Выйшаў чарговы, восьмы выпуск вершаў маладых паэтаў Міншчыны
Выйшаў чарговы, восьмы выпуск паэтычнага зборніка, у якім змешчаны вершы маладых паэтаў Міншчыны, што напрыканцы мая з’ехаліся на злёт юных талентаў, які даўно ўжо стаў традыцыйным. І не проста — злётам, а сапраўдным паэтычным святам творчай моладзі Мінскай вобласці.
Сёлета, як і ў папярэднія разы, гэты злёт ладзіўся на гасціннай зямлі Лагойшчыны Упраўленнем культуры Мінскага аблвыканкама і мінскай абласной бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. І, зразумела, быў прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, што надало злёту нейкую асаблівую святочнасць і ўрачыстасць. Гэта я адразу адзначыла для сябе, і ў думках была ўдзячная дырэктару мінскай абласной бібліятэкі Наталлі Станіславаўне Чуевай, якая запрасіла мяне разам з нашымі выбітнымі творцамі Галінай Каржанеўскай, Віктарам Шніпам ды Рагнедам Малахоўскім прыняць удзел у рабоце злёта ў якасці кіраўніка цікавага творчага семінара, які адбыўся адразу ж у першы дзень па прыездзе.
Семінарысты — людзі розных прафесій, студэнты і школьнікі, і, вядома, іх далейшы творчы лёс складзецца па-рознаму, але ў той дзень аб’ядноўвала іх адно: талент, дакладней, парасткі таленту, якія адных могуць прывесці да зоркавых паэтычных вяршынь, ну а іншыя проста захаваюць у сваіх сэрцах любоў да айчыннай паэзіі. Тут ужо, што каму наканавана, але ўсё залежыць ад настойлівай працы кожнага над радком, над словам. Гэта разумелі ўдзельнікі злёту і многія ў сваёй творчасці па-свойму захаплялі, таму і вынік быў надзіва плённым — ажно дзесяць пераможцаў! І як жа не назваць тут іх імёны, каго клікала, і, напэўна, будзе і надалей клікаць да творчасці вялікае Слова Янкі Купалы. Гэта — Алесь Емяльянаў (Мінскі раён ), Вікторыя Бепершч з Мядзельскага раёна, Ганна Маляўка са славутай Мікалаеўшчыны (Стаўбцоўшчына), Алена Сяліцкая і Алена Новік з Дзяржынскага раёна, Наталля Кузьміч з Барысаўшчыны, Зінаіда Кірнажыцкая (Клецкі раён), Ярыны Лецка (Мінскі раён), Вольга Паўлюкевіч са Случчыны і Анастасія Андрыянава з Крупскага раёна. Усе яны мелі магчымасць на другі дзень злёту выступіць са сваімі вершамі на сцэне ў знакамітых Харужанцах — цэнтры купалаўскага мемарыяльнага запаведніка, адной з самых маляўнічых мясцін непаўторнага ў сваёй красе Лагойскага краю, які распачаўся наведваннем філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы. Злётаўцы знаёміліся з экспанатамі, а мне ўспамінаўся ліпень 1992 года, калі адзначалася 110-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы, і менавіта тут тады ладзілася надзвычай запамінальнае, прыгожае паэтычнае свята. А недалёка адсюль, у Акопах, дзе калісьці на хутары доўгі час жыла маці Купалы, і дзе ім былі напісаны паэмы “Бандароўна”, “Магіла льва”, драма “Раскіданае гняздо” ды дзясяткі вершаў, шматлікія госці разам з нашымі пісьменнікамі садзілі маладыя дрэўцы... Сваё дрэўца мне выпала тады пасадзіць разам з Ядвігай Юльянаўнай Раманоўскай — пляменніцай Песняра, яно і зблізіла нас надоўга, чым цяпер можна толькі ганарыцца, успамінаючы Ядвігу Юльянаўну, якая доўгія гады так аддана захоўвала і зберагала літаратурную спадчыну свайго Вялікага дзядзькі. Тады, дваццаць гадоў назад, са сцэны ў Харужанцах чыталі свае вершы і многія нашы славутыя паэты, і гэтак жа мне радасна сёння... З той жа сцэны гучалі іншыя, вельмі маладыя галасы, але яны — наш працяг... Іхнія таленты развінуцца і прыгожа ўплятуцца ў вянок нашай неўміручай паэзіі.
На сёлетнім паэтычным свяце ў Харужанцах у паўзах паміж вершамі, якія чыталі маладыя паэты, вельмі мілагучна гучалі песні ў выкананні ансамбля “Шчодрыца” і кожны з удзельнікаў злёту творчай моладзі Міншчыны на ўспамін аб ім атрымаў у падарунак керамічны медалёк з партрэтам Янкі Купалы, на адваротным баку якога значылася: 130-годдзе з дня нараджэння. 1882 — 2012. Дык няхай публікацыя ў сённяшняй “Літаратурнай альтанцы” стане добрым працягам таго свята...
Раіса БАРАВІКОВА
e-mail: myza@ng.by
Па-над Нёманам
Па-над Нёманам аблокі
Белыя плывуць.
Шлях няпросты іх, далёкі,
А яны пяюць.
Песні іх пра луг і поле,
Пра зялёны гай.
Песні іх пра наваколле,
Пра чароўны край.
Хоць няма на Беларусі
Велізарных гор.
Ды затое ганаруся,
Што лясоў шацёр...
Яшчэ Колас і Купала
Гімн зямлі стваралі.
Той зямлі, што любай стала,
Што б там ні казалі.
Па-над Нёманам аблокі
Белыя плывуць.
Як жа можна не спяваць тут?
І яны пяюць...
Ліза ЛІПАЙ,
Уздзенскі раён
Песня Радзіме
Ўзгадаваная сонцам і месяцам,
Ад ліхіх акіянаў здаля,
Белай лябёдкаю, сціплая,
месціцца
Свянцоная росамі наша зямля.
Вэлюмы кожнай вясною
вішнёвыя
Для салаўёў аздабляюць сады.
Бэзавай п’янкасцю ночы маёвыя
Вабяць цябе ў крышталёвасць
вады.
Дзівам не будуць усплёскі
русалчыны,
Багніка ўздыхі ды шал Перуна.
Там, за капліцай, сустрэне нас
замчышча,
А ў курганах спіць сама даўніна.
Можа, таму, ты ўся чарадзейная,
Што боскі адбітак ляжыць на усім.
Белая, чыстая, звонкая, спеўная —
Радзіма, навечна ты ў сэрцы
маім.
Алена СЯЛІЦКАЯ,
Дзяржынскі раён
Дазволь
Дазволь мне пабыць
закаханым,
Пачуццямі закатаваным,
Таміцца ў прыемных пакутах,
Да сэрца твайго быць
прыкутым.
Дазволь, калі ласка, дазволь.
Ты мне даравала натхненне,
Дазволь жа хаця б на імгненне
Пабыць у чаканым палоне,
Трымаць у далонях далоні.
Дазволь, калі ласка, дазволь...
Алесь ЕМЯЛЬЯНАЎ,
Мінскі раён
быць паэткай.
Я голас, позіркі і слых,
Я чалавечых лёсаў сведка,
Я адчуваю ўсё за ўсіх.
Я не магу не ведаць болю,
Кахання ўзлёт не апяваць,
Не маляваць на небе волю
І краты духам не ламаць.
Не маю права не вяртацца,
Знікаць у свеце мар малых,
У снах-ілюзіях застацца,
Схаваць свой шлях у цемры іх.
Зноў лёс падасца дзіўнай кветкай,
У ім імпэт вачэй маіх.
Якое шчасце — быць паэткай
І адчуваць усё за ўсіх!
Бажэна МАЦЮК,
Вілейскі раён