Што можна купляць на рынку ў маразы?
Гандляры запэўніваюць, што хурма не баіцца маразоў. Санітарныя ж дактары не раяць набываць фрукты і агародніну ў такое надвор’е.
З надыходам моцных маразоў маладзечанцы сутыкнуліся з нязручнасцю: прывычныя гандлёвыя месцы на рынках пустуюць, тавар даводзіцца набываць у крамах.Калі раней рынак для людзей быў асноўным месцам для набыцця тавараў, то цяпер выбар крамаў куды больш шырокі. Але рынак застаецца важнай крыніцай свежых прадуктаў і таннага адзення.
Адразу пасля часовага закрыцця маладзечанскага рынку ў сувязі з марозам у рэдакцыю патэлефанаваў чытач і распавёў пра тое, што з-за гэтага ён не змог набыць кілбасу ў прывычным месцы. Дзверы мяснога аддзела сустрэлі яго надпісам “У адпаведнасці з санітарнымі нормамі мясны павільён не працуе”. Кілбасу на рынку ён так і не набыў.
Павільёны на рынку не працуюць па санітарных нормах.
“Рэгіянальная газета” высветліла, як маразы ўплываюць на працу рынкаў.
Гандляроў больш, чым пакупнікоў
Санітарныя нормы, якія кантралююць работу рынку, аднолькавыя па ўсёй Беларусі. Моцныя маразы могуць адбіцца не толькі на якасці прадуктаў, але і на здароўі гандляроў.
Маладзечанскі рынак часткова апусцеў у сераду, 23 студзеня, калі было 15 градусаў марозу. У гэты дзень перасталі працаваць павільёны з бакалеяй, мясам і рыбай.
Асобныя гандляры ўсё ж не пабаяліся выйсці на працу – на адкрытых гандлёвых месцах з ежы можна было набыць толькі хурму і мёд. Працавалі таксама ледзь не ўсе палаткі з прамысловымі таварамі – штучнымі кветкамі, біжутэрыяй, мяцёлкамі, кнігамі.
Большасць гандляроў адзеннем таксама працавалі, хаця пакупнікам наўрад ці зручна было б прымяраць абноўкі пры –15 градусах. Гандляры былі ў валёнках, грэліся напоямі і, сабраўшыся ў групкі, размаўлялі: іх саміх было больш, чым пакупнікоў.
Рэдкі ганадляр наважыцца выйсці на працу ў моцныя маразы.
У Астраўцы рынак не працуез пачатку студзеня
– Калі казаць пра ўмовы захоўвання прадуктаў пры гандлі на рынку, то тут ёсць свае абмежаванні, – гаворыць Вячаслаў Саковіч, памочнік галоўнага доктара-гігіеніста санэпідстанцыі Астраўца. – На вуліцы садавіну і гародніну забараняецца прадаваць пры тэмпературы ніжэй за нуль. Іншыя тавары – кава, маянэз, крупы – маюць свае ўмовы захоўвання, пазначаныя на маркіроўцы.
Свае тэмпературныя межы мае і праца гандляроў. У халодны перыяд года тэмпература ў павільёнах павінна быць +15-20 градусаў. Калі яна апускаецца ніжэй, гэта стварае небяспеку для здароўя людзей, і павільёны перастаюць працаваць ужо на наступны дзень.
Тыя гандляры, што застаюцца на марозе ў адкрытых гандлёвых пунктах, працуюць на свой страх і рызыку. Санітарныя службы кажуць ім аб сваіх рэкамендацыях, але рашэнне кожны гандляр прымае самастойна.
Тое ж тычыцца і гандляроў, якія прадаюць прамысловыя тавары. Вядома, што маразы не пашкодзяць адзенню ці сельскагаспадарчай тэхніцы. А вось за сваё здароўе кожны з іх адказвае сам.
– Астравецкі рынак не працуе ўжо з пачатку студзеня, – дадае Вячаслаў Саковіч. – Справа ў тым, што ў нас няма крытых павільёнаў. Наш рынак – адкрытае месца, дзе прадаюць у асноўным садавіну і агародніну. Таму гандаль спыняецца тут з надыходам мінусавой тэмпературы. Застаюцца толькі асобныя гандляры, якія прадаюць прамысловыя тавары.
Так цяпер выглядаюць прылаўкі на маладзечанскім рынку.
Ці шкодзяць маразы прадуктам?
– Калі на вуліцы мінусавая тэмпература, лепей не набываць прадукты на рынку, – кажа загадчыца аддзялення гігіены харчавання маладзечанскага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Кугара. – Для таго, каб прадаваць на вуліцы садавіну ці агародніну, тэмпература мусіць быць плюсавой. У моцныя маразы лепш набываць такія прадукты ў крамах ці крытых павільёнах, дзе падтрымліваецца патрэбны тэмпературны рэжым.
Падмарожаныя прадукты нельга назваць шкоднымі для здароўя. У адрозненне ад падгніўшых садавіны і агародніны, яны не ўтрымліваюць штосьці небяспечнае. Затое яны губляюць свае карысныя ўласцівасці.
– У кожнага прадаўца на рынку мусіць быць тэрмометр – як на прылаўку, так і халадзільным абсталяванні, – дадае Таццяна Кугара. – Каб ахвотныя маглі праверыць тэмпературу. Тое ж датычыцца і продажу мяса. Для ахалоджанага аптымальная тэмпература ад 0 да +2 градусаў, для замарожанага – каля –18 градусаў.
Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота Аляксандры ПАРАХНІ.