Культур чароўны карагод

Источник материала:  
05.06.2012 — Разное

Больш дзвюх тысяч гасцей і ўдзельнікаў сустрэў ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.

Творчыя калектывы трыццаці трох нацыянальнасцей, што прыехалі на свята, маглі замест падрыхтаваных танцаў і спектакляў даць адзін на ўсіх мюзікл “Спяваем пад дажджом”. Аднак за секунды да тэатралізаванага шэсця дождж сцішыўся. Магія захапляльнага дзейства зачаравала жыхароў і гасцей горада над Нёманам. Прадстаўнікоў розных нацыянальных супольнасцей Беларусі сустракалі ўсмешкамі, а многія, захопленыя іспанскім фламенка, венесуэльскім сальса, не ўтрымаліся, каб не станцаваць. У час шэсця падумалася: “Вось яно, сапраўднае прызначэнне фестывалю: каб усе народы Беларусі адчувалі сябе адной сям’ёй”.

Пад “Покрывам міру”

У першы дзень свята на Савецкай плошчы словы прывітання гучалі на розных мовах. “Здоровенькі булы” — так сустракалі ўкраінцаў, “шалом” — яўрэяў, “аяс” — эстонцаў, “буэн дзія” — венесуэльцаў... Мова розных народаў і гукі нацыянальных інструментаў не заглушалі адно аднаго. У непаўторнай музыцы фестывалю была чуваць кожная мелодыя. У гэтым і заключаецца яго задача — сагрэць увагай кожнага ў нашай вялікай беларускай сям’і. Няхай сабе ў ёй нехта любіць дранікі і зацірку, а хтосьці — фаршмак і хачапуры. Адны ходзяць у царкву і касцёл, другія шануюць Магамета або Яхвэ. Рознакаляровы букет нацыянальнасцей робіць кветку беларускай культуры яшчэ больш прыгожай. Як сімвал еднасці, спагады і міру лепшыя майстрыхі абрэзкавага шыцця Беларусі сшылі “Покрыва міру”. Паўдзельнічаць у яго стварэнні маглі ўсе жадаючыя. Палатно, зробленае з кавалачкаў розных тканін, выкананых у розных тэхніках і стылях, пачалі шыць яшчэ на мінулым фестывалі. Свае абрэзкі тканін для стварэння покрыва прысылалі майстры з Расіі, Польшчы, Украіны і нават Палесціны.

Самае ўтульнае свята

З кожным годам фэст павялічвае колькасць сяброў. І гэта — знак яго поспеху. Як адзначыў у час адкрыцця фестывалю намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатолій Тозік, у заключных мерапрыемствах прынялі ўдзел каля тысячы прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, сярод якіх 65 мастацкіх калектываў і 80 выканаўцаў.

Каб трапіць на свята ў Гродна, артыстам патрэбна было прайсці рэгіянальны адбор. Агляды майстэрства нацыянальных калектываў ператвараюцца ў асобныя фестывалі ў абласных гарадах. Фестываль у Гродне дае шматлікім артыстам пуцёўку на вялікую сцэну. Менавіта ён адкрыў такія імёны, як Гюнеш, Іскуі Абалян, Стэла, Егіазар Фарашан. Майстэрства розных нацыянальных калектываў з году ў год расце. Як адзначыў намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі, за два гады ў адборах прынялі ўдзел каля дзвюх з паловай тысяч удзельнікаў. Фестываль стаў настолькі папулярным, што яго “маленькія браты” сталі з’яўляцца і ў раёнах, вёсках. Становіцца вядомым аб’яднанне “Шматгалоссе”, што ў вёсцы Касцюкі Барысаўскага раёна. Там пражываюць прадстаўнікі адразу дваццаці чатырох нацыянальнасцей. Вядомы і фестываль “Песні памежжа”, што праводзіцца ў Астравецкім раёне.

Яблыневы цвет

За тры дні фестываль падарыў больш сарака эпізодаў з жыцця розных нацыянальнасцей, што жывуць у Беларусі. Самыя відовішчныя раскінуліся на дваццаці пяці нацыянальных падворках. Сёлета іх аб’яднала тэма веснавых абрадаў. Дарэчы, яблыневы цвет — яркі сімвал вясны — прысутнічаў ва ўсёй атрыбутыцы фестывалю. Веснавы цыкл свят ад Каляд і да русальнага тыдня прадэманстравалі на беларускім падворку.

“У беларусаў ёсць шмат веснавых свят: і Юр’я, і Вялікдзень, — расказвае мастацкі кіраўнік фестывалю Пётр Гуд. — Сабантуй — свята плуга ў татар, Марцішор — веснавое свята ў малдаван, Наўруз Байрам — у каўказскіх народаў, Наўруз — у казахаў. У дахрысціянскі перыяд беларусы адзначалі русальны тыдзень. Русалкі, на думку нашых продкаў, былі ахоўніцамі ўраджаю. Раз у год, калі каласіцца жыта, дзяўчына, якую апраналі русалкай, выходзіла ў поле і сачыла, каб ніхто не абтрасаў расы з каласкоў, не ламаў іх. Потым з русалчынага кветкавага вянка бралі кветкі і галінкі і закопвалі ў зямлю ў якасці аховы ад шкоднікаў”.

Канцэртную праграму на фэсце можна было выбіраць на любы густ. Канцэрты для моладзі прайшлі на Савецкай плошчы, на плошчы Леніна — для людзей больш сталага ўзросту. У парку імя Жылібера вяршылі баль народныя майстры. Выстава іх работ нагадвала старонкі казак. Выступіць на гродзенскай сцэне прыехалі “Беларускія песняры”, “Сябры”, румынскі гурт Morandi. Першы дзень свята завяршыла вогненная феерыя брэсцкіх фаер-майстроў, пераможцаў міжнароднага конкурсу ў Польшчы.

 “НГ” спытала Якія ўражанні вам падарыў фестываль у Гродне?

Сямён ШАПІРА, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта:
— Фестываль сапраўды можна назваць усенародным святам Беларусі. Так склалася гістарычна, што беларусы не маглі не шанаваць выпакутаваныя мір і спагаду. Свята, што збірае розныя нацыянальнасці пад адкрытым гродзенскім небам, смела можна назваць самым утульным святам Беларусі.

Тэнгіз ДУМБАДЗЭ, кіраўнік прадстаўніцтва ТРА Саюзнай дзяржавы ў Мінску:
— Сэрца радавалася, калі назіраў за шэсцем. Яно настолькі ўзрушыла мяне, што, хоць і лічу сябе моцным грузінскім мужчынам, не мог стрымаць слёз ад гонару за Беларусь. Тут нарадзіўся, а вырас у Грузіі. Сінявокая дала мне памяркоўнасць, сціпласць, а Грузія навучыла быць моцным духоўна.

Егіазар ФАРАШАН, спявак:
— Упершыню я выступіў на фестывалі ў 2004 годзе як артыст армянскай супольнасці. Зараз працую над сольнай кар’ерай. Сам родам з горада Веткі, што на Гомель-шчыне. Нарадзіўся і вырас у Беларусі, і гэтым вельмі ганаруся.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, дырэктар радыёстанцыі “Беларусь”, паэт:
— Людзі розных нацыянальнасцей Беларусі адчуваюць сябе грамадзянамі краіны і ў той жа час захоўваюць свае абрады, звычаі, песні, мову. Гэтым ствараюць суквецце беларускай культуры, уплятаючы свае непаўторныя матывы. Гэта яшчэ раз падкрэслівае тое, што беларусы заўсёды былі талерантныя, дружалюбныя да іншых народаў.

←Сельсовет может все

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика