“РГ” узнагародзіла за лепшыя крычалкі
Падарунак пераможцы конкурсу Вячаславу Курбаку ўручае карэспандэнтка “РГ” Аляксандра Парахня. Фота Зоі ХРУЦКАЙ.
Пан Шыманскі атрымаў падарунак ад рэдакцыі і падзяліўся думкамі аб маладзечанскім футболе.На мінулым тыдні рэдакцыя падвяла вынікі конкурсу на лепшую беларускамоўную крычалку.
Панам Шыманскім аказаўся Вячаслаў Курбака, юрыст з Маладзечна. Ён прызнаўся, што дасылаў працы на конкурс не для таго, каб атрымаць падарунак, а таму, што спадабалася яго ідэя.
Падчас размовы з карэспандэнтамі “РГ” спадар Вячаслаў падзяліўся сваімі думкамі пра футбол і не толькі.
– Раскажыце, калі ласка, як пісаліся крычалкі, якія ў выніку перамаглі ў конкурсе?
– Натхненне да мяне прыйшло падчас працы. Хацеў напісаць і болей, задумы былі. Але бракавала часу.
Гэтыя вершаваныя радкі – далёка не першыя для мяне. Раней мае вершы ўжо друкавалі ў газетах.
Паўдзельнічайце
ў новым конкурсе і вы!
Угадай лік матчу “БАТЭ” – “Смаргонь”
і выйграй білет на матч “Смаргоні”!
– Вы бралі нешта за аснову, пішучы свае крычалкі?
– Вядома, гэтыя радкі – не асабіста мае, я напісаў іх на аснове рускамоўных крычалак. Калі рабіць нешта кардынальна новае, то заўсёды ёсць асцярога, што яно не прыжывецца.
Гэта тычыцца не толькі крычалак, але і ўсяго іншага, што можна пабачыць вакол нас. Напрыклад, калі перакладаюць на беларускую вядомыя замежныя песні, яны застаюцца хітамі, бо іх мелодыі ўжо ёсць у нашай памяці. З новым заўсёды больш складана.
– Беларускамоўная падтрымка футбалістаў мае перспектыву?
– Безумоўна! Хто збіраецца на стадыёнах? Гэта часам не столькі аматары футбола, колькі патрыёты свайго горада. Яны хочуць падтрымаць сваё, маладзечанскае.
Беларускасць тут –
магчымасць паказаць, што ў нас ёсць свае традыцыі.
Гэта тычыцца не толькі футбола. Калі схадзіць на матч нашага хакейнага “Дынама” падчас гульні з маскоўскімі ці рыжскімі дынамаўцамі, часам можна не зразумець, хто каго падтрымлівае. Два “Дынама”, а калі і крычалкі на адной мове – то і не адрозніць.
Павінна быць адметнасць, нейкі стрыжань. Наш хакейны клуб мае столькі атрыбутыкі для заўзятараў – шалікі, шапкі, плакаты. Калі б гэта было на беларускай мове, думаю, раскуплялі б гэтак жа актыўна.
“Вельмі цешуся, што маладзечанскі футбол захавалі”
– Цяпер вас часта можна пабачыць на дамашніх матчах?
– Так. І не мае значэння, якое месца займае каманда. Для мяне, як і для многіх, было шокам даведацца, што ў гэтым сезоне Маладзечна можа застацца без футбола. Добра, што нейкім чынам усё наладзілася.
– Як вам новая каманда “Маладзечна-2013”?
– Я не бяруся іх ацэньваць. Гэта зусім маладыя хлопцы, для большасці з іх гульня ў камандзе – толькі першы крок у футбол. Ім трэба сказаць дзякуй, што яны ёсць. У гэтым сезоне высокіх вынікаў чакаць не варта.
Маладзечанскія зялёна-белыя фанаты.
Крыўдна, калі мы церпім паражэнне ад “Нёмана” з лікам 3:0. Але трэба памятаць, што сёлета і самой каманды магло не быць. Добра, што паспелі ўскочыць у апошні вагон.
– Якая футбольная падзея ў Маладзечне вас больш за ўсё ўразіла?
– Вядома, шмат яркіх падзей звязана з “Металургам”. А яшчэ памятаю, як у 2001 годзе маладзечанцы на дамашнім стадыёне перамаглі ў БАТЭ з лікам 2:1. Вось гэта было прыемна!
Тады маладзечанская каманда не дала барысаўскаму клубу заняць першае месца. Тады я яшчэ біўся аб заклад са сваім сябрам, які падтрымліваў мінскае “Дынама”, і перамог.
Трыбуны падчас сёлятняй гульні з Баранавічамі.
Амаль уся сям’я – спартсмены
– Адкуль у вас узнікла такая цікавасць да спорту?
– Гэта пайшло яшчэ з дзяцінства. Памятаю, як бацька браў мяне з сабой на матчы “Металурга”. Мне было гадоў пяць і я мала што разумеў. Але адчуваў, што адбываецца нешта неверагоднае: натоўпы людзей, якія не могуць уціснуцца на стадыён, лаўкі замест сучасных сядзенняў, на якіх няма пустога месца. Атмасфера была непаўторная.
Кожны разумеў, што жыве не проста ў раённым цэнтры,
а ў сапраўдным горадзе сонца.
Пасля хадзіў на матчы ўжо з сябрамі.
– Цяпер ваша жыццё звязана са спортам?
– Спрабую сябе, але не ў якасці гульца. Летась з’явілася ідэя паступіць у вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы суддзяў у Мінску. Хоць па стане здароўя я не вельмі пасую для гэтага. Але пасля некаторых ваганняў я ўсё ж не пайшоў вучыцца.
– Як да такога захаплення ставяцца родныя і блізкія?
– Мая дзяўчына заўсёды была супраць. Калі мы разам глядзім тэлевізар, то я не магу ўключыць ні футбол, ні хакей. А ў выпадку паражэння важна абавязкова сказаць: “Ну што, твае зноў не перамаглі?”.
Пры тым яна ў мяне сама спартсменка – бронзавы прызёр Чэмпіянату Беларусі па гіравым спорце. Па ёй ніколі не скажаш, што яна можа падымаць гіру ў 16 кілаграмаў. Добрыя вынікі мае і ў армрэслінгу.
Звычайна, калі я вяртаюся з матчаў “Маладзечна”, яна спрабуе адгадаць лік. Нядаўна, калі мы перамаглі ў “Лівадзіі”, у яе гэта не атрымалася.
Сёлятняя гульня з Баранавічамі.
– Вашы бацькі таксама звязаныя са спортам?
– Так, мой тата – майстар спорту па боксе, трэнер па дзіцячым хакеі. Але цяпер працуе не па спецыяльнасці. Маці займалася фехтаваннем. Родны дзядзька быў галкіперам. Вось самае галоўнае вы ў мяне не запыталіся: чаму пан Шыманскі?
– Дарэчы, чаму ж?
– У маёй бабулі дзявочае прозвішча было Шыманская. Сама яна з Лебедзева, што на Маладзечаншчыне. Там я нарадзіўся і правёў першыя гады свайго жыцця. Павел Іванавіч Шыманскі – мой продак, які быў вельмі адукаваным чалавекам. Ён меў каліграфічны почырк, таму яго часта запрашалі, каб напісаць дамовы, даверанасці. Да таго ж ён быў у добрых стасунках з лебедзеўскім панам Феліксам Закрэўскім. У мяне захавалася шмат дакументаў і рэчаў з таго часу.
Таму ў каментарах я і стаў панам Шыманскім.
Аляксандра ПАРАХНЯ.