"Праблемы трэба не хаваць, а вырашаць". Аляксандр дамогся таго, каб яму зрабілі пандус
Аляксандр перакананы, што людзям з абмежаванымі магчымасцямі не трэба хавацца, а варта імкнуцца паляпшаць умовы жыцця.
Маладзечанец Аляксандр 20 гадоў чакаў кватэру, а калі атрымаў, то пабаяўся ў яе заехаць. − Мне патэлефанавалі, сказалі, што кватэра ў 11-м мікрараёне размешчаная ў сацыяльным доме: тут жывуць шматдзетныя сем’і, сіроты, інваліды. Летам тут столькі дзяцей! Двое нованароджаных у нашых суседзяў. Паабяцалі, што ўсё будзе адаптавана, змагу свабодна катацца. Пасля “Дажынак” у 2011 годзе ў снежні я прыехаў глядзець кватэру. Як убачыў, што ля ўвахода ў пад’езд такія прыступкі, ніякага пандуса, дык мне і ў кватэру ісці не захацелася.Тады Аляксандр напісаў ліст на імя старшыні райвыканкама, у якім апісаў, чаму новае жыллё для жыцця нязручнае. І ўжо праз месяц, у студзені 2012 года, яму адаптавалі ванну і туалет: расшырылі дзверы і прыбралі парог, каб у пакоі можна было свабодна заехаць на вазку.
Пачалі распрацоўваць праект па пабудове пандуса, які б выходзіў з балкона на кухні. Спачатку прапанавалі зрабіць выхад на вуліцу ад гасціннага пакоя, але гаспадар адмовіўся: не хацеў рабіць з кватэры суцэльную прыхожую.
Спачатку будаўнікі пачалі рабіць пандус з боку вуліцы: ад балконных дзвярэй ідзе спуск пад малым вуглом, з якога можна плаўна з’ехаць. Балконныя дзверы замыкаюцца на ключ. Пасля будаўнікам трэба было разабраць парог да пандуса з боку кватэры. Цяпер застаўся толькі адзін парожак, які стварае нязручнасць для гаспадара − паміж кухняй і балконам. Закончылі работу з пандусам сёлета ў жніўні.
У суседнім пад’ездзе жыве жанчына, якая таксама перамяшчаецца ў вазку. Да яе кватэры таксама праклалі пандус.
Юрысты адзначаюць, што калі чалавек з інваліднасцю жыве не на першым паверсе, мае права пашукаць варыянты абмену кватэры. І калі сям’я пераселіцца, можна вырашаць пытанне з пандусам. Калі вы выказваеце просьбу палепшыць жыллёвыя ўмовы, падрабязна апісвайце, у чым нязручнасць.
Сумуе па парку
Аляксандр плануе напоўніцу выкарыстоўваць прыбудову вясной і летам.
− Сумую па парку, па цэнтры горада. Я пражыў 20 год у цэнтры Маладзечна, але на 13 квадратах. Ездзіў па горадзе, па вуліцы Прытыцкага. У пад’ездзе нават зрабілі адкідны пандус. Ім не толькі я карыстаўся, але і маладыя мамы з каляскамі. Усе вакол дапамагалі пры неабходнасці, было з кім пагаварыць. Як зрабілі пандус, праз год з’ехаў на новую кватэру.
Цяпер у нас з дачкой 58 квадратаў, але тут пакуль не раззнаёміўся з суседзямі. Кажуць, каля нас крама, у якую зручна заехаць на вазку, ды я пакуль туды не патрапіў. Ездзіў некалькі разоў па справах у горад. Калі кіроўца аўтобуса бачыць, што на прыпынку чалавек у вазку, пад’язджае ўсутыч да бардзюра, людзі дапамагаюць заехаць. Аднойчы кіроўца нават выбег і дапамог заехаць у аўтобус.
Адчуць сябе чалавекам
Аляксандр жыве разам з 17-гадовай дачкой.
− Яна ўсё па гаспадарцы робіць, у краму бегае, плаціць за камунальныя. Сам я часта гатую. Магу і боршч зварыць, плоў, ды ўсё, што трэба. Галоўная складанасць − раніцай сесці ў вазок. Для мяне вялікае шчасце, што я магу рэзаць, пісаць, галіцца.
Раней, каб пагаліцца, сядзеў са шклянкай. А цяпер свабодна заязджаю ў ванны пакой, адчуваю сябе чалавекам. Галоўнае − не зацыклівацца на праблемах. Не заўважаю, каб у горадзе неяк непрыемна глядзелі на мяне, людзі ахвотна дапамагаюць. Але часам я ўсё ж адчуваю сарамлівасць, крыху няёмка. Але чаго перажываць? Ва ўсіх свае складанасці. Не трэба хаваць свае праблемы, трэба іх вырашаць. Я вельмі ўдзячны, што столькі ўсяго магу рабіць сам!
Зоя ХРУЦКАЯ, Настасся РОЎДА.
Фота Зоі ХРУЦКАЙ.