Пчолка, альбо Вірус Беларушчыны
03.09.2012
—
Разное

Сямнаццаць.. У сямнаццаць, трэба адзначыць, я, хоць і быў яшчэ малалетнім ідыётам, ужо гады 4-5 як быў, што называецца, сьвядомым, нягледзячы на савецка-лукашысцка-расейскамоўнае асяродзьдзе. Разам з апазіцыйнасьцю, якая прыйшла да мяне пасьля сумнавядомых рэферэндумаў-95 і -96, калі я нават сваім дванаццацігадовым мозгам зразумеў, што адбылося нешта ня тое, прыйшла і зацікаўленасьць усім беларускім. У тым ліку і мовай.
Мову я (збольшага) вывучыў хутка, і ўжо ў 14, мяркуючы, што так будзе правільна, спрабаваў размаўляць ёю з аднакласьнікамі, але пачын мой на той момант ніхто падтрымаць ня мог. Я, нідзе не бываючы і ня будучы ні ўва што заангажаваным, наогул ня бачыў аніводнага жывога белмоўнага.
Да сямнаццаці, атрымліваецца, год.
Я так і не даведаўся ейнага імя.
Ведаю толькі, што была яна навучэнкаю коласаўскага ліцэю. Яшчэ яна была дзяўчынка вельмі прыгожая, не зважаючы нават на ўсыпаныя юнацкімі прышчыкамі шчокі.
Як мы пазнаёміліся? А ніяк. Падчас нейкага арганізацыйнага мерапрыемства, якія заўжды спадарожнічаюць правядзеньню школьных алімпіядаў, яна бегала ад аднае купкі хлапцоў-алімпіяднікаў да іншае. Падбягала, знаёмілася (паўтаруся, яна была вельмі прыгожай!), задавала па-беларуску парачку дзяжурных пытаньняў, крышачку (ізноў жа, па-беларуску) распавядала пра сябе і Ліцэй, і, пакуль звычайныя рускамоўныя хлопчыкі прыходзілі ў прытомнасьць ды аддзіралі сківіцы ад падлогі, бегла да іншых.
Не паверыце - абляцела такім чынам практычна ўсю залу з трохзначнай колькасьцю рускамоўных хлапцоў (што паробіш, калі склад фіналістаў-алімпіяднікаў амаль на 100% - мужчынскі), як аблятае ды апыляе грэчкавае поле нястомная пчолка. Падляцела і да нашых, віцебскіх, сярод якіх, крыху пажужжаўшы, літаральна выклікала фурор.
А мне чамусьці ад гэтага відовішча было ніякавата.
"Эй, Серёга, ты это відел?!" - падбягалі потым да мяне ўзрушаныя юнакі зь Лёзна, Дрысьвятаў і Падсьвільля, выкаціўшы вонкі вочы-сподкі (ня ведаю, што было ўва мне такога адметнага, але я быў ці не адзіны ў залі хлопец, да якога "пчолка" чамусь не наважылася падляцець). "Девчонка белорусскім владеет - офігеть!".
Я ж толькі хмыкнуў пра сябе - мне тады здалося, што нязграбных і сутулых хлопчыкаў-выдатнічкаў зь беларускае глыбінкі (зь якіх на 60% складалася нашая, "алімпіядная" публіка), дрымучых кніжных чарвячкоў, якія запраўляюць швэдрыкі ў спартыўныя штонікі і шарахаюцца ад аднакласьніцаў, уразіла ўсё ж не беларуская мова (падумаеш - не суахілі ж, пагатоў, для вяскоўцаў), а факт таго, што да іх раптам праявіла інтарэс прыгожанькая сталічная штучка.
Што менавіта мне не спадабалася ў паводзінах тае дзяўчынкі, я да канца ўсьвядоміў, толькі калі напаткаў у сьвядомай прэсе словазлучэньне "вірус беларушчыны". "Вірус" - слова зь безумоўна нэгатыўнай канатацыяй. У нявінным аблёце рускамоўнае залі мне ў рэшце пабачыўся ледзь не маньяк-сьніданосец, што трэцца па перапоўненых вагонах мэтро і коле інфікаваным шпрыцам сваіх ахвяраў. "Ведай, сука, мы - ёсьць, і, калі мне пашчасьціць, ты станеш адным з нас, а мае праблемы ды пачуцьці - і тваімі таксама". Фантазія ў мяне, канешне, была.. :)
..У прыватнай размове кіраўніца коласаўскага "дэсанту" многа і натхнёна распавядала, якая ў іх установа нефармальная, дэмакратычная і прагрэсіўная. Але паехалі дахаты яны, здаецца, без дыпломаў.