"Маладзечна" святкуе першую перамогу пасля пяці паражэнняў (+фотарэпартаж з матча, каментар трэнера)
"Маладзечна-2013" парадавала аматараў футбола доўгачаканай перамогай з лікам 2:1.
Каманда паклала ў сваю скарбонку яшчэ тры ачкі.
Абодва галы ў вароты "Віцебска" забіў Юры Марціновіч.
Сапернікі пачалі больш актыўна атакаваць на пачатку другога тайма. Адна з атак скончылася паспяхова – віцебчане здолелі скараціць адставанне ў ліку. Але зраўняць лічбы на табло не атрымалася.
Для карэспандэнтаў "РГ" гульню пракаментаваў галоўны трэнер каманды "Маладзечна-2013" Дзяніс Мятліцкі:
– У першую чаргу радуе тое, што мы набралі тры ачкі. І ўрэшце змаглі парадаваць прыхільнікаў футбола. Гульня была складанай, пра гэта я папярэджваў футбалістаў загадзя: з "Віцебскам" мы прыкладна на адным узроўні, бо і ў нас, і ў іх гуляе моладзь. У другім тайме папрасіў дабавіць у гульні, але не атрымалася.
– Гульнёй вы задаволеныя?
– Вынікам задаволены, а гульнёй... Ведаеце, ёсць такая прымаўка: гульня забываецца, а вынік застаецца. Самым галоўным цяпер была перамога пасля пяці паражэнняў. І мы яе атрымалі.
– Сёння абодва галы на рахунку аднаго футбаліста...
– Дарэчы, учора Юра Марціновіч гуляў за другую каманду, якая выступае на першынстве вобласці. І таксама адзначыўся двума галамі.
– Пасля некалькіх паражэнняў запар не ўсе прыхільнікі маладзечанскага футбола працягваюць верыць у вашу каманду. Можа, праз газету хочаце звярнуцца да іх?
– Ведаеце, мы будзем вяртаць іх веру ў каманду не праз словы, а праз дзеянні. Будзем перамагаць і яны зноў павернуцца да нас.
Каментары Дзяніса Мятліцкага наконт сітуацыі ў камандзе чытайце ў наступным нумары "Рэгіянальнай газеты", якая выйдзе ў пятніцу, 12 ліпеня.
Трыбуны паступова запаўняліся цягам матча.
Галоўныя трэнеры віцебскай і маладзечанскай каманд.
Адна з атак у выкананні маладзечанцаў.
Першы гол каманды "Маладзечна-2013".
У цэнтры – аўтар абодвух галоў "Маладзечна" Юры Марціновіч.
Пасля фінальнага свістка фанацкі сектар дзякуе камандзе...
...а каманда ў сваю чаргу дзякуе фанатам за падтрымку.
Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота Аляксандры ПАРАХНІ і Вольгі ЮРКЕВІЧ.