Вечна агністае “Полымя”
Самы стары літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс Беларусі адзначае 90-гадовы юбілей
З юбілеем калектыў і чытачоў часопіса “Полымя” павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
У віншаванні, у прыватнасці, гаворыцца: “Гэта найстарэйшае літаратурна-мастацкае выданне Беларусі прайшло прыкметны гістарычны шлях і адлюстравала значны перыяд жыцця нашага народа. На старонках часопіса друкаваліся творы класікаў, пісьменнікаў даваеннага і пасляваеннага пакаленняў, якія прынеслі беларускай літаратуры прызнанне ў свеце. Ужо ў новым, ХХI стагоддзі “Полымя” знаёміць чытачоў з лепшымі ўзорамі сучаснай айчыннай паэзіі, прозы, публіцыстыкі, крытыкі і літаратуразнаўства”.
Гісторыя выдання — гэта гісторыя беларускай літаратуры. Але, нягледзячы на свой сталы ўзрост, часопіс працягвае закладзеныя раней традыцыі. Зараз “Полымя” ўваходзіць у склад інфармацыйнага медыяхолдынгу “Звязда” і актыўна супрацоўнічае з маладымі аўтарамі. Услед за такімі творцамі, як Мікалай Чаргінец, Уладзімір Гніламёдаў, Уладзімір Ліпскі ідуць маладыя паэты і пісьменнікі, якія паспелі заваяваць сімпатыі шырокай чытацкай аўдыторыі: Рагнед Малахоўскі, Дзяніс Марціновіч, Мікалай Галавач, Ігар Аўласенка...
Пра тое, што часопісу “Полымя” трэба быць у пастаянным пошуку таленавітых аўтараў і ідэй, на юбілейным вечары ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, гаварыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў.
“У вас такія багатыя традыцыі, — адзначыў ён. — У часопісе публікаваліся нашы народныя песняры Якуб Колас і Янка Купала, а таксама Цішка Гартны, Кузьма Чорны і іншыя вядомыя паэты, літаратары. Зараз няпроста ствараць літаратурна-мастацкі часопіс, паколькі моладзь аддае перавагу іншым крыніцам інфармацыі. Але “Полымя” з яго слаўнай гісторыяй неабходна развіваць, бо гэта трэба і дзяржаве, і людзям”.
Таленавітых аўтараў, грамадска значных мастацкіх твораў, удзячных чытачоў пажадаў часопісу намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч. “Традыцыі выдання ідуць яшчэ з савецкага часу, калі надрукавацца ў “Полымі” было гонарам для літаратараў, — адзначыў ён. — Хочацца, каб і далей вы выконвалі высокую дзяржаўную місію прапаганды беларускай літаратуры”.