Колькі можна хваліць ідэю? Праект замчышча Агінскага развіваецца 8 гадоў, але застаецца на паперы
Так выглядае адзін з праектаў маладзечанскага замчышча.
У пятніцу, 24 мая, у 17.30 у музычным каледжы імя Міхала Клеафаса Агінскага пройдзе 3D-прэзентацыя праекта турыстычнага комплексу ў раёне замчышча.На мерапрыемства запрошаны старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец.
Па словах дырэктара музычнага каледжа Рыгора Сарокі, старшыня вельмі зацікаўлены ў аднаўленні замчышча.
– 3D-прэзентацыя праекта – першы крок, – кажа спадар Рыгор. – Хочацца, каб і гатэль быў, і возера, і крыніца, адкуль бы людзі бралі ваду. Трэба, каб і крама была, дзе можна было б набыць сувеніры. У Беларусі ёсць Нясвіжскі замак, Мірскі замак, куды прыязджае шмат замежнікаў і дзе заўсёды натоўпы. Чаму б не існаваць і замку Агінскага? Гэта багацце нашай краіны. Цяпер жа даводзіцца глядзець на лысую гару.
Калі будынак разбураны на 80 працэнтаў, то ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, аднаўленню ён не належыць. Таму немагчыма дамагчыся дазволу на рэканструкцыю замка.
– Але самае галоўнае для нас – знайсці інвестараў, якія б далі грошы на аднаўленне замчышча, – кажа Рыгор Сарока. – На прэзентацыі мы пакажам толькі прыблізны праект аднаўлення замка. У гэты праект свае прапановы можа ўнесці кожны зацікаўлены чалавек. Але ў любым выпадку фонд будзе кантраляваць карэкціроўкі праекта, каб замак захаваў культурна-гістарычную спадчыну.
3D-праект рабілі цягам двух месяцаў
За падрабязнасцямі прэзентацыі мы звярнуліся да Мікалая Тамашэўскага, намесніка старшыні праўлення мясцовага дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”.
– У 3D-праекце можна пабачыць усё ў каляровым выглядзе. Там будзе 6 ці 8 слайдаў, на якіх можна паглядзець кожны будынак асобна. А таксама ўявіць, якім можа выглядаць турыстычны комплекс, – кажа спадар Мікалай.
Над 3D-праектам працавала шэсць чалавек. І дызайнеры, і праграмісты, і ландшафтнікі. Каманда распрацавала праект за два месяцы.
Малюнак будынка карчмы, якая некалі знаходзілася тут.
– Мэта прэзентацыі – стварыць агульную карціну новага аб’екта, якой бы ў выніку мог зацікавіцца і сам горад, і інвестары, – кажа спадар Мікалай. – Важна, каб у зямлі ўрэшце з’явіўся гаспадар. І новаму старшыні райвыканкама трэба будзе вырашыць, у чые рукі аддаваць яе. Мы хочам паказаць, што праект – грамадзянская ініцыятыва.
Мікалай Тамашэўскі займаецца тэмай замчышча з 2005 года. Цяпер такі праект, якім яго бачыць спадар Мікалай, дэталёва распрацаваны. Ці будзе ён рэалізаваны на практыцы – усё яшчэ пытанне.
– Кожны са старшыняў райвыканкама, якія былі ў Маладзечне за апошнія гады, хваліў ідэю аднаўлення замчышча, – кажа Мікалай Тамашэўскі. – Кожны яе на словах падтрымліваў. Які вынік ёсць – мы ўсе бачым.
Аляксандра ПАРАХНЯ, Вольга ЮРКЕВІЧ.
Малюнкі забяспечаны Мікалаем ТАМАШЭЎСКІМ.
Чытайце таксама:
17.04.2013.Агінскага пабачаць у галаграме
8.02.2013.Ці дапамогуць шведы аднавіць маладзечанскае замчышча Агінскага?
26.11.2011.Маладзечна. Таямніцы радавога маёнтка Агінскіх
3.12.2010.Замчышча стане папулярным