СМЕРЦЬ РАМАНТЫКІ

Источник материала:  
10.06.2012 11:26 — Разное

Некалі я прачытаў і запомніў словы прэзідэнта ЗША Франкліна Рузвельта: «Чаго мы павінны баяцца — гэта страху». Нягледзячы на выпрабаванні, якія чакаюць наперадзе планету, яе насельнікаў, у тым ліку і беларусаў, няварта быць запалоханымі песімістамі. Маладым суайчыннікам хочацца пажадаць найперш чалавечай і грамадзянскай смеласці.

Перамагаць страх мяне вучыў бацька: у лесе, дзе нарыхтоўвалі бярвенне або дровы, ён «забываў» ля згаслага вогнішча сякеру. А «ўспамінаў» пра яе толькі праз пару кіламетраў зваротнага шляху: «Бяжы, сынок, прынясі, ды нікога і нічога не бойся!» Прабежкі праз страшны начны лес былі нялёгкім выпрабаваннем для дзесяцігадовага хлапчука, але дапамаглі мне на працягу жыцця не баяцца саноўных і літаратурных цемрашалаў, звычайных падонкаў, адстойваць праўду і справядлівасць. У маленькай паэме «Ён», прысвечанай бацьку, ёсць такія радкі:

У роздуме,

Цяжкім, нязводным,

Выбліскваў, ды хаваўся шлях.

Ён ведаў, што такое —

Годнасць,

Ён ведаў, што такое —

Страх.

 

Глядзеў глыбока і далёка

Жыццём пакручаны прарок...

Як гвалт наноў пачаў галёкаць,

Сказаў:

«Ну, вось і ўсё, сынок...»

Бацька, які юнаком зведаў, што такое сталінскія рэпрэсіі, страціў у ГУЛАГу брата, прайшоў фронт, аддаў астатняе жыццё настаўніцкай працы, шмат чаго пабачыў і перажыў на сваім вяку, адчуў нутром — новае цемрашальства прыйшло надоўга. Так яно і сталася…

Сястрой смеласці ва ўсе часы лічылася рамантыка. У сярэдзіне мінулага стагоддзя яна валодала маладымі душамі. Так, мы былі рамантыкамі, і мне не сорамна за гэта, хоць да нараджэння добрага пачуцця прыклала сваю руку савецкая прапаганда. Асабіста я працаваў у студэнцкіх атрадах на будоўлях Мінска, на цалінных землях Казахстана, спрабаваў плённа выкарыстаць лепшы педагагічны вопыт, калі пасля ўніверсітэта быў настаўнікам роднай мовы і літаратуры, завучам у сярэдняй школе.

У пачатку 90-х у сэрцах беларускіх патрыётаў пасялілася даўно чаканая, велічная, гордая рамантыка свабоды і незалежнасці ўласнай дзяржавы, пра што марылі, за што змагаліся лепшыя людзі краю, мроіў у снах і вершах неўміручы прарок Янка Купала. Столькі было радасных спадзяванняў на вольнае, годнае жыццё! Мой старэйшы сябра, мінскі інжынер-пенсіянер, цяпер кажа: «Калі б тады нехта сказаў мне, у што абернецца наша свабода і незалежнасць, калі б намаляваў аўтарытарную Беларусь, я плюнуў бы яму ў вочы!»

У харвацкім горадзе Дуброўніку на відным месцы госці бачаць выдатныя словы, якія ніколі не састарэюць: «Свабода не прадаецца нават за ўсё золата свету!». Але аказалася, што ў некаторых народаў і яна становіцца таварам.

Чаму ў Беларусі, Расіі, Украіне насельніцтва прадало свабоду за кавалак хлеба, жыве ў страху, застаецца прызвычаеным да штодзённага прыніжэння? Ды па той прычыне, што шмат пакаленняў захоўваюць рабскія гены, што ў хатах і кватэрах пастаянна не было чаго з’есці. Яшчэ я пасля вайны заспеў паўгалодны час. А потым? Успомнім пустыя або крыху запоўненыя нішчымным харчам, шэрымі «шмоткамі» магазіны, вуліцы гарадоў і вёсак з недасяжнай марай савецкага чалавека — панылымі «запарожцамі», «масквічамі», «жыгулямі».

Які тут светлы крытычны розум, якое імкненне да дэмакратыі?! Людзі не ўсведамляюць каштоўнасць грамадска-палітычнай свабоды, ім дастаткова простай і зразумелай — спажывецкай. Дайце нам пажраць, купіць, набыць, прыхапіць! З часу распаду СССР прайшло толькі 20 гадоў. Савецкія людзі, якіх у грамадстве каля 80% (сюды залічваю ўсіх, хто тады скончыў школу), яшчэ не наеліся. Люмпенскае патрабаванне мільёнаў — «Хлеба і відовішчаў!» — застаецца.

А таму імі правіць той, хто на словах стаіць за свабоду і дэмакратыю, а на справе забяспечвае сябе, свой клан і чэлядзь за кошт народа, кіруецца лозунгам: «Каму — бублік, каму — дзірка ад бубліка, гэта і ёсць дэмакратычная рэспубліка!»

На жаль, светлыя мары трапілі ў брудныя рукі розных недавучак, цынікаў, пустадомкаў, а то і проста мярзотнікаў. Расійскі пісьменнік Ю. Кубланоўскі сцвярджае: «После коммунизма — политическое и культурное пространство захватили люди, не знающие, что такое достоинство Родины, не способные ради него на жертву. Ну зачем же быть с ними?»

Сапраўды, канфармізм непазбежна забівае мараль, але дае матэрыяльны, шкурніцкі камфорт. Дзялкі, цынікі, пасрэдныя «спяцы» кінуліся прыслужваць аўтарытарнай уладзе, а большасць грамадзян, каб выжыць, прыстасоўваюцца, трываюць яе. Толькі самыя мужныя і смелыя змагаюцца за свабоду.

Бачанне няпростых палітычных, сацыяльных працэсаў я выказаў на пачатку стагоддзя ў вершы «Адыходзіць эпоха», прысвечаным пісьменніку і сябру Генадзю Дзмітрыеву:

Адыходзіць эпоха...

Дзвярыма не бразне…

Уцякае ад ганьбы,

Ды, маючы нюх,

Зноў на сцэну вылазяць

Тыраны і блазны,

Ставяць той жа спектакль.

Паўтараецца круг.

 

Зноў гульня,

А жыццё адпіхнута на потым,

Зноў салюты грымяць

І растуць міражы.

Як тады,

Несуцешна рыдаюць сіроты,

Як тады,

Праўда б’ецца

На змрочным крыжы…

 

О, эпоха!

А з грэцкае мовы — прыпынак.

Вось і я супыняюся ў скрусе нямой,

Углядаюся ў люд,

У сагнутыя спіны...

Гэты свет, быццам звыклы,

Але ўжо не мой.

Час няўмольны. Адышла савецкая эпоха, адыходзіць у лепшы свет маё пакаленне — апошняе пакаленне рамантыкаў. А дзеці і ўнукі тых, хто ехаў на цаліну, «за туманом и за запахом тайги», выбіраюць іншыя маршруты.

Так, свет знешне і ўнутрана радыкальна змяніўся. Адзінае, што не мяняецца праз стагоддзі, дык гэта палітычнае махлярства, эксплуатацыя простых людзей, прысабечванне чалавечай свабоды і народнага багацця ўладнымі монстрамі, няважна якога кшталту — феадальнага, сацыялістычнага, камуністычнага, капіталістычнага, але заўжды з аўтарытарнай закваскай…

Мяркую, што ўваскрашэння былой рамантыкі не адбудзецца, бо людзі стаміліся ад розных ідэалагічных эксперыментаў, гігантаманіі. Яе змяніў прагматызм. Можа, гэта няблага. Але мне, хранічнаму рамантыку, усё ж не падабаецца і новы лозунг: «Деньги определяют всё!». Штосьці ў ім не так!

Тым не менш, прамежак часу, які адпушчаны чалавецтву Вышэйшай Воляй, яно зможа пражыць параўнаўча камфортна, калі канчаткова не сыдзе з глузду. Расійскі паліттэхнолаг Г. Паўлоўскі пажартаваў над перспектывамі зямлян такім чынам: «Будет весело и страшно!»

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).

←«ХУНТА»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика