Здаровы смех у Аўцюках
Як Каласкі і Калінкі сыпалі жартамі і частавалі “рагатухай” з салбургерам
Ой, і насмяялася ж я ў выхадныя! І, уявіце сабе, на канцэрт Задорнава не хадзіла, КВЗ па тэлебачанні не глядзела. А ўсяго толькі з’ездзіла ў Малыя і Вялікія Аўцюкі Калінкавіцкага раёна. Гэтыя вёсачкі яшчэ сталіцай беларускага гумару называюць. Адкуль такі гонар? Спрадвеку там жывуць вельмі вясёлыя і жартаўлівыя людзі, а з 1995 года яшчэ і Рэспубліканскі фестываль народнага гумару праводзіцца. На сёмае па ліку свята, якое прайшло ў мінулыя выхадныя, прыехала аж 250 удзельнікаў — з розных куткоў Беларусі і нават Украіны. І ўсе — вострыя на язык і трапныя на слоўцы. Нездарма, яшчэ толькі запрашаючы на свята, арганізатары папярэджвалі: “Не парвіце жываты! Не зламіце косці!”
Каласок і Калінка
Ужо па дарозе з Мінска ў Калінкавічы члены журы фестывалю на чале з беларускім пісьменнікам, рэдактарам часопіса “Вясёлка” і завадатарам аўцюкоўскага свята Уладзімірам ЛІПСКІМ сыпалі мясцовымі жартамі і гумарэскамі.
Ідзе аўцюк. А на лбе — вялізны гузак.
— А што такое? — пытаюцца ў яго.
— А няхай не лезуць!
На пад’ездзе да Аўцюкоў гасцей фестывалю прыпыніла мытня. Што яшчэ за мытня такая? Не за мяжу ж, здаецца, ехалі! На пасту — прыбраныя ў нацыянальныя строі Каласок і Калінка — так здаўна называюць жыхароў Аўцюкоў. Сустракаюць гасцей з хлебам-соллю ды патрабуюць пашпарт. І зусім не грамадзянскі. Тут за дакумент — вясёлы жарт ці анекдот. Расказваеш — праходзіш на той бок мяжы.
Смех — за брэнд?
— Ведаеце, у чым каштоўнасць аўцюкоўскага свята? — разважаў па дарозе Уладзімір ЛІПСКІ. — У тым, што фестываль гэты народнага гумару, што жыве ён у сэрцах людзей. Гэта свята можа стаць сапраўдным брэндам нашай краіны.
А чаму і не? Тым больш пасля таго, як у Малых Аўцюках (дарэчы, большых за Вялікія Аўцюкі на сто хат — ці не жарт?!) з’явіўся Музей беларускага народнага гумару. З урачыстага адкрыцця “вясёлай” сядзібы Каласка і Калінкі, якое суправаджалася закладаннем “алеі зорных ног” (дзе вы яшчэ такое ўбачыце?), “прымірэннем” старшынь Малааўцюкоўскага і Вялікааўцюкоўскага сельсаветаў, якія прыехалі пад музыку з “Брыгады” на “запарожцах” у суправаджэнні аховы на квадрацыклах, пілаваннем святочнага бервяна, і распачалося свята.
— Шмат даводзілася адкрываць аб’ектаў, але музей гумару — упершыню, — прызнаўся міністр культуры Павел ЛАТУШКА, які таксама завітаў на свята. — Гэта цудоўна, што мы ўмеем смяяцца. Гумар і сатыра — гэта крыніца культуры, а гэты фестываль — паказчык маральнага здароўя нацыі.
Аўцюкі-дзівакі Як аўцюкоўцы мыюць падлогу? Чаму аўцюкоўцы не ядуць гуркі са слоікаў? Як аўцюкоўцы б’юць масла? |
Рагатуха па-аўцюкоўску
А як у Аўцюках не смяяцца? У музеі ў крывыя люстэркі можна паглядзецца, і на ложку-санях паляжаць, і пакаштаваць аўцюкоўскай гарэлкі, якую назвалі “Рагатухай”. Моц — 40 градусаў з гакам. А гак — яшчэ больш за 40!
Нават стравы ў аўцюкоў “вясёлыя”. На падворку ў Алены ДУЛУБ надта здзівіў салбургер. Можна, канешне, смяяцца, што аўцюкоўцы мовы замежнай не ведаюць. Але тут і самому зразумець мясцовых жыхароў цяжкавата бывае. Слоўцы ў іх яшчэ якія каларытныя! Лісічкі аўцюкоўцы лісянкамі называюць, веласіпед — лісапедам, мост — падковай, а дрэннага чалавека называюць “грэй”.
Шмат дзівацтваў можна было ўбачыць у Аўцюках. І Сярдзючка раз’язджала на кабрыялеце, і конь Ліпскі хадзіў па вёсцы, і козачкі, нібы паненкі на абцасіках, шпацыравалі па асфальце сярод звычайных гасцей фестывалю... Назаўтра прапаноўвалі адведаць аўцюкоўскай юшкі, пабываць у гумарыстычным заапарку, выйграць гусака ці козачку і пасмяяцца ад душы з прыпевак, жартаў удзельнікаў конкурснай праграмы фестывалю. Што там і казаць, аўцюкоўцы павесяліліся на славу.