Вёска, о родная вёска мая!
У Слонімскім раёне ёсць вёсачка Міжэвічы. Авеяная сівымі легендамі, яна кліча нас з далячынь вякоў, каб мы распавядалі пра яе, каб голас наш, як чароўная жалейка, нагадваў вялікім гарадам і маленькім вёсачкам, па якіх яна раскідала сваіх жыхароў, што яна жывая і заўсёды чакае нас, каб сагрэць пад сваім цёплым крылом.
Вёска мае сваё далёкае мінулае, якое, магчыма, дало ёй назву. Існуе шмат легенд пра паходжанне назвы Міжэвічаў, якія людзі данеслі да нас, сучаснікаў. Вось адна з іх. З даўніх часоў паміж Ружанамі і Слонімам знаходзіўся гасцінец, па якім на фурманках дабіраліся людзі з аднаго месца ў іншае. Пасярэдзіне шляху яны звычайна рабілі прыпынак. Так з’явіліся першыя хаткі, з якіх паступова вырасла невялікая вёсачка, якой
Яшчэ адно паданне сцвярджае, што назва вёскі паходзіць ад слова “мяжы”. Узнікла яно, калі на тэрыторыю сучаснай Беларусі прыйшла мангола-татарская навала. Войска ворага рухалася з боку вёскі Збочна на Міжэвічы. Аднак да Міжэвічаў яно не дайшло. Вёска стала мяжой на шляху татараў. Адсюль і назва з’явілася — Міжэвічы.
Грыўда ці крыўда?
У Міжэвічах бярэ пачатак вузенькая і плыткая рэчка Грыўда. Кажуць, што яе назва пайшла ад слова “крыўда”. Ну і сапраўды становіцца крыўдна, што рачулка маленькая, плыткая, а з рыбы — адны краснапёркі ды коўбікі.
А вось легенда пра рэчку прыгожая і трохі сумная. Жылі некалі ў нас хлопец і дзяўчына. Пакахалі яны адзін аднаго, але злыя людзі праклялі іх. Аднойчы, калі маладыя ехалі на конях, раптам адчулі, быццам камянеюць. Яны ператварыліся ў два вялікія валуны. А потым з-пад іх праз нейкі час выцекла маленькая крынічка — сімвал іх вечнага кахання.
Бруілася вада, цякла па каменьчыках і нібыта ўздыхала. І ў гэтым самотным подыху як бы чулася: “Крыўдна, крыўдна...” З таго часу і пачалі раку называць Грыўда.
Галоўнае, каб наша рака не ператварылася ў маленькую крынічку. Хочацца, каб яна заставалася імклівай і празрыстай надоўга.
Марыя НЯЦЕЦКАЯ, аграгарадок Міжэвічы