У наступным годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Быхаве

Магілёўшчына рыхтуецца да свята
Прызначэнне Быхава цэнтрам святкавання Дня беларускага пісьменства ў наступным годзе — з’ява невыпадковая. Такім чынам дзяржава аддае належнае багатаму мінуламу гэтага горада, яго слаўнай гісторыі, укладу ў развіццё нацыянальнай культуры.
Сапраўды, з пачатку шаснаццатага стагоддзя на тутэйшай зямлі адбываліся значныя падзеі як ваеннага, так і культурнага характару. У час уладарання тут Рэчы Паспалітай гетман Сапега ператварыў Быхаў у вельмі моцную крэпасць. За дзесяць кіламетраў ад яе знаходзіўся Баркалабаўскі манастыр, які стагоддзем пазней стаў месцам напісання летапісу — аднаго з самых вядомых помнікаў нашага пісьменства.
Шмат гісторыка-культурных здабыткаў назапасіў рэгіён і ў пазнейшы час.
Зараз у раёне актыўна разгорнута падрыхтоўка да маючага адбыцца свята. Намечаны шырокі план аднаўлення будынкаў горада, узвядзення новых пабудоў. Пры раённым выканаўчым камітэце створана грамадская група, у якую ўвайшлі людзі, што валодаюць багатым прафесійным і жыццёвым вопытам. А ён спатрэбіцца для пошукаў і вызначэння варыянтаў арганізацыі і правядзення свята.
Актыўна працуе і арганізацыйны камітэт. Яго дзеянні знаходзяцца пад пастаяннай увагай урадавых органаў і губернатара вобласці Пятра Рудніка, якія і каардынуюць усю падрыхтоўку.