Дзе спалілі тысячы красненцаў, там садзяць бульбу

Источник материала:  
05.04.2014 — Разное

На месцы масавага знішчэння яўрэяў помнік паставілі прадстаўнікі яўрэйскай супольнасці. Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Чалавек у адной бялізне лез па драбіне, каб стаць на штабель забітых і параненых целаў сваіх блізкіх.

Па ім стралялі, ён станавіўся адным цэлым са штабелем целаў, а следам ужо наступная ахвяра ступала на яго. Такіх былі тысячы. Потым будынак з целамі падпалілі, далівалі гаручае, варочалі, закопвалі астанкі...

Так забівалі яўрэяў на таку ў мястэчку Краснае ў сакавіку 1943 года.

Пазней на тым месцы пасялілі людзей, якія пасадзілі там бульбу.

Памяць тысяч закатаваных мясцовых яўрэяў дзяржава не ўшанавала помнікам − яго паставілі прадстаўнікі яўрэйскай супольнасці.

Закатавалі сотні чалавек

Увагу грамадства на пытанне ўшанавання памяці яўрэяў звяртае краязнаўца з Краснага Аляксандр Харытон. Ён не адзін год прысвяціў таму, каб замучаных падчас вайны яўрэяў ушаноўвалі. Між тым, многія з яго суразмоўцаў упершыню чуюць ад яго, што падчас Другой сусветнай вайны ў Красным было гета.

Сам краязнаўца памятае з дзяцінства, як яўрэяў, ужо распранутых да бялізны, везлі ў той ток. Больш ён даведаўся з расповедаў старэйшых жыхароў, якія бачылі, што адбывалася ў той дзень. І ён хоча расказаць пра гэта іншым, каб памяць пра замучаных людзей не знікла:

− Па цяперашняй вуліцы Набярэжнай, на беразе Ушы ля вадзянога млына стаяў ток. Туды ўсіх яўрэяў звозілі. Іх забівалі, у ток заносілі і складвалі штабялямі целы. Быў такі доктар Гіршоўскі, які занёс туды сваю дачку, потым занёс жонку, потым заносілі яго − іншыя. Вы разумееце?

І вось наклалі целаў столькі, што цяжка закідваць ужо наверх, так высока атрымалася. Тады да целаў прыставілі драбіны, змушалі лезці. І людзі лезлі і станавіліся на гэты штабель. Немцы паказвалі, куды стаць, каб быў роўны штабель, а пасля забівалі.

Па адных звестках, там забілі дзве з паловай тысячы чалавек. Па іншых – чатыры тысячы. Сюды сагналі яўрэяў не толькі з Краснага, а і з Ільі, Іўя, Гарадка.

Пасля ток падпалілі. Прыгадваюць, што енк быў страшэнны, многія ж былі толькі параненыя. Смурод стаяў некалькі тыдняў такі, што ў дамах нават немагчыма было дыхаць.

− Я ўявіў сабе, што мяне таксама гоняць на гэты штабель, − дзеліцца краязнаўца. − Яны ўсе былі ў бялізне. Я ўявіў, што ў штабелі ляжыць мая дзяўчына, і я станаўлюся на яе нагамі, мая матка, бацька, сястра, суседка. І мяне, яшчэ жывога,  заганяюць на іх. Калі ток згарэў, на гэта было страшна глядзець: абгарэлыя целы, галовы... І потым гэты штабель дапальвалі.

Дзяржава не паставіла там ніводнага мемарыяльнага знака. На месцы тока пасялілі людзей, якія пасадзілі тут бульбу: “Гэта ж жыды”.

Шасціканцовую зорку замянілі пяціканцовай

Помнік на тым месцы паставіла яўрэўская супольнасць: спачатку метровую пірамідку, а пасля яе замянілі на гранітны помнік (на фота). Спачатку зверху гэтага помніка была шасціканцовая зорка. Пра гэта ў кніжцы “Таямніцы Краснага” ўзгадвае аўтар кнігі супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Сяргей Старыкевіч. Краязнаўца дадае, што шасціканцовую зорку спілавалі, а паставілі пяціканцовую.

На гэта месца прыязджаў ізраільскі маёр Сямён Грынгаўз, які і дамогся, каб паставіць сучасны помнік. У дзяцінстве ён цудам ўратаваўся ад знішчэння на таку: за два дні да трагедыі разам з маці пайшоў у суседнюю вёску шукаць, што паесці. А вярнуўся праз некалькі дзесяцігоддзяў і на адкрыццё помніка прывёз знакамітага рэжысёра Стывена Спілберга, каб зняў на гэту тэму фільм.

Што значаць яўрэі для Краснага

− Па вуліцы каля цяперашняга помніка танку стаялі дамы яўрэяў, − распавядае Аляксандр Харытон. − Гэта была зона іх кампактнага пражывання (глядзіце схему на карце). Фактычна, Краснае канчалася царквой. Вуліцы называліся Радашкавіцкая, Ільянская, Маладзечанская – па накірунках. Дамы былі драўляныя і часта гарэлі. Красненцы палічылі месца нядобрым і з’ехалі далей, да Плябані.


Малюнак Зоі ХРУЦКАЙ.

І тады, я думаю, сюды масава пачалі засяляцца яўрэі, а непадалёк паставілі пажарнае дэпо, якім валодаў яўрэй. Па чарзе мужыкі са сваімі конямі там дзяжурылі. І з таго часу, а гэта быў пачатак 20 стагоддзя, пажараў у Красным не было.

Каля дэпо з’явілася рынкавая плошча, дзе шточацвер збіраліся. І апошні пажар быў у 1944 годзе, калі ўсё Краснае спалілі. Тут, уз­доўж вуліц 17 Верасня і Набярэжнай, было іх гета, і сюды просіцца таксама памятны знак.

Падзялілася гарохам пад страхам смерці

Аляксандр Харытон зацікавіўся краязнаўствам на пенсіі, калі вярнуўся ў бацькоўскую хату з Мінска.  І першае, што яго зачапіла, − менавіта недастатковае ўшанаванне памяці яўрэяў, якія загінулі падчас вайны ў Красным. Ён тлумачыць:

− У маладзечанскай кнізе “Памяць” ёсць вытрымкі, колькі замучылі і знішчылі мясцовых жыхароў у той ці іншай вёсцы – тры, пяць, 17 чалавек.

А тут жа тысячы спалілі на таку, а дзяржава пра іх памяць маўчыць. Гэта ж мясцовыя жыхары! Гэта такія ж красненцы! Яны па-беларуску размаўлялі!

Краязнаўца тлумачыць, адкуль у яго такая зацікаўленасць яўрэй­скай тэмай:

− Я вучыўся ў школе, са мной вучылася дзяўчынка з ацалелых яўрэяў. На флоце разам са мной служылі яўрэі. Ра­зам са мной яўрэі вучыліся ў інстытуце, я працаваў у адным праектным аддзеле з яўрэямі. І я неабыякавы да іх.

Прыгадваю такі эпізод з дзяцінства.

Яўрэям падчас акупацыі не дазвалялі хадзіць па адным, адразу забівалі. Мы вельмі бедна жылі.

Неяк вечарам маці пражыла гарох − смажыла са шмальцам. І тут заскок­вае ў хату яўрэй − адразу ў кут. І плача, а пах ад гароху ідзе. І маці стаіць, плача. Яна драўлянай лыжкай прынесла гарох, перасыпала ў рукі, а ён гарачы, яўрэй душыцца гэтым гарачым гарохам...

Вайна ж. Калі б немцы ўбачылі, спачатку б яго ля ганку паклалі, а маглі вывесці і мяне з бацькамі і таксама пакласці. Але мы паставіліся адзін да аднаго па-людску ў фашысцкай акупацыі.

Чаму цяпер, пасля вайны, мы па-людску не ўшануем іх памяць, а топчам прах і садзім бульбу там, дзе іх закатавалі? Вялікая дзяржава не абараніла іх жыцці, і вялікая дзяржава не ўшанавала іх памяць.



1944 год.

Зоя ХРУЦКАЯ, “Рэгіянальная газета”.

Кацярына КАСЦЕВІЧ, школа маладога журналіста пры “РГ”.

←«Вопрос недели». Не боитесь ли вы ехать на отдых в Крым?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика