Уся зала спявала стоячы на канцэрце Уладзіміра Александровіча (+відэа)
26.11.2012
—
Разное
“Пакуль я помню, я жыву” – пад такой назвай 16 лістапада ў Палацы культуры прайшоў вялікі канцэрт, у якім прагучалі творы эпохі класічнай эстрады. Выканаўца Уладзімір Александровіч, ураджэнец Маладзечна, – лаўрэат усерасійскіх і міжнародных конкурсаў, саліст музычнага тэатра “Зазеркалье” (Санкт-Пецярбург). Выконваў музыку заслужаны калектыў Беларусі сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Агінскага пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Беларусі, кавалера ордэна Скарыны Рыгора Сарокі.
Спявак запрасіў сваіх сяброў – піяніста Алега Вайнштэйна, артыстаў балета “Бізэ Лізу” з Санкт-Пецярбурга, танцавальныя пары з Ніжняга Ноўгарада, кампазітара з Мардовіі Сяргея Цярханава. І ў выніку яны стварылі яскравы відовішчны праект, масштаб якога цяжка было ўявіць.
На працягу амаль чатырох гадзін удзячныя гледачы спявалі разам з Уладзімірам Александровічам знакамітыя творы з рэпертуару Мусліма Магамаева – сапраўдныя каштоўныя жамчужыны цудоўных мелодый А.Бабаджаняна, А.Пахмутавай. Такія песні, як “Благодарю тебя”, “Не спеши”, “Ноктюрн”, “Чертово колесо”, “Лучший город земли”, “Мелодия”, “Пока я помню, я живу”. Яны выклікалі ў прысутных цэлую гаму разнастайных пачуццяў, удзячнасць і захапленне.
А калі ўспомніць, што менавіта Магамаеў падчас міжнароднага конкурсу вакалістаў у Хельсінкі, дзе Александровіч атрымаў Гран-пры, параіў выканаўцу ўключыць у свой рэпертуар гэтыя творы, каштоўнасць пачутага павялічваецца.
У гэты вечар гледачоў чакалі шматлікія сюрпрызы. Гэта і прэзентацыя з этапамі жыцця нашага земляка, выпускніка Маладзечанскага музычнага вучылішча Уладзіміра Александровіча, шчырае выкананне ім твораў класічнай рускай эстрады, а таксама – прэм’еры песень “Любимая, родная” С.Цярханава, а таксама “Мне тебя не хватает”, “Музыка дождя”, якія былі спецыяльна напісаныя для спевака паэтам Іллёй Рэзнікам і кампазітарам Раймандам Паўлсам.
Цікавым было і выдатнае аздабленне песень харэаграфічнымі “гісторыямі” артыстамі шоу-балета “Бізэ Лізу” (Санкт-Пецярбург) і танцораў міжнароднага класа (Ніжні Ноўгарад). Парадавалі нумары ў выкананні аркестра, сольныя выступленні выдатных музыкантаў-віртуозаў – піяніста Алега Вайнштэйна (Санкт-Пецярбург) і скрыпача Аляксандра Баравіка (Маладзечна).
Відэа Зоі ХРУЦКАЙ.
Нечаканым і таму вельмі прывабным стаў падарунак для маладзечанцаў – “Калыханка для Маладзечна” кампазітара з Мардовіі Сяргея Цярханава, адзінага вучня знакамітага кампазітара Мікаэла Тарывердзіева.
Выдатная праца гукарэжысёра дазволіла перадаць усе нюансы аркестравай партытуры – баланс інструментаў, ясныя тэмбры салістаў, спалучэнні акампанемента і саліста ў шматлікіх апрацоўках, якія спецыяльна для гэтага канцэрта выканаў беларускі кампазітар Алег Хадоска.
Канцэрт патрабаваў ад усіх яго удзельнікаў вялікай напружанай працы, якая працягвалася некалькі месяцаў, затое яны атрымалі такі значны пазітыўны водгук ўдзячнай публікі, што, спадзяёмся, сустрэча ў падобным фармаце адбудзецца ў нашым горадзе зноў.
Яўгенія МАЦКЕВІЧ, выкладчыца Маладзечанскага музычнага вучылішча.