План быў у нейкай меры авантурным…
Курсанты Бабруйскага ваенна-трактарнага вучылішча ў 1941-м абаранялі горад на Бярэзіне
Нядаўна на воінскім мемарыяле ў вёсцы Раксалянка Бабруйскага раёна адбылося перазахаванне астанкаў адзінаццаці воінаў, якія загінулі ў чэрвені 1941 года, абараняючы подступы да райцэнтра.
Ёсць меркаванне, што гэта курсанты Бабруйскага ваенна-трактарнага вучылішча, аб чым сведчаць знойдзеныя эмблемы, а таксама ўстаноўленыя імёны двух курсантаў — ураджэнцаў Мінска і Краснадарскага края Яква Левіна і Аляксандра Магіленкі. Яшчэ адно прозвішча прачытана на лыжцы: Рыбалка. Наперадзе карпатлівая работа па ўстанаўленні імён яшчэ васьмі загінуўшых.
Гэта падзея выклікала цікавасць да навучальнай установы, якая бярэ свой пачатак з Асіповіцкага пяхотнага вучылішча, створанага ў 1939 годзе. Годам пазней вучылішча размяшчалася паблізу чыгуначнай станцыі Бабруйск і рыхтавала камандзіраў узводаў для аўтатрактарных часцей Чырвонай арміі. Першы выпуск адбыўся 10 чэрвеня 1941 года — са сцен навучальнай установы выйшла 800 чалавек. З гэтай нагоды 21 чэрвеня адбылося агульнае пастраенне, а на наступны дзень пачалася вайна…
У вучылішчы была аб’яўлена поўная мабілізацыя: увесь асабовы састаў стаў пад ружжо, у раёне ваеннага гарадка рыхтавалі ўчасткі для абароны з акопамі і траншэямі, каля дамоў ваеннаслужачых будаваліся ўкрыцці. Ствараліся баявыя групы для барацьбы з варожымі лазутчыкамі і парашутыстамі.
Абараняць горад камандаванне 4-й арміі даручыла камандзіру 47-га стралковага корпуса генерал-маёру С.І. Паветкіну. Сіл было нямнога: асобныя карпусныя часці, некаторыя падраздзяленні 121-й стралковай дывізіі, дарожна-эксплуатацыйны полк, а таксама батальёны ваенна-трактарнага вучылішча… Акопваліся, рыхтавалі да бою гарматы, кулямёты.
28 чэрвеня вораг быў ля варот Бабруйска, змяў на яго заходняй акраіне берагавую ахову і стаў перапраўляцца праз Бярэзіну… Менавіта тут яго сустрэлі курсанты ваенна-трактарнага вучылішча. Пад камандаваннем малодшага палітрука А.Е. Боўкуна, як указваецца ў данясенні ваеннага камісара вучылішча, нашы воіны некалькі разоў уступалі ў штыкавыя схваткі з гітлераўцамі і адкідвалі іх на ранейшыя пазіцыі. Артылерыйская група, якой камандаваў капітан В.М. Саваян, знішчыла шэсць варожых танкаў. Курсант Ш.А. Леманджава тройчы быў паранены, але сваіх пазіцый не пакінуў, трапнымі чэргамі знішчыў варожы кулямёт і каля дзясятка гітлераўцаў…
Да канца дня 29 чэрвеня групе варожых танкаў, спецыяльна прыстасаваных для пераправы пад вадой, удалося фарсіраваць Бярэзіну на поўнач і поўдзень ад Бабруйска. Аднак нашы воіны пры падтрымцы франтавой авіяцыі і артылерыі змаглі большую іх частку знішчыць і саштурхнулі праціўніка з захопленых пазіцый.
Тым часам са штаба 4-й арміі паступіў загад генерал-маёру Паветкіну: у ноч на 30.06.41 г. захапіць Бабруйск і знішчыць у ім матарызаваную групу праціўніка. Для выканання гэтай задачы адабраць 200—300 курсантаў ваенна-трактарнага вучылішча, узброіць іх звязкамі гранат. Выдзеленым групам уварвацца ў горад з поўначы і поўдня на світанку. Для іх падтрымкі выдзяляецца шэсць танкетак…
Канешне, гэты план быў у нейкай меры авантурным: паспрабуй такой колькасцю людзей і ўзбраення адваяваць горад… Тым не менш ён пачаў ажыццяўляцца. Нашы прарваліся да Бабруйскай крэпасці, але на большае іх не хапіла, пад націскам пераўзыходных сіл ворага курсанты вымушаны былі адысці назад, да ракі.
Тым часам вораг атакаваў на дарожнай развілцы на Магілёў і Рагачоў. Бой быў кароткі, але жорсткі: немцы страцілі нямала тэхнікі і жывой сілы. Марыя Кот і іншыя старажылы вёскі Раксалянка расказвалі, што было шмат забітых фашысцкіх салдат, параненыя ляжалі амаль у кожнай хаце, куды іх заносілі санітары. Нямала і нашых воінаў палегла…
За перыяд з 28 чэрвеня па 7 ліпеня 1941 года, як сведчаць архіўныя дакументы, асабовым саставам вучылішча было знішчана каля тысячы гітлераўскіх салдат і афіцэраў, выведзена са строю вялікая колькасць танкаў, артылерыйскіх гармат, мінамётаў і іншай ваеннай тэхнікі праціўніка. 60 чалавек за праяўленую мужнасць у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі было прадстаўлена да ўрадавых узнагарод.
Дзякуючы такім патрыётам і выспявала наша агульная перамога над ворагам.