У рэгіёне засталося 759 удзельнікаў вайны
Колькі ветэранаў ды вязняў канцлагераў жывуць побач з намі?
Як у раёнах нашага рэгіёна будуць адзначаць 9 мая?
АСТРАВЕЦ
У сераду, 8 мая, пройдзе аўтапрабег па месцах баявой славы раёна. Каля кожнага помніка пройдзе мітынг.
У чацвер, 9 мая, адбудзецца ўрачыстае шэсце ветэранаў і працоўных калектываў. Пройдзе мітынг каля помніка савецкім воінам і партызанам з ускладаннем кветак і вянкоў.
Падчас свята будуць праходзіць шматлікія спартыўныя спаборніцтвы.
Запланаваны таксама і феерверк.
У Астравецкім раёне жыве 13 удзельнікаў вайны, а таксама 13 вязняў фашысцкіх канцлагераў. Усім ім за 85 гадоў.
АШМЯНЫ
Напярэдадні свята, 8 мая, пройдзе раённая эстафета ад помніка да помніка “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Яе ўдзельнікі будуць выязджаць да ўсіх месцаў пахавання і ўскладаць кветкі.
У дзень свята, 9 мая, у 10.00 у гарадскім парку пачнецца ўрачыстае мерапрыемства “Салют табе, Вялікая Перамога”. Таксама адбудуцца паказальныя выступленні групы кінолагаў смаргонскага пагранатрада. Для ветэранаў у парку будзе арганізаваная палявая кухня.
Пасля ўрачыстага адкрыцця пачнецца канцэрт-віншаванне лепшых школ горада і лепшых творчых калектываў раёна “Нашы песні табе, перамога”.
Пройдуць раённыя спартыўныя спаборніцтвы па падняцці гір, перацягванні каната і валейболе.
Скончыцца свята начной дыскапраграмай для моладзі.
У Ашмянскім раёне 33 ветэраны. Вязняў канцлагераў няма, але ёсць 5 чалавек, якія ўжо паўналетнімі патрапілі на прымусовыя працы ў Германію. Яшчэ 8 чалавек з Ашмянскага раёна апынуліся там у непаўналетнім узросце.
ВАЛОЖЫН
9 мая ў 10 гадзін на плошчы Свабоды адбудзецца мітынг.
У 11 гадзін у раённым Цэнтры культуры пачнецца тэатралізаваная канцэртная праграма “Подзвіг даўжынёй у жыццё” з удзелам вядучых калектываў і салістаў раёна.
У 12 гадзін на плошчы Свабоды будуць частаваць салдацкай кашай.
У 12 і 16 гадзін у кінатэатры “Юнацтва” пакажуць фільмы “Снайпер” і “Белы тыгр”.
У 12 гадзін на стадыёне мікрараёна Сельгастэхніка пройдзе раённы этап Усебеларускага кросу “Перамога”.
У 15 гадзін на дзіцячай пляцоўцы ў гарадскім парку пачнецца забаўляльная праграма для дзяцей і падлеткаў.
У Валожынскім раёне жыве 89 ветэранаў і 92 вязні канцлагераў.
ВІЛЕЙКА
У Вілейцы Дзень Перамогі пачнуць святкаваць а 11 гадзіне раніцы. Віляйчане ускладуць кветкавыя вянкі да помніка, затым людзі разам з духавым аркестрам пашпацыруюць на цэнтральную плошчу. Там будзе канцэрт, салдацкая каша і гандлёвыя палаткі.
У Вілейскім раёне пражываюць 124 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 24 інваліды вайны, а таксама 100 былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых мясцін прымусовага ўтрымання.
МАЛАДЗЕЧНА
Урачыстая праграма ў Маладзечне пачнецца а 10 гадзіне.
Парад з удзелам спартсменаў і ваеннага аркестра пройдзе на Цэнтральнай плошчы. Пасля шэсце рушыць у парк Перамогі, дзе пройдзе ўрачыстае ўскладанне кветак. Праграма прадоўжыцца ля брацкай магілы на вуліцы Драздовіча. А 11-й гадзіне там пачнецца мітынг. Прысутных павітае старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец.
Недалёка ад месца мітынгу будзе працаваць палатка, у якой будуць частаваць салдацкай кашай. А ў парку пачне сваю працу цір.
Удзельнікаў вайны ў Маладзечанскім раёне 348, былых вязняў – 211, з якіх 187 былі непаўналетнімі.
МЯДЗЕЛ
Мітынг пачнецца ў 10.00 на плошчы Шаранговіча. Потым яго ўдзельнікі ўскладуць кветкі на брацкую магілу. Святочны дзень у Мядзеле скончыцца канцэртам.
У Мядзельскім раёне 40 удзельнікаў вайны, 10 інвалідаў вайны, 6 працаўнікоў тылу, 1 вязень канцлагера, 1 жыхарка блакаднага Ленінграда.
СМАРГОНЬ
У Смаргоні свята пачнецца а 11 гадзіне раніцы. Як паведаміла сакратар раённага савета ветэранаў Тамара Танкевіч, за кожнай арганізацыяй замацаваны ветэран, якога будуць віншаваць.
Цяпер у Смаргонскім раёне засталіся 72 ветэраны і 20 вязняў канцлагераў.
Зоя ХРУЦКАЯ, Аляксандра ПАРАХНЯ, Вольга ЮРКЕВІЧ, Алесь ВЫСОЦКІ, Настасся РОЎДА.