Як даць новае жыццё непатрэбным кнігам?
Пытанне, што рабіць з прачытанымі і праз гэта непатрэбнымі кнігамі рэгулярна ўзнікае ў кожнага чалавека.
Але не ў кожнага рука падымецца выкідаць іх ці здаваць у макулатуру. Ёсць і іншы варыянт – напрыклад, здаць кнігі ў букіністычны аддзел кніжнай крамы. У маладзечанскай краме такімі кнігамі займаецца прадаўшчыца Таццяна Мучынская.
Што можна знайсці на паліцах букіністыкі?
– Здаць кнігу ў букіністычны аддзел проста, – распавядае прадаўшчыца. – Для гэтага дастаткова прыйсці разам з пашпартам і кнігай у краму. Кошт можна ўстанавіць самому, звяртаючы ўвагу на стан кнігі і актуальнасць яе тэмы. Кніга адразу ж з’явіцца на палічцы крамы і прабудзе там два месяцы. Калі кнігу набудуць – мы патэлефануем гаспадару. 30% ад атрыманай сумы крама пакідае сабе.
Калі ж кніга нікога не зацікавіць, кошт на яе паменшаць, а калі і тады пакупнік не аб'явіцца -- вернуць назад гаспадару.
Вузкаспецыяльную літаратуру, напрыклад, кнігі па медыцыне, прадаўцы раяць весці ў Мінск.
Там ёсць спецыялізаваныя букіністычныя крамы, дзе і кошты ўстановяць вышэйшыя, і кніга хутчэй знойдзе свайго пакупніка.
Асаблівы попыт ёсць на сучасныя раманы і дэтэктывы: кошты на такія ж кнігі ў звычайным аддзеле крамы ў разы больш. Таму кнігі гэтага жанру раскупляюцца хутчэй за іншыя.
Кошты на кнігі ў букіністычным аддзеле часцей за ўсё не перавышаюць 10-15 тысяч.
– Кнігі здаюць па розных прычынах, – заўважае спадарыня Таццяна. – Часцей за ўсё людзі робяць рамонт у кватэрах і разумеюць, што столькі кніг ім не трэба. Пенсіянеры часам хочуць атрымаць нейкую капейку ад продажу. Яны прыносяць тое, што накупілі тады, калі некаторыя кнігі былі ў дэфіцыце. Але часам і мы не можам браць усё. Мы абмежаваныя фізічна: на букіністыку адводзіцца толькі дзве шафы.
У букіністычным аддзеле ёсць і свае пастаянныя пакупнікі. Попыт на такія кнігі ёсць заўсёды. Цікавяцца пакупнікі і вялікімі зборамі твораў аднаго аўтара.
– Бывае, што і за некалькі дзён нічога не купяць, – кажа спадарыня Таццяна. – А нядаўна набылі адразу цэлы збор з васьмі кніг.
“Нясіце беларускія кнігі – на іх ёсць попыт”
Асноўныя кнігі на паліцах букіністычнага аддзела – класіка беларускай, рускай і сусветнай літаратуры. На некаторых класікаў ёсць асаблівы попыт: пакупнікі рэгулярна шукаюць Васіля Быкава, Антона Чэхава ці Вальтэра Скота.
Дарэчы, беларускамоўнай літаратуры ў букіністыцы няшмат.
– Кнігі беларускіх пісьменнікаў трапляюць да нас не так часта, – заўважае Таццяна Мучынская. – Цяпер ёсць Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, але ў рускім перакладзе. Добра ідуць і падпіскі. Сама б я ахвотна набыла сабе першыя тамы падпіскі Быкава, але іх чамусьці не нясуць. Прыносяць толькі апошнія. Тое ж самае з айчыннымі энцыклапедыямі ў другім аддзеле – пакупнікі пытаюцца пра першыя тамы “Беларускай энцыклапедыі” і “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”. Але на нашых паліцах толькі апошнія. Хай бы прыносілі ў букіністыку больш беларускіх кніг, калі некаму яны непатрэбныя.
Непатрэбныя кнігі можна падарыць бібліятэцы
АШМЯНЫ
Калі галоўнае пытанне ў тым, каб аддаць кнігі ў добрыя рукі, а не атрымаць за іх нейкія грошы, то можна зазірнуць у бібліятэкі рэгіёна. Яны ахвотна прымаюць літаратуру ў свой фонд.
У Ашмянах няма букіністычнай крамы, таму для жыхароў раёна гэта адзінае выйсце, калі яны не хочуць выкідаць кнігі на сметнік.
– Мы прымаем усе кнігі, якія нам прыносяць, – кажа дырэктар Ашмянскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Марына Белавус. – Проста рука не падымаецца іх выкідаць! Удзячныя кожнаму, хто вырашыў занесці кнігу да нас. Абмежаванняў па году выдання ў нас няма: бываюць і старыя кнігі, але калі мы ўпэўненыя, што іх дакладна будуць чытаць. А ёсць новыя, аўдыторыя якіх вельмі абмежаваная. Таму на год мы не зважаем.
У кожнай бібліятэцы ёсць спецыяльная фондавая камісія, якая вырашае, куды накіраваць кнігу. Камісія вызначае значнасць кнігі, яе магчымы кошт, попыт на літаратуру такога жанру, глядзіць, ці ёсць ужо нешта падобнае ў фондах.
– Мы звяртаем увагу на змест, – дадае спадарыня Марына. – Важна, каб ён не быў маральна састарэлым. Напрыклад, савецкая партыйная літаратура не будзе цяпер карыстацца попытам. У асноўным гэта тычыцца грамадска-палітычнай літаратуры.
Асабліва ахвотна бібліятэкі прымаюць тыя кнігі, якія ўваходзяць у школьную праграму.
Яны дакладна не будуць пыліцца на паліцах. Напрыклад, на Ашмяншчыне попытам карыстаецца навуковая эканамічная літаратура: па яе звяртаюцца навучэнцы мясцовага аграрна-эканамічнага каледжа. Таму кнігам па бухгалтарскім уліку ў бібліятэцы заўсёды рады.
Існуе ў бібліятэках і дэпазітарны фонд – тыя кнігі, якія не выстаўляюцца для агульнага карыстання, але захоўваюцца ў спецыяльных пакоях. Між раённымі і абласнымі бібліятэкамі пастаянна вядзецца абмен, таму кнігі на палічках затрымліваюцца не часта. Да таго ж бібліятэка можа перадаваць кнігі ў мясцовыя ўстановы.
– Мы часам аддаём кнігі ў месцы абмежавання волі, у вайсковую частку, – гаворыць спадарыня Марына. – Гэта нашмат лепш, чым выкідаць іх.
Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота Аляксандры ПАРАХНІ.