Як мы шукалі ў крамах воцат, парасон і станік

Источник материала:  
21.02.2013 — Разное

Мы прайшліся па гандлёвых радах у пошуках тавараў з адметнымі беларускімі найменнямі. Каб зрабіць эксперымент разнастайным, мы выбіралі прадукты, мэблю, канцылярскія тавары і адзенне.

Напярэдадні Дня роднай мовы карэспандэнты “Рэгіянальнай газеты” высветлілі, ці гатовыя прадаўцы маладзечанскіх крамаў да беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці.

Размовы з “перакладчыкам” і без

Першым пунктам нашага прыпынку стала крама з бялізнай. Мы звярнуліся да прадаўшчыцы па дапамогу – хацелі знайсці прыгожы сіні станік. Жанчына не зразумела, што мы шукаем, і перапыталася: “Сіні... што?” Нечакана на дапамогу прыйшла незнаёмая пакупніца: “Бюстгальтар”.

Такім чынам, пры дапамозе “перакладчыка”, мы высветлілі, што бялізны неабходнага нам колеру ў краме няма. Але тое, што слова “станік” – звычайнае для некаторых маладзечанцаў, вельмі парадавала.

Цікавая суразмоўца сустрэлася нам у мэблевай краме. З мэтай як мага больш заблытаць прадаўшчыцу, мы звярнуліся з пытаннем: “Ці можна ў вас падабраць канапу і дыван у тон, ружовага колеру?”

Але заблытаць жанчыну ў нас не атрымалася: за канапай яна накіравала нас у залу мэблі, а за дываном – у аддзел дываноў. Прадаўшчыца паказала ўсё, што ёсць ружовага ў краме, і пры гэтым імкнулася адказваць таксама па-беларуску.

Па дарозе сустрэлася нам і галантарэйная крама. У ёй мы вырашылі пашукаць дзіцячы парасон. На пытанне “дзе ў вас парасоны?” прадаўшчыца сталага ўзросту адказала: “Зонтики на нижней витрине”. На пытанні аб кошце, памеры і колеры яна таксама адказвала па-руску.

Падобная сітуацыя была і ў краме канцылярскіх тавараў. Прадаўшчыца без перапытванняў паказала каляровыя алоўкі.

Вяршкі і воцат – прадукты-таямніцы

Больш за ўсё непаразуменняў чакала нас у прадуктовай краме. Спачатку мы накіраваліся ў малочны аддзел, каб набыць вяршкі.

Пытанне “якія вяршкі ў вас самыя тлустыя?” прымусіла прадаўшчыцу глыбока задумацца.

Але адказваць яна не спяшалася – глядзела, у які бок вітрыны мы кідаем позіркі. Пасля паказала нам на тварог і параіла шукаць у гэтым месцы. На пытанне “ці ёсць у вас вяршкі ўвогуле?” яна адмаўчалася. Склалася ўражанне, што прадаўшчыцы было проста няёмка прызнацца, што яна не разумее, пра што ідзе гаворка.

Далей мы пайшлі па воцат. Тут, пасля трохразовага перапытвання і погляду здзіўленых вачэй, нам давялося сказаць па-руску  – “уксус”. Толькі тады маладая прадаўшчыца змагла паказаць нам неабходны тавар.

Ніякіх праблем не ўзнікла ў кандытарскім аддзеле. Такія словы, як “цукеркі” і “печыва”, успрымаліся гандляркамі без здзіўлення.

“Говорите по-человечески!”

Падчас эксперыменту ў галаве ўсплывалі прыклады непаразуменняў з уласнага досведу. Неяк, набываючы маркі на пошце, карэспандэнт “РГ” патрапіла ў непрыемную сітуацыю. Прадаўшчыца і з трэцяга разу не змагла зразумець, што я маю на ўвазе, калі прашу маркі для перасылкі картак у далёкае замежжа. Пасля чарговага перапытвання яна сказала: “Вы можете мне нормально, по-человечески сказать?” Такія сітуацыі складана нават каментаваць.

Быў і выпадак у прадуктовай краме, зноў жа звязаны з вяршкамі. Прадаўшчыца не змагла зразумець, што ад яе хоча беларускамоўная пакупніца. Калі я паказала ёй на вітрыне вяршкі, яна адказала на эмоцыях: “Это вы сливки так называете? Какие же они вершки? Вы бы их ещё нижками назвали…”.

Зусім свежы прыклад – з наведвання салона татуіроўкі ў Мінску. На маю просьбу паказаць завушніцы ў храсток, майстар татуіроўкі пачаў у адкрытую кпіць з маёй мовы, крыўляючы беларускі акцэнт. Набраўшыся цярпення, я моўчкі падышла да касы.

І тут майстар пачаў разлічваць мяне на чыстай беларускай. Як высветлілася, ён проста хацеў праверыць маю рэакцыю і пабачыць, як я пастаўлюся да такой “моўнай агрэсіі”.

Толькі праз пару тыдняў, шукаючы інфармацыю ў інтэрнэце, мне на вочы патрапіўся фотаздымак майстра са сталічнага салона. Аказваецца, маю моўную трываласць правяраў саліст гурта “Зніч” Алесь Таболіч.

Маладое пакаленне дрэнна ведае беларускую мову

Тую выснову, якую мы зрабілі пасля эксперымента, нельга назваць нечаканай. Больш звыклай і зразумелай беларуская мова з’яўляецца для старэйшага пакалення.

Вядома, падчас эксперымента мы адмыслова выбіралі найбольш адметныя беларускія словы, пераклад якіх не мае нічога агульнага з рускім адпаведнікам. Але і рэакцыя на іх была таксама вельмі рознай.

Людзі сталага веку разумеюць мову з усімі яе адметнасцямі, часам і адказваюць на беларускамоўныя пытанні па-беларуску.

Для моладзі ўсё больш складана. Маладыя прадаўшчыцы не толькі не да канца разумелі, пра што ідзе гаворка, але і відавочна здзіўляліся, калі разумелі, што да іх звяртаюцца па-беларуску. Часам паўтараючы адно і тое ж слова па тры разы, мы адчувалі сябе проста іншаземцамі.

Аляксандра ПАРАХНЯ, Наталля ТУР.

Фота nn.ru

Чытайце на гэтую ж тэму:

21 лютага – Дзень роднай мовы

Купляйце беларускае – і атрымлівайце падарункі

←Пока подождем

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика