Знак пілігрыма
Навошта насіць шкаплер?
Лета для католікаў Беларусі — гэта час пілігрымак. Вернікі ідуць пешшу ў Будслаў, Тракелі, Браслаў, Лагішын, Росіцу і гэтак далей. У гэтым спісе месцаў паломніцтваў нельга мінуць вёску Гудагай, што ў Астравецкім раёне, дзе людзі збіраюцца для ўшанавання Маці Божай Шкаплернай. Таму сёння звернем увагу на нашэнне шкаплера — адну з каталіцкіх практык ушанавання Багародзіцы.
Першая ўмова кожнай пілігрымкі — ведаць, куды ты ідзеш. На сваёй жыццёвай дарозе чалавек часта думае, што ідзе да Бога. Здараецца, што мы забываем мэту свайго шляху. Увогуле, чалавек мае ўласцівасць забываць. Хоць мы вызнаём нашую веру, але часам жывём так, як быццам Бога няма. Грэх — гэта перашкода ў нашай дарозе, якая аслабляе жаданне ісці наперад. Аслабляе нашу тугу па Богу. У такім выпадку адсутнасць жадання бегчы ў абдымкі міласэрнага Айца стрымлівае духоўнае развіццё чалавека.
Пілігрым мае быць належна апрануты. Духоўнай вопраткай і знакам пілігрыма з’яўляецца шкаплер. У старажытнасці гэта быў элемент манаскага адзення. Пазней яго сталі ўспрымаць як выражэнне апекі Божай Маці над людзьмі. Зменшаны шкаплер ў форме двух звязаных паміж сабой кавалкаў матэрыялу розныя людзі сталі насіць на сабе, выяўляючы такім чынам сваю веру ў тое, што Дзева Марыя ахінае сваім духоўным плашчом апекі кожнага чалавека, які пілігрымуе да Хрыста. Багародзіца прагне даць нам магчымасць удзельнічаць у шматлікіх ласках свайго Сына, якія згодна з пабожным перакананнем удзяляюцца таму, хто годна носіць шкаплер.
Таксама і ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі з даўніх часоў было прынята ўвасабляць апеку Маці Хрыста над вернікамі як своеасаблівае покрыва, пакроў, якім яна ахінае людзей. Аддаючыся гэтай апецы, хрысціянскі народ не стамляецца паўтараць у сваіх малітвах: “Тваёй абароне аддаёмся, святая Багародзіца...”.
Пілігрым на сваёй дарозе патрабуе ўказальнікаў. Шкаплер — гэта знак Багародзіцы, якая паказвае нам дарогу да Хрыста: дарогу малітвы, частага прыняцця сакрамэнтаў (таінстваў) і канкрэтных учынкаў міласэрнасці для цела і душы. Гэта дарога выканання Божай волі. Толькі той, хто выконвае Божую волю, увойдзе ў Нябеснае Валадарства. Толькі той, хто выконвае Божую волю, можа назваць Багародзіцу сваёй Маці. Выкананне Божай волі — гэта фарміраванне свайго жыцця на ўзор Дзевы Марыі. Пра гэта нагадваюць абавязкі таго, хто носіць шкаплер: пераймаць цноты Багародзіцы i распаўсюджваць Яе хвалу; днём і ноччу насіць на сабе шкаплер; штодзённа чытаць малітву, вызначаную ў дзень прыняцця шкаплера; рабіць добрыя ўчынкі бліжнім.
Дзева Марыя — гэта не толькі прыклад да пераймання, але і нашая чуллівая Маці. Мы бачым у Багародзіцы сваю Маці, якая заўсёды ідзе ў пілігрымцы за Хрыстом: падчас Яго сталення ў Назарэце, на вяселлі ў Кане Галілейскай, шукае Яго ў пілігрымцы ў Ерусалім, стаіць пад крыжам... Такім чынам Багародзіца ўдзельнічае ў ахвяры Збаўцы.
Мы таксама пакліканы ўдзельнічаць у гэтай ахвяры праз прысвячэнне ўласнага сэрца Марыі, што можа выражацца ў пабожным нашэнні шкаплера і з’яўляецца верным і простым набажэнствам да Багародзіцы. Гэтае прысвячэнне дапамагае ўдзельнічаць нам у Любові Бога да Марыі, глыбока злучацца з Найсвяцейшай Дзевай, каб так, як Яна, даць Хрысту нарадзіцца ў нашым сэрцы, разважаць Яго слова і дазволіць Яму дапамагчы нам у дарозе да Неба.