НЕ ТЫЯ НАВІНЫ ГЛЯДЗЕЦЬ МЫ ПАВІННЫ
Віцябляніна Дзяніса К. затрымалі ў памяшканні пункта калектыўнага карыстання інтэрнэтам на мінскім чыгуначным вакзале і аштрафавалі за прагляд сайта «Хартыя-97».
Да палітычнай барацьбы
У моладзі апатыя.
Ёй грошы, гулі мець абы,
Нашто ёй звяз ці партыя.
І гэта, мусіць жа, не ўздзіў,
Бо меркаванне цвёрдае:
Палітык ёсць у нас адзін —
І досыць. Мы не гордыя.
Хлапец, студэнт Панас, якраз
Жыў з думкамі вось гэтымі.
На плошчу не хадзіў Панас,
Дзе мітынгі з пікетамі,
Не заклікаў змяніць рэжым
На слодыч дэмакратыі,
Нацдэмам, словам, быў чужым —
Яны яго «не краталі».
Быў для Панаса інтэрнэт
Як кнігаю настольнаю,
І зазіраў у цэлы свет
Ён у часіну вольную.
І выпадкова, мімаходзь
На сайт патрапіў «Хартыі».
«Тут абы-што, — падумаў. — Хоць…
Здаецца, нешта вартае!»
Чытаў да кропак уваччу,
Аж мокрай шыя стала ўся.
Ён краем вуха толькі чуў
Пра ўсё, што там пісалася.
Панас падаўся ў інстытут
З памкненнямі нявіннымі —
Каб «загрузіць» студэнцкі люд
Цікавымі навінамі.
І ўсе сябры яго як бач
Заселі за кампутары.
А ў асяродку быў «стукач» —
Ён з «органам» пагутарыў.
Панаса тут жа ў абарот
Дзядзькі ўзялі суровыя.
— Не разяўляй, хлапчына, рот, —
Сказалі простай моваю. —
Калі даводзіцьмеш гурме
Такую інфармацыю,
Дык месца знойдзеш у турме —
Заткнём у «рэзервацыю».
І там, павер, зусім не рай,
Хоць баланда дарэмная…
А лепш і сам не зазірай
На сайты, што нацдэмныя.
— Ды я ж цікаўлюся — не больш! —
Грамадскімі падзеямі,
Душэўны адчуваю боль,
Што наш народ падзелены.
Я да ўсяго хачу дайсці,
Не выглядаць сляпіцаю.
Займаць патрэбна ж у жыцці
Актыўную пазіцыю.
Выкладчыкі так вучаць нас,
Таму і рад старацца я, —
Тлумачыў «органам» Панас. —
Хіба ж не маю рацыі?
Хоць не чытаю я газет
(Не маю грошай жменю я),
«Белсат» гляджу, і інтэрнэт
Газетам тым заменаю…
— На носе зарубі сабе! —
Маёр к яму з парадаю. —
Глядзі БТ, чытай «СБ»
І слухай наша радыё!
— Дык там жа толькі сум і тлум…
— Тады не трэба ўвогуле!
І каралю ты будзеш кум,
Не ў каталажцы-«логаве»…
Цяпер Панас ніжэй травы,
Навінамі не дзеліцца
І не бярэ да галавы,
Што у краіне дзеецца.
Не лезе ў «Хартыю» Панас,
«Свабоду» больш не слухае:
Бяспечней бавіць вольны час
З папсою ці з парнухаю.
Алесь НЯЎВЕСЬ