўсёды і буду пятрушку вырошчваць, – усміхаецца ён.
Як жа Церабуны сталі тымі, якіх мы ведаем сёння? Якія забавы яны выдумлялі, калі былі хлопчыкамі з хутара пад Смаргонню? Чаму не гулялі ў бляшанкі, і што для іх зрабіў бацька, Васіль Карнілавіч, да якога ўсё жыццё дзеці звярталіся на “Вы”?
Сакрэт і багацце гэтай сям’і
Сям’я Церабуноў (злева направа): Канстанцін, Юры, Надзея, Мікалай, Міхаіл, Уладзімір. У цэнтры сядзіць бацька, Васіль Карнілавіч. 1981 ці 82 год. Смаргонь. У Канстанціна на падворку па Трактарнай, там цяпер жыве Уладзімір Церабун.
Самую старэйшую і адзіную дачку Васіля Карнілавіча і Антаніны Антонаўны звалі Надзея, яна была швачкай, жыла ў Маладзечне.
Наступным нарадзіўся Мікола. Ён быў повар, але апошнія дзесяцігоддзі працаваў токарам.
– Залатыя рукі меў, – прыгадвае спадар Уладзімір. – Усе мы, пяць братоў, служылі. А ён – далей за ўсіх, на Камчатцы. Колькі слёз тады маці праліла! А пасля яго па ўзросце ішоў Косця. Той служыў у Ташкенце, грэўся, аж пераграваўся.
Косця працаваў кіроўцам. Апошнія гадоў 25 быў экскаватаршчыкам. Зарабляў на той час шалёныя грошы – 700, а часам і 900 рублёў. Звычайны заробак тады быў недзе 120 рублёў.
– Аднойчы ездзіў да яго на поле і дзіву даваўся. Ён такога высокага класа майстрам быў, што яшчэ коўш не даходзіў да зямлі, а страла ўжо наверх падымалася. Брат казаў, што ні разу не пашкодзіў кабіну машыны, у якую сыпаў зямлю. Хоць іншы раз грашыў чаркай. Гады два да яго ўсё ездзілі камісіі, глядзелі, як працуе, бо надта ўжо высокі заробак. І кіраўнікі ніяк не маглі зразумець, адкуль чалавек такі заробак мае. Сядзелі, глядзелі і плацілі. Павінны былі плаціць.
Далей ішоў Міхась. Ён паехаў служыць у Варонеж і там застаўся на ваеннай службе ветэрынарам. А потым гаспадаркай займаўся.
Потым – Юрась і Уладзімір. Яны служылі ў Беларусі.
– Цяпер на гэтай зямлі засталіся толькі мы з Юрасём.
У чым сакрэт і багацце нашай сям’і? Вялікая сям’я – гэта вялікае шчасце і найвялікшае багацце. Яна выхоўвае чалавека.
Якім было дзяцінства
Юрый і Уладзімір разам з бацькамі. Фота з сямейнага архіва Церабуноў.
Вось што распавёў спадар Уладзімір.
У дзяцінстве бацькі надавалі дзецям шмат увагі. Асабліва малодшым, Юру і Вову. Бацька бачыў іх здольнасці да выяўленчага мастацтва, да музыкі і падтрымліваў гэта, як мог.
На пачатку ён дастаў для дзяцей скрыпку. Але ніяк яе не маглі настроіць. Ужо потым высветлілася, што прычына была вельмі простая, нахіліўся адзін калок у сярэдзіне пад дэкай скрыпкі. Ведаць дзеці гэтага не ведалі і ціхенька аддалі скрыпку гаспадару, не прызнаўшыся, што не змаглі настроіць.
Потым Васіль Карнілавіч набыў Юрыю акардэон. А калі дзеці ўжо былі студэнтамі, то прывёз дамоў на санках у саломе нямецкае фартэпіяна, кандэлябры. Калі ён размаўляў з гаспадаром інструмента, той так казаў: “Ведаеш, добры інструмент, як кулаком стукнеш, дык доўга гудзіць!”
– Гэта павінна было значыць, што інструмент выключны, – смяецца Уладзімір Васільевіч. – Радасці была поўная хата. Юра займаўся ў музвучылішчы, умеў іграць. Ды і я быў аматарам.
Але з фартэпіяна атрымалася тая самая гісторыя, што і са скрыпкай: перасохлі калкі і інструмент не трымаў настрой. У камісійны яго здалі, каб хто для мэблі набыў.
– Не было ў нас часу футболіць бляшанкі. Заўсёды знаходзілі нейкі занятак. Фатаграфіяй вельмі цікавіліся. Я займаўся на балалайцы і ў Гродне за ігру на аглядзе атрымаў фотаапарат у падарунак. Першыя здымкі атрымаліся вельмі ўдалымі. Так сталі займацца гэтым, памянялі фотаапарат, пачалі набываць для яго розныя прылады.
Школьнік Вова разам з пяццю сябрамі пайшоў разгружаць вагон з цэментам. Яшчэ доўга цэмент быў і ў носе, і ў роце, але ўсё рабілася не задарма. Атрымалі хлопцы па 120 рублёў – вялікія грошы на той час. Заробленыя потам, Вова іх пусціў на фотапавелічальнік, які лічыў вялікай раскошай.
Мастацтвам фатаграфіі Уладзімір займаецца і зараз, а гэта ўжо больш за 50 гадоў. Аднак фотамайстэрства было толькі адным захапленнем хлопцаў. Шмат часу яны аддавалі авіямадэлям.
– Гэта ж было настолькі цікава! Мадэлі былі з маторам, з гумовым рухавіком. За 50 капеек можна было набыць кардонную каробку, у якой былі ўсе дэталі для таго, каб сабраць планёр. Першы раз набылі, сабралі, а ён ляцець не хоча. Аказалася, крылы павінны былі быць наперадзе ў самалёце, а мы пасярэдзіне паставілі. І колькі было радасці, калі планёр урэшце паляцеў.
Рухавік да парахода дзеці набывалі праз газету “Зорка”. Пісалі ліст з просьбай, укладвалі рубель, а потым па пошце рухавік прыходзіў.
Пасля хлопцы заняліся ракетабудаваннем, сталі запускаць змеяў. Рабілі іх і квадратнымі, і плоскімі, і каляровымі, і з хвастамі. Пускалі са змеяў парашуты.
– І гэта не кажучы пра ансамбль Агінскага, дзе брат на цымбалах іграў, – усклікае спадар Уладзімір. – Заўсёды туды хадзілі, ігралі ў народным аркестры. Потым прыйшоў час электрагітар.
Адзін музыка, Альгерд Апановіч, сябар майго брата, вельмі добра разбіраўся ў радыётэхніцы і далучыў спецыяльныя элементы да звычайнай гітары, каб гук быў як у электра. О, якая ж была радасць, калі свой Бітлз іграў танцы ў Смаргоні. І першая сола-гітара, гітара-рытм і бас-гітара, і барабаны, нават саксафаніст з Маладзечна прыязджаў. Цуд, ды і толькі!
А якія канькі мы самі рабілі!? Да драўлянага бруска знізу ў канаўку замацоўвалі дрот, канцы загіналі і забівалі ў тарцы бруска. Затым прапякалі гарачым дротам шэсць дзірак – чатыры спераду, па дзве па баках і дзве ззаду (свердлаў у нас не было). Затым заводзілі вяровачкі, зацягвалі калочкам, а вяровачкі ззаду закручвалі вакол валёнка. Гэтым канькам не было ні цаны, ні зносу. А лыжы выстругваў бацька, запарвалі ў гарачай вадзе канцы, затым іх разгіналі, сушылі – каталіся і радаваліся жыццю.
Але былі і неразумныя крокі. Пасля вайны ў лясах вельмі шмат было снарадаў, гранат. Гэтыя снарады мы чаплялі дротам, цягнулі ў бліжэйшы бліндаж, палілі вогнішча і чакалі, пакуль выбухне. Аж зараз робіцца страшна, калі ўспамінаеш. Бог праявіў да нас літасць.
Яны спявалі ўсёй сям’ёй
Так ужо выйшла, што ва ўсіх у сям’і Церабуноў быў голас. І на Вялікдзень, на Каляды заўсёды з іх дома былі чуваць сямейныя спевы.
– Ніхто нікога не вучыў, якую партыю трэба цягнуць, але спевы атрымоўваліся цудоўныя, – дзівіцца сам скульптар. – Гэта было нашым багаццем. Мы спявалі беларуска-ўкраінскія песні, і ў іх была такая глыбіня, што гэта не магло на нас не адбівацца. Гэта было выхаванне прыгажосцю.
Мы ўвесь час шукалі магчымасць праявіць сябе. Гэта аснова ўсяго.
Бацькі
Бацькі Васіль Карнілавіч і Антаніна Антонаўна. Фота з сямейнага архіва Церабуноў.
– Маці была вельмі лагодная, працавітая, добрая душой і сэрцам. Кожны дзень ёй трэба было варыць ежу на 8 чалавек. Тады ж і выбару такога, як цяпер, не было.
Нават каб хлеб дастаць, маці з братам ішлі за ім у горад з хутара ў пяць гадзін раніцы. Але неяк хапала выдумкі, каб з нічога смачнае зварыць.
На абед бацьку заўсёды быў кавалачак мяса. Нават ужо дарослымі ніхто з нас не меў права ўзяць гэтае мяса, таму што бацька – гаспадар. Ён зарабляе грошы, корміць сям’ю і яму трэба лепшая ежа, – распавядае творца.
Ніхто бацькоў не называў на “ты”. Ужо потым мы так звярталіся да маці, а з бацькам на “Вы” былі да апошняга. Ён быў вельмі гаспадарлівы, мудры, клапаціўся пра сям’ю. Але жылі мы ўсё роўна вельмі бедна.
– Што датычыць гарэлкі, то гэта было настолькі ў меру, настолькі святочна, – дадае спадар Уладзімір. – Каб у будні прыйсці і напіцца, то такога ў нашай сям’і ніколі не было. Сям’я была вельмі працавітая.
Маці ткала на кроснах тканіну, кручком вязала з каляровых анучак дыванкі.
Ніхто бязрукім не быў.
"Мядзведжая акадэмія" ўжо красуецца ў смаргонскім парку (ФОТА)
У Смаргоні будзе стаяць мемарыяльны комплекс еўрапейскага ўзроўню (ФОТА)