I кіпела вада ля дняпроўскае кручы
Лоеўшчына адзначыла 70-годдзе вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
У летапіснай гісторыі лоеўскай зямлі зафіксаваны дзясяткі пераломных этапаў, што суправаджаліся ўзброенымі сутыкненнямі. Але, бадай, самай адметнай і кровапралітнай з бітваў стала супрацьстаянне ў часы Вялікай Айчыннай вайны і выгнанне з малой радзімы лоеўчан нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як адзначылі супрацоўнікі Музея бітвы за Днепр, гарпасёлак Лоеў ачышчалі ад фашыстаў і іх памагатых двойчы. «Генеральнай рэпетыцыяй» канчатковага вызвалення сталі падзеі лістапада 1942 года, калі беларускія і ўкраінскія партызаны, пераправіўшыся праз Днепр, разграмілі нямецкі гарнізон у Лоеве. На працягу ночы на мясцовай плошчы была пабудавана трыбуна, тут устанавілі гукаўзмацняльнікі, а наступнай раніцай, 7 лістапада, пад гукі кастрычніцкага маршу, што перадаваўся па радыё з Масквы, па плошчы цеснымі радамі прайшлі ў парадным страі партызанскія атрады. Затым народныя мсціўцы пакінулі Лоеў: фашысты падцягнулі сюды значнае падмацаванне.
Кастрычнік 1943-га. Невялічкі райцэнтр зноў у эпіцэнтры вызначальных падзей вайны. Шырокае наступленне з фарсіраваннем Дняпра пачалося раніцай 15 кастрычніка на лініі 18 кіламетраў. Нашы воіны на плытах, лодках, а хто і ўплаў у ледзяной вадзе рваліся на ўмацаваны і замініраваны фарпост фашыстаў — высокі правы бераг. Шлях праз суцэльнае пекла з агню і вады пракладвалі добраахвотнікі. У ліку іх — удзельнік фарсіравання дняпроўскага плацдарма ў складзе 106-й Дняпроўска-Забайкальскай стралковай дывізіі Уладзімір Клыга.
— Памятаю, як перад пачаткам наступлення камандзір пастроіў нас, аб’явіў: першым, хто пераадолее Днепр, будзе прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, — успамінае Уладзімір Іўсцінавіч. — Добраахвотнікі — крок наперад. Наша рота ў адзіным парыве зрабіла гэты крок...
Газета «Правда» аб масавым гераізме савецкіх воінаў пры фарсіраванні Дняпра ў тыя дні пісала так: «...Іх цяжка назваць храбрымі, яны звыш-храбрыя». Не адзінкі такіх — 323 чырвонаармейцы і камандзіры за праяўленыя мужнасць і гераізм удастоіліся высокага звання Героя. Многія з іх — пасмяротна.
...Вянкі і кветкі ад працоўных калектываў, жыхароў Лоева — да мемарыяла ў цэнтры гарпасёлка у памяць аб тых, хто аддаў жыцці за вызваленне раёна, — адзін з найбольш хвалюючых момантаў юбілейных святкаванняў у райцэнтры. Сёлета тут аднавілі традыцыю правядзення святочных шэсцяў. Тэматыка тэатралізаваных калон увасобіла гісторыю роднага краю. Шчымлівая дэталь — з’яўленне ў калонах школьнікаў, удзельнікаў рэспубліканскай грамадска-патрыятычнай акцыі «Парад пераможцаў» з партрэтамі жыхароў Лоеўшчыны, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Шматколерны «вянок» святкаванняў аздобілі парад пагранічных катэраў, паказальная рэгістрацыя шлюбу, выступленне на цэнтральнай плошчы Ірыны Дарафеевай, гурта «Беларусы», іншых вядомых артыстаў беларускай эстрады і мясцовых самадзейных калектываў і выканаўцаў.