Краіна таемных адкрыццяў
Кожная легенда тоіць у сабе нейкую таямніцу і адкрыццё. Колькі неверагодных беларускіх легенд звязана з рачулкамі, крыніцамі, ляснымі дарогамі, камянямі, пагоркамі! Вякамі яны перадаваліся з пакалення ў пакаленне і зараз складаюць скарбонку культурнай спадчыны нашага народа. Такім літаратурным багаццем не кожны народ можа пахваліцца. І наша задача сёння — зрабіць усё магчымае для таго, каб іх захаваць. Конкурс легенд і паданняў пра родны край, які па вашых шматлікіх просьбах мы працягваем у “НГ”, дапаможа гэта зрабіць. Безумоўна, з вашым, паважаныя чытачы, удзелам.
Калі вы ведаеце таямніцы свайго краю, напішыце нам пра іх. Калі не, то спытайце ў дзядуляў і бабуль, суседзяў, знаёмых. Мабыць, побач знойдзецца той, хто зможа расказаць шмат цікавага. Напрыклад, хтосьці раскрые гісторыі назвы свайго аграгарадка ці горада, дзе жыве, або вёсачкі, дзе нарадзіўся. Хтосьці напіша пра тое, чаму лес, што побач з домам, называюць “горкамі”, калі ў нашай краіне гор няма. А некага дагэтуль хвалюе пытанне, чаму Барысаў камень ці Фоціна бяроза стаяць менавіта на гэтым месцы. Лепшыя з дасланых аповедаў з’явяцца на старонках “НГ”. А калі з гэтых твораў народзіцца кніжка, то яна стане добрым спадарожнікам у шматлікіх турыстычных маршрутах, які раскажа пра Беларусь таямнічую, а значыць, прывабную і вельмі прыцягальную.
Адправімся ў краіну таемных адкрыццяў разам!
Напішыце легенду або паданне пра свой родны край і дашліце іх на электронны адрас mara@ng.by альбо на паштовы адрас рэдакцыі з паметкай “На конкурс легенд і паданняў”.
Скарвада У Ашмянскім раёне каля мяжы з Літвой ёсць вёска Бяняны. Мясціны вакол яе маюць розныя назвы. Самая цікавая з іх — Скарвада. Гэта вялікая паляна сярод лесу. Мае надзіва роўную круглую форму. У дыяметры складае метраў сто. Яшчэ адна асаблівасць — даўней на ёй ніколі не раслі дрэвы. Людзі казалі, што на гэтым месцы раней было возера. На ўзгорку стаяў дом, агароджаны высокім плотам, дзе жыла жанчына з дачкой. Возера было вельмі прыгожае, а вада настолькі празрыстая, што можна было лёгка ўбачыць дно. Да возера часта прыходзіла дзяўчына, што жыла непадалёк. Яна гуляла ля возера, пляла вяночкі, купалася. Так ішлі дні за днямі. Але аднойчы вясковы хлопец Янка пайшоў у лес па дровы. Падышоўшы да возера, пачуў прыгожую дзявочую песню, а потым убачыў і саму дзяўчыну нябеснай прыгажосці. Спужаўшыся незнаёмца, яна пабегла дадому, але надоўга пакінула ў сэрцы Янкі ўспамін пра сябе. А калі яны зноў выпадкова сустрэліся, ужо доўга не маглі расстацца. Маці дзяўчыны, дазнаўшыся пра каханне дачкі з вясковым хлопцам, забараніла ёй хадзіць на спатканні. Але прыгажуні ўдалося ўсё-ткі вырвацца з хаты. У роспачы яна кінулася ў ваду. Кінуўся за ёй і Янка. Раптам няведамая сіла пацягнула іх на дно, і яны патанулі. Ад вялікага гора маці паслала возеру праклён і па сваёй варожай задуме патапіла там “скавараду”. “Напіўшыся” мацярынскіх слёз, возера раптам пайшло пад зямлю ў бок вёскі. Зараз на яго месцы стаіць калодзеж з празрыстай, як сляза, вадой. З той пары лясную паляну, дзе раней было возера закаханых, пачалі называць Скарвадой. Вось такая легенда даўно існуе ў нашай вёсцы. Франц ПЯЧКОЎСКІ, в. Бяняны, Ашмянскі раён |