“Рэгіянальнай газеце” – 18 год

Источник материала:  
26.04.2013 — Разное

Настаўніца маладзечанскай СШ №5 Святлана Грыб паказвае вучням 4 “Б” класа артыкул пра “Шталаг-342” у мінулым нумары “Рэгіянальнай газеты”. Самі вучні школы, а таксама ўдзельнікі клуба “Пошук” неаднаразова станавіліся героямі публікацый. Спадарыня Святлана прызнаецца, што ў яе сям’і газету чытаюць ад самага пачатку яе існавання.

На першай старонцы маладзечанскай “Рэгіянальнай газеты” чытаем загаловак: “Чакаецца ўздым захворванняў на грып, але не эпідэмія”.

І яно выглядае неяк так … нязвыкла. Бо мы ж вядзём размову пра недзяржаўную газету. А сярод недзяржаўных газет не так ужо мала тых, што напісалі б і пішуць нешта накшталт: “Рэжым давёў народ да эпідэміі грыпу, якая яшчэ не пачалася, хаця сёння-заўтра абавязкова пачнецца”.

Але гэта “Рэгіянальная газета”, на мой погляд, – адна з найбольш прафесійных і прыстойных газет у краіне. Тут пішуць і пра палітыку, і пра эканоміку. Тут не адмаўляюцца ад сенсацый – калі яны ёсць на самой справе. І не прыдумляюць іх дзеля барацьбы за дэмакратыю, калі іх на самой справе няма. Бо ў рэдакцыі ведаюць: кожная “страшылка” адбіваецца на жыцці іхніх суседзяў, знаёмых і блізкіх. А блізкія тут амаль усе, бо за абыякавым словам “чытач” журналістам выразна бачныя постаці тутэйшага люду, з якім прыйдзецца кожны дзень сутыкацца на вуліцах Маладзечна, ці Смаргоні, ці Астраўца…

Астатнія загалоўкі толькі пацвярджаюць такі падыход: “Амкадор-Унікаб” адчыняе новы цэх”, “Галоўны доктар Ашмянскага раёна: Эпідэміі менінгіту ў Ашмянах няма”, “Праезд на прыгарадных цягніках падаражэў на 17 працэнтаў”, “Кіраўнік свінагадоўчага комплексу падазраецца ў крадзяжы амаль ста свіней на суму больш за 200 мільёнаў рублёў”…

То бок, мы маем усе прыкметы сур’ёзнага інфармацыйнага тону: калі падаражэў, дык падаражэў. А калі няма, дык і няма – усё проста.

І так было заўсёды, з першага дня існавання “Рэгіянальнай газеты”, якая выйшла 28 красавіка 1995 года з намерам аб’яднаць інфармацыйную прастору рэгіёна, які ўключае ў сябе чатыры раёны Мінскай вобласці і тры раёны Гродзенскай. Маюцца на ўвазе Маладзечна, Вілейка, Смаргонь, Ашмяны, Валожын, Мядзел, Астравец.

Газета рэгулярна выходзіць кожную пятніцу на 24 старонках і мае сваю абноўленую інтэрнэт-версію – важную крыніцу не толькі інфармацыі, падрыхтаванай журналістамі і яе пазаштатнымі аўтарамі, але і таксама крыніцу рэкламы і месца публікацыі аб’яў з усяго рэгіёна. Аснова палітыкі газеты: “Мы працуем для людзей, якія з павагай ставяцца да мінулага, з надзеяй глядзяць у будучыню, а сваё сёння будуюць самі”.

Гартаючы старонкі, бачу матэрыялы па самых розных раздзелах, якія не могуць не прыцягнуць увагу людзей, што сваё жыццё будуюць самі. Напрыклад, раздзел эканомікі змяшчае паведамленні пра тое, як важна, каб арыентавацца тут і сёння: “Змяняюцца ўмовы разліку пры гандлі”, “Квіткі на Вільню падаражэюць на 45%”, “З новага года павышаюць цэны на сувязь”, “З новага года павысяцца тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі”, “Мінімальны заробак павялічыцца на 400 тысяч з новага года”, “Рыбны кірмаш у Маладзечне, Вілейцы і Валожыне”…

Дарэчы, газета змяшчае не толькі паведамленні, але і каментары: як яно ўсё адаб’ецца на жыцці землякоў? Ніхто не ўпрыгожвае жыццё рэгіёна, але ніхто і не робіць яго горшым, чым ёсць. Можа, толькі такі падыход і можна назваць: гаварыць праўду?

Немагчыма адарвацца ад матэрыялаў па раздзелу  “Гісторыя”. Адны толькі загалоўкі прымушаюць прыпыніцца і чытаць: “Як шляхта Каляды спраўляла”, “Касцяневічы. Таямніца забойства сястры Максіма Танка”, “Зніклыя скарбы Напалеона. Таямніца возера Вула (1812-2012) ля Вілейкі”, “Як было “за палякамі”, “Кім быў і ёсць Янка Купала для нашай сям’і”, “Творчасць Наталлі Арсенневай – набытак Беларусі”…

Рэдка хто не дачытае да канца, напрыклад, гісторыю скарбаў Напалеона, выкладзеную спецыяльна для “Рэгіянальнай газеты” кандыдатамі навук  Валянцінам Ількевічам і Анатолем Сцебу­ра­кам: “Напалеон і асноўныя часці войска напрыканцы лістапада 1812 года праходзілі па Вілейскім павеце праз Стайкі, Ілью, Латыгаль і Селішча (у апошнім населеным пункце ў 2005 годзе было знойдзенае буйнейшае пахаванне французскіх жаўнераў, што стала яшчэ адным сведчаннем трагедыі французскай арміі на дарогах Вілейшчыны). А рэшткі войска праклалі шлях па поўначы Вілейшчыны ў бок Смаргоні праз Даўгінава і Ардзяю. Магчыма, з гэтымі менш прыкметнымі часцямі рухаліся і “скарбы Напалеона”.

А далей пра тое, як шмат хто шукаў тыя скарбы, а адзін са знакамітых старшыняў тутэйшых калгасаў нават спрабаваў асушыць возера Вулу, але памёр, не давёўшы справу да канца. А ўспаміны землякоў пра славутую паэтку Наталлю Арсенневу, Максіма Танка…

Чытаеш і разумееш: гэты край мае сваю непаўторную гісторыю, якой і ганарацца журналісты, і рэдактар.

Калі казаць пра якасць матэрыялаў, дык яны, у большасці, адпавядаюць тэрміну “моцна зробленыя”. Ёсць пэўны, вельмі прафесійны ўзровень якасці, ніжэй за які журналісты не апускаюцца.

І яшчэ адна асаблівасць газеты: яна выдаецца цалкам на роднай мове – мове  некалькаванай, сапраўднай, прыгожай! Мове, якой аўтар зайздросціць, сам пішучы пераважна на рускай. І перад тымі, хто піша на ёй, здымае капялюш, бо сам так не можа.

Анатоль ГУЛЯЕЎ, медыякрытык, “Тут і сёння”, студзень 2013.

←«Символ Победы»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика