Карціны студэнта з Лебедзева трапілі ў Траццякоўку
Image 12459 Фота мастака Рамана Семашкевіча. 1930-я гады.
Мастак Раман Семашкевіч у 30 гадоў дасягнуў міжнароднага прызнання. У 37 – яго расстралялі. Гэты мастак з Лебедзева не паспеў закончыць інстытут, калі яго творы набылі Рускі музей і Траццякоўская галерэя. Ён насіў чаравікі, перавязаныя дротам, а ў час студэнцтва ў дзень з’ядаў булачку і флакончык рыбінага тлушчу.Ён жыў адным мастацтвам да таго дня, пакуль яго на вачах цяжарнай жонкі не забрала НКВД. Яго арыштавалі па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Польшчы. Сваякі жылі ў Заходняй Беларусі, і гэтага было дастаткова для абвінавачвання. А праз два месяцы мастака расстралялі.
Маляваў сокам, выціснутым з кветак
Раман Семашкевіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1900 года ў мястэчку Лебедзева ў сялянскай сям’і, у якой было 16 дзяцей. Бацька працаваў у пана садоўнікам. Дзеці з ранняга ўзросту працавалі з бацькам сярод кветак і вялікага сада. Сам хлопчык вырошчваў у аранжарэі архідэі. Вельмі часта бачылі хлопца за маляваннем, а паколькі фарбаў не было, то рабіў свае малюнкі сокам, выціснутым з кветак.
Скончыўшы Лебедзеўскую пачатковую школу, падлеткам пакідае бацькоўскую хату і з’язджае ў Вільню. У 1919-1924 гадах вучыцца ў Віленскай беларускай гімназіі і адначасова займаецца ў мастацкай школе Браніслава Тарашкевіча. Працуе гандляром газет, прымае ўдзел у арганізацыі Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі. З 1924 года член ЛКСМБ.
Баючыся арышту польскімі уладамі, ён сумесна з трыма братамі і сястрой у 1924 годзе нелегальна пераходзіць польска-савецкую мяжу і паступае вучыцца ў Віцебскі мастацкі тэхнікум на скульптурнае аддзяленне, які заканчвае ў 1927 годзе.
У 1927-1930 гадах вучыцца ў Маскоўскім мастацка-тэхнічным інстытуце (ВХУТЕИН) на аддзяленні жывапісу ў Д. Кардоўскага, С. Герасімава, А. Дрэвіна. Вучыўся Раман упарта, хоць даводзілася цяжка. Дапамогі аніякай: бацькоўскі дом – за кардонам. У дзень з’ядаў булачку, выпіваў флакончык рыбінага тлушчу, – гэта ўсё, што ён мог сабе дазволіць на восем рублёў стыпендыі. Але гэта яго не засмучала, ён быў захоплены мастацтвам.
Матрацы ішлі на палотны для карцін
Гравюра “Прачкі на Прыпяці”. Справа знізу подпіс па-беларуску: Семашкевіч.
Вось што піша пра далейшы творчы шлях яго жонка Надзея Васільева: “Яшчэ ў 1930 гадах напярэдадні атрымання дыплома аб заканчэнні інстытута Рускі музей і Траццякоўская галерэя набылі яго работы. Вялікі поспех і шырокі рэзананс мела яго персанальная выстава ў 1931 годзе, на якой было прадстаўлена каля 200 работ алеем і больш за 100 рысункаў”. Удзельнічае ў выставе карцін мастакоў групы “13” (група “13” – гэта назва творчага аб’яднання маладых маскоўскіх мастакоў, выпускнікоў мастацка-тэхнічнага інстытута – рэд.).
За сем гадоў пасля заканчэння інстытута было шэсць персанальных выстаў, плюс удзел у іншых не менш за 2-3 разы на год. Ён падарожнічаў, бываў з персанальнымі выставамі ў Мінску, Петрыкаве, Лепелі.
Падчас гэтай паездкі ён з жонкай гасцяваў у Янкі Купалы, Якуба Коласа, з якімі Раман Семашкевіч вельмі пасябраваў.
“Раман Мацвеевіч жыў, як птушка нябесная, – піша яго жонка Надзея Міронаўна. – Ён не ведаў, што будзе есці, піць, ува што апранацца. Чаравікі яго для моцы былі перавязаныя дротам. Грошай не было, а яму патрэбны быў матэрыял. Падчас у ход для палотнаў ішлі матрацы, любыя кавалкі тканіны, фанеры, кардону, паперы. Работы прадаваліся за невялікія грошы. Акрамя таго, ён быў вельмі добрым, дзяліўся з людзьмі апошнім кавалкам хлеба, любіў жывёл. Нічога ніколі не меў, не прасіў”.
Мастак знік на 50 гадоў
Раман аддаваў сябе жывапісу без астатку. У гэтым ён бачыў сэнс жыцця. У 1932 годзе ён робіць малюнак “Забіраюць арыштаванага”. Гэта што, прадчуванне? А ў 1934 годзе яго арыштоўваюць у першы раз, але праз шэсць дзён адпускаюць.
Другі раз яго арыштавалі ў ноч з 1 на 2 лістапада 1937 года. Яго 24-гадовая жонка на той час была цяжарная. “Я бачыла, як яго арыштавалі, пасадзілі ў чорную “М-1” і павезлі. Больш яго я не бачыла. Раман знік у засценках Лубянкі бясследна”, – піша яна ў сваіх успамінах.
Апячатаны 10-метровы пакойчык камуналкі быў завалены ад падлогі да столі малюнкамі. 19 снежня 1937 года супрацоўнікі НКВД у прысутнасці домакіраўніка, але без панятых і без вопісу, пагрузілі ўсе карціны і павезлі. Засталіся толькі 60 карцін і альбом графікі, якія знаходзіліся ў цешчы.
Надзея Васільева пісала Яжову, Сталіну, Берыі, пракурорам, дэпутатам, спрабавала даведацца пра лёс мужа, карціны. Пошукі былі безвыніковыя. І толькі ў 1940 годзе ёй паведамілі, што была зробленая ацэнка і складзены акт аб перадачы 173 карцін са склада адміністрацыйна-гаспадарчага ўпраўлення НКВД у дзяржфонд – “у даход дзяржавы”. А дзе астатнія?! Але і гэтых не вярнулі.
Праз 50 гадоў, у жніўні 1989 года, ёй стала вядома, што Раман Семашкевіч 20 снежня 1937 года без суда быў прыгавораны “тройкай” да вышэйшай меры пакарання і праз два дні, 22 снежня, расстраляны, быццам за контррэвалюцыйную агітацыю і шпіянаж на карысць Польшчы.
А яму было ўсяго 37 гадоў. У чэрвені 1958 года пасмяротна рэабілітаваны з-за адсутнасці саставу злачынства.
Вось што піша пра творчасць мастака вядомы расійскі даследчык літаратуры і мастацтва Н.Харджыеў у кнізе “История художественной жизни 1920-1930 гг.” (“Советский художник”, 1986 г., стар. 38): “Жывапіс Рамана Семашкевіча адрозніваецца незвычайнай сілай, яркай смеласцю ліній, самых складаных каляровых рашэнняў. Ён быў выдатным мастаком 30-х гадоў 20 стагоддзя”.
Заўвага. Апошняе пісьмо ад жонкі мы атрымалі ў 1995 годзе, дзе яна прасіла прыехаць і забраць у яе астатнія карціны. Аднак загадчык РАНА не даў на гэта згоды. З таго часу перапіска скончылася. На нашы пісьмы, тэлефанаванні ніхто не адказваў.
Пры напісанні выкарыстоўваўся матэрыял, сабраны з дапамогай сваячкі мастака М.І.Адамовіч.
Ганна АТРОШЧЫК, Лебедзева.
Даведка “РГ”. “Надзвычайная тройка НКВД” – орган пазасудовага вынясення прыгавораў, які існаваў у СССР у 1937-1938 гадах, звычайна на ўзроўні вобласці. У склад уваходзілі начальнік абласнога ўпраўлення НКВД, сакратар абкама і пракурор.
Фота з кнігі “Раман Матвеевіч Семашкевіч”.