Запрашаем у аграгарадок Гарадок! А па дарозе гляньце на "жонку Бэтмана"
Старшыня беларускага добраахвотнага Таварыства аховы помнікаў, гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Фота Зоі ХРУЦКАЙ.
Як не дапускаць недарэчнасці ў шыльдах, распавёў старшыня Таварыства аховы помнікаў.Жыхарам горада, якія апошнія некалькі тыдняў маглі прапанаваць свае назвы для 21 вуліцы Маладзечна, карысна было паслухаць лекцыю старшыні беларускага добраахвотнага Таварыства аховы помнікаў, гісторыі і культуры Антона Астаповіча.
На сустрэчы, якая прайшла ў чацвер, 25 красавіка, маладзечанцы абмеркавалі тое, як назвы, якія нас атачаюць, уплываюць на стаўленне да нацыянальнай культуры.
Спадар Антон адзначыў, што ў Беларусі цяпер налічваецца 5500 аб’ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У іх лік уваходзяць не толькі архітэктурныя збудаванні, але і набыткі культуры: напрыклад, народныя абрады.
– Пры гэтым ад намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка паступіла прапанова скараціць гэты спіс, – зазначыў Антон Астаповіч.
Пад аховай дзяржавы знаходзяцца шэсць помнікаў Леніну. Усе яны набылі гэты статус дзякуючы імёнам аўтараў – напрыклад, Заіру Азгуру ці Анатолю Анікейчыку.
У суседняй Польшчы, якая ўтрая большая за Беларусь, такі статус маюць больш за 67 тысяч адзінак.
Вілейская суполка – узорна-паказальная
У справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны надзвычай важную ролю адыгрываюць менавіта мясцовыя суполкі Таварыства аховы помнікаў. Антон Астаповіч ацаніў дзейнасць суполак у нашым рэгіёне.
Вілейскую суполку, кіраўніком якой з’яўляецца Дзяніс Канецкі, ён назваў узорна-паказальнай.
Дзейнасць мядзельскай і маладзечанскай блізкая да нуля. Падобная сітуацыя ў Ашмянах і Смаргоні – там суполкі практычна не існуюць.
На Валожыншчыне добраахвотная дзейнасць існуе дзякуючы намаганням Алеся Белага. У Астраўцы суполцы дапамагае Алесь Юркойць, але з-за будаўніцтва ў раёне атамнай электрастанцыі ўся ўвага мясцовага насельніцтва пераключылася на іншыя праблемы.
Захаваць помнік можа кожны
Любы гістарычны будынак, нягледзячы на свой узрост і вартасць, можа быць зруйнаваны, калі ён не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Кожны зацікаўлены чалавек можа падаць прапанову на наданне такога статуса. Для гэтага неабходныя наступныя дакументы:
1) Схематычны план размяшчэння будынка, на якім відаць навакольныя пабудовы.
2) Некалькі фотаздымкаў фармату 10 на 15 см, якія дапамогуць ацаніць яго знешні выгляд з розных бакоў.
3) Тлумачальная запіска, якая абгрунтоўвае неабходнасць надання статуса.
Дакументы трэба дасылаць у Міністэрства культуры.
Важна памятаць, што ўвесь час разгляду заявы, які можа расцягнуцца на некалькі месяцаў, аб’ект часова лічыцца помнікам культуры і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы.
Важна не толькі дбаць пра захаванне помнікаў, але і пра афармленне іх юрыдычнага статуса. Так, камень “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі”, які з’явіўся ў Маладзечне пры Генадзю Карпенку, падчас падрыхтоўкі да “Дажынак” законна мог быць выкінуты на сметнік. А ўсё таму, што гаспадар не паставіў яго на баланс.
Шыльды павінны стварацца з розумам
– Вядома, і мова, і літаратура адыгрываюць важную ролю ў жыцці чалавека, – гаворыць Антон Астаповіч. – Але ж чалавек фарміруецца і ў візуальным асяродку, таму варта зважаць і на архітэктуру, і на назвы. Наш так званы “аграгламур” забівае ўсё візуальнае. Змяняецца нават культурны ландшафт у тэрмінах. Модна стала называць усё аграгарадкамі. А чаму не назваць мястэчкам? На Маладзечаншчыне смешная сітуацыя была – на шыльдзе неяк было напісана “Аграгарадок Гарадок”. Потым, праўда, яе замянілі.
Недарэчнасці сустракаюцца не толькі на шыльдах, але і на помніках. У прыватнасці, на мемарыяле партызанскай базы ля вёскі Талуць Вілейскага раёна ёсць надпіс аб тым, колькі ахвяраў пахавана на гэтым месцы. Сярод такіх нацыянальнасцяў, як беларусы, рускія, палякі, пазначаны і наступныя: “прочие – 2 человека”.
– У 1995 годзе гэта было маё геаграфічнае адкрыццё, – усміхаецца спадар Антон. – Я адкрыў новы народ – “прочие”!
Дзіўнае з’яўляецца не толькі ў надпісах. Некаторыя аб’екты атрымліваюць і “народныя” назвы.
Як расказаў Антон Астаповіч, толькі ў Маладзечне ёсць помнік “жонцы Бэтмана” – так называюць стэлу на ўездзе ў горад.
– Такую назву я чуў нават ад высокапастаўленых чыноўнікаў, якія прыязджалі на “Дажынкі”, – падкрэсліў старшыня таварыства.
Аляксандра ПАРАХНЯ, Зоя ХРУЦКАЯ.