Успаміны валожынца Мікалая Махнача

Источник материала:  
27.06.2013 — Разное

Успаміны пра сваю доўгую пакручастую дарогу жыцця напісаў мой аднакласнік Мікалай Аляксандравіч Махнач, ураджэнец горада Валожын.

Гэта было пры Польшчы. Хадзілі мы ў шосты клас сямігадовай польскай школы (1937-38 навучальны год).

З прыходам саветаў, у 1939-м, 16-гадовым юнаком давялося яму пакінуць родную хату.

Лёсам наканавана было болей у яе не вярнуцца. Цяпер спадар Мікола жыве ў горадзе Вэбстэр, што ў Злучаных Штатах Амерыкі.

Пакуль выйшла толькі некалькі сігнальных асобнікаў успамінаў “Доўгі шлях да свабоды”, якія ўбачылі свет па маёй ініцыятыве і намаганнямі гісторыка і археолага спадара Міхася Міхасевіча Чарняўскага (на вялікі жаль, ужо пакінуўшага нас).

А было так: першы званок з Вэбстэра празвінеў у мяне ў канцы 2010 года. Тады ж, пасля сямі дзясяткаў гадоў, ён сказаў, што выдзяляў мяне як самую сімпатычную з аднакласніц.

Пачалося ліставанне. Кожны ліст быў цікавы. Калі ж прыслаў апісанне, як у час вайны святкавалі Вялікдзень у Італіі, стала ясна, што мой карэспандэнт мае пісьменніцкія здольнасці. З такой высновай пагадзіўся і спадар Чарняўскі, які таксама наладзіў з ім кантакты.

У выніку Мікалай Махнач стаў аўтарам унікальных успамінаў.

Яўгенія ЧАПЛІНСКАЯ,
вёска Літва,
Маладзечанскі раён.

Доўгі шлях да свабоды

Пра бацькоў

Трэба мне вярнуцца назад на гадоў так 86, да 19 снежня 1923 года, у Валожын, дзе я нарадзіўся. Бацькі мае жылі тады на вуліцы Касцельнай.
Бацька, Аляксандр Сцяпанавіч Махнач, нарадзіўся ў Валожыне ў 1884 годзе. Маці, Кацярына Піліпаўна Таўгень, з’явілася на свет у Казельшчыне недзе ў апошняй дэкадзе 19 стагоддзя.


Бацька скончыў трохкласнае народнае пачатковае вучылішча ў Валожыне. Гаварыў чыста па-расейску, па-польску, ну, і па-беларуску, вядома, а яшчэ нядрэнна гаварыў па-яўрэйску.

Як на той час, калі над нашым народам панаваў “из Божей милости” цар Аляксандр 3-ці, мой бацька быў пісьменным чалавекам.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, ён апынуўся ў царскай арміі, у часці сувязі, пры тэлефонах, дзе дасягнуў рангу старшага ўнтэрафіцэра. Па вайне вярнуўся ў Валожын на свае тры гектары зямлі, але больш – ні кала ні двара, а трэба было з нечага пачынаць.

Не ведаю, як там дайшло да спаткання маіх бацькоў, але пажаніліся. У пасаг маці далі зруб на хату, кароўку, нейкага кабанчыка, ну, і, пэўна, пару ці больш курачак. Пабудаваліся на Касцельнай вуліцы, дзелячы двор са сваякамі – сям’ёй Грышчыкаў. Так пачалі мае бацькі гаспадарыць у абноўленай Рэчы Паспалітай.

Праз год у сям’і нарадзілася дачушка, ды хутка амерла. На наступны год нарадзіўся я, якраз на дзень святога Міколы, 19 снежня 1923 года. Вось мяне і ахрысцілі Міколам. Два гады пазней нарадзілася мая сястрычка, Валя.

Бацькі нашы гаравалі, каб неяк пражыць на гаспадарцы, якая была “завялікая, каб памерці, але замалая, каб жыць у дастатку”.

У 1928 годзе бацькі перасяліліся на скрыжаванне цяперашніх вуліц Чапаева і Мічурына, да так званага Рову. Наша сядзіба да вайны была апошняй на левым баку гасцінца, што вёў на Сугвазды.

Школьная пара

Прайшоў час, і ў 1931 годзе я дарос да школы. Аднаго дня бацька кажа маці: “Каця, заўтра схадзі і запішы Колю ў школу”. Пачуўшы гэтыя словы, я спалохаўся, хоць бацька мяне трохі рыхтаваў да школы, вучыў чытаць і пісаць па-польску і па-руску.

Назаўтра раніцай па сняданні я збег з дому і схаваўся на Гузоўшчыне, дзе былі тады агароды, у каноплях, дзе праседзеў некалькі гадзін. Урэшце галодны і з балючай галавой прыйшоў дахаты, дзе мяне чакалі занепакоеныя і разгневаныя бацькі. Прызнаўся, дзе я быў і з якой прычыны. Бацька паглядзеў на мяне гнеўна, урэшце ўсміхнуўся, маці таксама, і абышлося без пакарання. На наступны дзень мяне ўсё ж запісалі ў школу.

Мой першы школьны год пачаўся на вуліцы Садовай, дзе якраз пабудавалі новую школу. Зразумела, навучалі нас толькі на польскай мове. Маёй першай настаўніцай была пані Шаблоўская, якая, памятаю, адносілася да нас, дзяцей беларускіх і польскіх, наколькі гэта было магчыма, аднолькава.

Яна была невялікага росту, кругленькая, як сліўка, і заўсёды ўсмешлівая. Праз два гады ці тры прыйшло няшчасце ў яе хату – неспадзявана захварэў і памёр яе адзіны пяці- ці шасцігадовы сынок.

На яго магілцы бацькі паставілі вялікі помнік – так званы “дуб”, які быў зроблены нашымі сваякамі Хведарам і Сымонам Грышчыкамі. Яны мелі на Касцельнай вуліцы  майстэрню, дзе рабілі гранітныя помнікі – для праваслаўных, каталікоў і яўрэяў.

Палюбіў я школу. Вучыўся нядрэнна. Бацька пільнаваў і, калі трэба было, дапамагаў, сачыў, каб выконваў хатнія заданні. Памятаю, казаў: “Сынок, як прыйдзеш са школы і з’ясі што-небудзь, адразу рабі хатнія заданні, а як закончыш – ідзі гуляць. А як пойдзеш гуляць уперад, дык гульня не будзе гульнёй, бо ўвесь час будзеш думаць, што перад сном трэба яшчэ зрабіць заданні”. Яно так і было, асабліва ў старэйшых класах.

Школа, здавалася, была вялікая і прасторная. Але і вучняў было многа, таму другія, трэція і чацвертыя класы вучыліся ў дзве змены: ад 8-й да 12-й і ад 12-й да 4-й гадзіны увечары. Адзін школьны год і я вучыўся па абедзе.

З кожным годам прыбывала і навукі. Да чытання, пісання, лічэння, спеву і гімнастыкі дабавіліся прырода, гісторыя, геаграфія. Пазней – граматыка і літаратура, арыфметыка, геаметрыя і фізіка. Апроч гэтага, адводзіліся па дзве гадзіны на тыдзень на рэлігію і ручныя заняткі, майстраванне, а дзяўчаты вышывалі і вязалі кручком. Дзяўчаты яшчэ даглядалі  школьны агарод.

Дапамога па гаспадарцы

Як і ўсім сялянскім дзецям, мне і сястры, апроч навукі, трэба было яшчэ дапамагаць бацькам па гаспадарцы – свінням травы нарваць, дроў і вады прынесці, каня запрэгчы, баранаваць і, вядома, пасвіць кароў.

Я, маючы 12 гадоў, і даіць навучыўся. Ды нямала і яшчэ чаго даводзілася рабіць дома і ў полі. З жыўнасці былі ў нас конь, дзве кароўкі, два-тры парсючкі, дзве авечкі, якія на лета аддаваліся ў “пашу”, ну, і каля 20 курэй з пеўнем. І абавязкова кот ці котка.

Мікалай МАХНАЧ, ЗША.
Працяг будзе. Сачыце за нашым сайтам.


←Тройной прорыв

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика