За тыдзень у рэгіёне спынілі 20 нецвярозых кіроўцаў. Аднаго – другі раз за год
![](http://www.21.by/pub/news/2013/10/1383224351355742.jpg)
Закон, паводле якога, калі кіроўцу затрымліваюць п’яным за рулём другі раз за год, то забіраюць аўтамабіль, пачаў дзейнічаць 24 кастрычніка.
У нашым рэгіёне ад гэтага часу цягам тыдня затрымалі 20 нецвярозых кіроўцаў. Адзін з іх папаўся міліцыі за п’янае кіраванне другі раз за год.
Ашмяны: двое
У Ашмянскім раёне паспелі затрымаць двое кіроўцаў, якія селі за руль нецвярозымі.
– Абодва яны папаліся супрацоўнікам ДАІ ў нецвярозым стане першы раз за год, – заўважыў начальнік Ашмянскага аддзялення ДАІ Андрэй Кіркоўскі. – Цяпер ім трэба выплаціць штраф. Таксама іх пазбавяць правоў кіравання транспартным сродкам.
Валожын: двое
У Валожынскім раёне затрымалі двух кіроўцаў. Абодва сёлета п’янымі за рулём папаліся супрацоўнікам ДАІ ўпершыню, паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар Валожынскага аддзялення ДАІ Андрэй Жудрык.
Вілейка: трое
На Вілейшчыне толькі за выхадныя затрымалі трох нецвярозых кіроўцаў. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Дударчык.
Астравец: трое
У Астравецкім раёне затрымалі трох нецвярозых кіроўцаў.
– Двух затрымалі ўпершыню, трэцяга – другі раз за год, – кажа начальнік Астравецкага аддзялення ДАІ Уладзімір Александровіч. – Адпаведна двум пагражае штраф і пазбаўлення правоў кіравання, а трэцяму – крымінальная адказнасць. Машыну не забяруць, бо пасля ўступлення закона ў сілу гэта першае затрыманне.
Мядзел: трое
У Мядзельскім раёне супрацоўнікі ДАІ затрымалі за тыдзень трох кіроўцаў у нецвярозым стане. Нецвярозымі за рулём сёлета іх спынілі ўпершыню.
– Двое пры сабе мелі дакументы, а трэці – не, – сказаў начальнік Мядзельскага аддзялення ДАІ Вадзім Лёвін. – Адпаведна двум пагражае штраф і пазбаўленне права кіравання, а трэцяму – штраф і забарона займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартным сродкам.
Маладзечна: трое
У Маладзечанскім раёне ў нецвярозым стане затрымалі трох. Такое парушэнне сёлета яны здзейснілі ўпершыню. Пра гэта распавёў дзяржаўтаінспектар Маладзечанскага аддзялення ДАІ Сяргей Бартош.
Смаргонь: чацвёра
У Смаргонскім раёне за гэты час супрацоўнікі ДАІ злавілі чатырох п’яных кіроўцаў за рулём. Усе яны папаліся за кіраванне ў нецвярозым стане ўпершыню за год, удакладніў начальнік Смаргонскага аддзялення ДАІ Генадзь Апанасовіч.
Настасся РОЎДА.
Фота kyivpost.com