Што выражае пашана да Сэрца Езуса?
У заходнім хрысціянстве вельмі пашыраны культ Найсвяцейшага Сэрца Хрыста, што выклікае ў некаторых людзей непаразуменне. Паспрабуем зразумець, што выражае пашана да Сэрца Езуса, якому ў Каталіцкім касцёле прысвечаны месяц чэрвень.
У біблейскай мове пад сэрцам прынята разумець істоту, сутнасць асобы. Паколькі “Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 16), таму пашана да Сэрца Езуса з’яўляецца знакам пашаны да Божай Любові. Культ Сэрца Езуса пакліканы сфармаваць у нас жаданне пазбягаць граху, а таксама прасіць аб прабачэнні і раскаянні для закаранелых грэшнікаў. Нават тады, калі чалавек перастае любіць Бога, Бог надалей любіць грэшнага чалавека і прагне яго навяртання. Увасабленнем гэтай любові і з’яўляецца Сэрца Езуса. Каб гэтая дарога навяртання была адкрытая для нас, неабходна была ахвяра Хрыста. Культ Сэрца Збаўцы непарыўна злучаны з пашанай да ахвяры Месіі. У Сярэднявеччы вернікі, ушаноўваючы мучэнні Езуса, ахіналі пашанай прабіты бок Хрыста. Гэты культ знайшоў працяг у пакланенні Сэрцу Езуса.
З XVII стагоддзя набажэнства да Сэрца Езуса перастае быць прыватным або тэрытарыяльным і пашыраецца ва ўсім Касцёле. Найбольш гэтаму паспрыялі святы Ян Эд і святая Маргарыта Марыя Алякок. Святы Ян Эд стварыў літургічныя тэксты і творы, прысвечаныя Сэрцу Езуса. Святой Маргарыце Марыі Алякок яўляўся Хрыстос і пажадаў распаўсюджвання культу Найсвяцейшага Сэрца. У 1856 годзе Папа рымскі Пій ІХ уводзіць абавязковае свята Сэрца Езуса ва ўсім Касцёле.
Формы пашаны да Сэрца Езуса наступныя: урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, адмысловыя чэрвеньскія набажэнствы, адлюстраванні і фігуры Сэрца Езуса, “святая гадзіна” — пакланенне Сэрцу Езуса на працягу гадзіны пры выстаўленай Эўхарыстыі ў ноч ці ўвечары з чацвярга на першую пятніцу месяца, практыка “дзевяці пятніц месяца”, Літанія да Сэрца Езуса, “Акт прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса” і інш. Практыку дзевяці пятніц месяца захоўвае той, хто прымае Камунію (Прычасце) як узнагароду за грахі ўласныя і ўсяго свету ў першыя чарговыя дзевяць пятніц месяца. Прыняць Камунію можа той, хто не адчувае за сабой цяжкага граху, калі ж такі грэх ёсць, то неабходна спачатку паспавядацца.
У 1928 годзе Папа рымскі Пій XI выдае энцыкліку Miserentissimus Redemptor, у якой культ Сэрца Езуса супрацьпастаўляе тагачасным няправільным уяўленням пра Бога, звяртаючы ўвагу на тое, што ў найбольш бурлівыя моманты існавання чалавецтва, з пашырэннем ерасіянсенізму, які прадстаўляў Бога не як любячага Айца, а як суровага і нялітасцівага суддзю, Хрыстос аб’явіў народам сваё Найсвяцешае Сэрца — знак любові і спакою.
Культ Сэрца Езуса звязаны з жаданнем чалавека падпарадкаваць сваё жыццё і ўвесь свет Божай волі, каб такім чынам усе маглі ўвайсці ў Нябеснае Валадарства. Пра гэта кажа “Акт прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса”, зацверджаны Леонам XIII, які так любяць прачытваць вернікі ў Беларусі: “Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да Святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, — не толькі вернікам, якія ніколі не адступілі ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі”.
Ксёндз
Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар курыі
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі