Гісторыя прывідаў Мінска
Горад, які ўзнiк больш за дзесяць стагоддзяў таму, захоўвае нямала таямнiц i загадак
Не толькi госцi сталiцы, але i карэнныя мiнчане ў большасцi сваёй не ведаюць, што па колькасцi прывiдаў “на душу насельнiцтва” Мiнск вытрымае параўнанне са старажытнымi еўрапейскiмi сталiцамi, куды турысты традыцыйна едуць у пошуках мiстыкi.
— Дарэчы, самую вялікую асалоду ад сваёй работы я атрымліваю, калі праводжу экскурсіі па Мінску для мінчан, — расказвае экскурсавод, гісторык Уладзімір Карташоў. — Цікава назіраць, як скептычны выраз твару ў іх паступова змяняецца непадробнай зацікаўленасцю. Тысячы разоў яны прабягалі міма Чырвонага касцёла альбо Дома ўрада, кожны дзень ходзяць па знаёмых з дзяцінства вуліцах — і раптам бачаць свой горад зусім па-іншаму. Звычайна мінчане заказваюць экскурсію па Мінску для дэлегацый гасцей, а самі трапляюць на яе ў якасці суправаджаючых. І потым кажуць: “Трэба заказаць экскурсію для нас саміх, нашага калектыву!” А што датычыцца містыкі... Горад з такой багатай гісторыяй, горад, дзе жылі ў свой час і маці Івана Грознага, і Кацярына Першая, і генерал Скобелеў (рамантычная гісторыя яго стасункаў з мінчанкай Кацярынай Галоўкінай, па адной з версій, мае прамое дачыненне да яго таямнічай гібелі), не можа не мець “сваіх прывідаў”.
Бальнае адзенне
Самы вядомы з мінскіх прывідаў, пані Ядвіга, “жыве” ў Лошыцкім парку. Хоць звычайна незаспакоеныя душы не вылучаюцца дабрынёй, лошыцкі прывід лічыцца добрым. Была пані Ядвіга жонкай гаспадара Лошыцкага фальварка і ўладара “Бровара” Яўстафія Любанскага. Згодна з паданнем, прыгажуня закахалася ў маладога беднага шляхціца. Пра іх сувязь даведаўся муж, а здарылася гэта якраз у дзень 30-годдзя пані Ядвігі. У Лошыцкім фальварку быў вялікі прыём, гаспадыня ў бальнай сукенцы выбегла на бераг ракі Лошы. Што было далей — невядома. Альбо лодка, у якую села пані, перакулілася, альбо жанчына сама кінулася ў ваду. Калі пачалі пошукі, спачатку ўбачылі белы лёгкі шалік на вадзе, а пазней знайшлі і цела — яго вынесла на бераг.
— Я не веру, што пані Ядвіся скончыла самагубствам, — расказвае дырэктар турыстычнага прадпрыемства “Гасціна”, гісторык Ала Барташэвіч. — Яе нашчадкі, якія зараз жывуць у Польшчы, сцвярджаюць, што яна была жанчынай веруючай. Так, яна была вельмі прыгожай — з пышнымі бялявымі валасамі, класічнымі рысамі твару, любіла фліртаваць, але была верная Любанскаму. Яе смерць — проста трагічны выпадак.
Так ці інакш, пахавалі пані Ядвігу ў капліцы, муміфікаванае цела ляжала ў хрустальнай труне, як у вядомай казцы. На месцы, дзе знайшлі цела каханай, пан Любанскі пасадзіў манчжурскі абрыкос — рэдкае дрэва, плады якога нагадваюць сэрца. Капліцы сёння ўжо няма, яе разабралі ў 1930-я, калі будавалі машынна-трактарную станцыю.
А дрэва, што пасадзіў у 1905 годзе пан Любанскі, можна ўбачыць і сёння. Кажуць, што вясной, калі абрыкос зацвітае, вечарам у Лошыцкім парку можна сустрэць прывід пані Ядвісі — сілуэт жанчыны ў белым адзенні. Калі закаханыя не спужаюцца, яна раскажа, якім будзе іх жыццё.
Баяцца толькі дзяўчатам
Зразумела, што прывідаў трэба шукаць у гістарычным цэнтры горада, адзначае Ала Барташэвіч.
Лічыцца, што адзін з іх “жыве” на вуліцы Зыбіцкай, што знаходзіцца ў раёне плошчы Свабоды. Праўда, стары дом, у якім пражывала незаспакоеная душа, быў некалькі гадоў таму знесены і на яго месцы зараз пабудаваны новы. Будынак прызначаны для студэнтаў беларускай духоўнай акадэміі, так што ці заселіцца прывід туды зноў — вялікае пытанне. Легенда ж распавядае, што ў XIX стагоддзі ў тым, што зараз знесены, доме жыў купец, які меў дзвюх дачок і падчарку. Для ўсіх трох дзяўчат купец наняў настаўніка. І яны ў яго, маладога і прыгожага, закахаліся. А ён, згодна з казачнай логікай, абраў падчарку. Сёстры вырашылі адпомсціць шчаслівіцы. Сабраўшыся на баль, яны звязалі сястру і пасадзілі ў падпол. І якраз у той час вада ў Свіслачы паднялася і затапіла падпол. Дзяўчына загінула. Прывід яе пужае толькі маладых дзяўчат, хлопцам не паказваецца.
Пры поўным месяцы
А ў ратушы і скверы каля яе з XVIII стагоддзя блукае прывід Міхала Валадковіча. Багаты шляхціц Валадковіч быў блізкім сябрам Радзівіла, знакамітага пане Каханку. Заўзяты карцёжнік і п’яніца, Міхал марыў увайсці ў склад гарадской рады Мінска і засядаць у ратушы. Аднак за круты нораў кіраўніком яго не абіралі. Нарэшце Радзівіл паўплываў на “айцоў горада”, але і трапіўшы ў ратушу, Міхал сваіх звычак не змяніў. Аднойчы, прайграўшыся ў карты, ён скраў грошы з гарадской казны, што захоўвалася ў ратушы. Міхал трапіў у астрог. Яму пагражала смяротнае пакаранне. Але яго можна было пазбегнуць, калі б злачынца ўсяго толькі папрасіў прабачэння ў святара і пакаяўся. Валадковіч быў настолькі ўпэўнены ў абароне Радзівіла, што горда адмовіўся ад прапановы. І памыліўся. Бо пане Каханку на той час у Мінску не было, а гарадскія ўлады, не паведаміўшы Радзівілу, хуценька расстралялі Валадковіча ў скверы каля ратушы. З тых часоў яго незаспакоены дух пужае людзей пры поўным месяцы.
Белая панна Кальварыйскіх могілак
Старэйшым у Мінску могілкам — Кальварыйскім — афіцыйна 170 гадоў. Але, як сведчаць гісторыкі, на гэтым месцы пахаванні праводзіліся яшчэ ў XV стагоддзі. Зразумела, гэта самае “ўтульнае” месца для прывідаў.
Напрыканцы XIX стагоддзя ў багатай шляхецкай мінскай сям’і раптоўна памерла дачка. Маладую паненку пахавалі ў склепе. На самай справе дзяўчына заснула летаргічным сном і прачнулася ў труне. Выбрацца са склепа яна не змагла і памерла ў пакутах. Вось і блукае прывід па могілках восеньскімі вечарамі, пужае людзей. Лічыцца, што Белая панна адрозніваецца злосным норавам, лепш яе не сустракаць.