У чаканні наваселляў і прэм’ер
Рэканструкцыя Купалаўскага тэатра і Гродзенскага тэатра лялек завершыцца ўжо да канца гэтага года.
Прынамсі, гэта першапачатковая задача, заявіў міністр культуры Павел Латушка ў Нясвіжы на ўрачыстай цырымоніі з нагоды Дня работнікаў культуры, які ў Беларусі адзначаецца заўтра. А ў наступным годзе павінны завяршыцца рэканструкцыя і будаўніцтва Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, Слонімскага беларускага драматургічнага тэатра і Брэсцкага абласнога тэатра лялек.
З прафесійным святам работнікаў культуры павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. “За гады незалежнасці ў нашай краіне шмат зроблена для захавання гістарычнай спадчыны і ўзбагачэння сучаснай беларускай культуры, якая развіваецца як ніколі актыўна, набываючы сусветнае прызнанне,” — адзначаецца ў віншаванні. Прэзідэнт пажадаў работнікам культуры моцнага здароўя, натхнення, творчых поспехаў, шчасця і дабрабыту.