Рэха мінулага ў сэрцах нашчадкаў
Так называецца маштабны праект, які рэалізоўвае Ушацкая раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”.
Праект уключае шэраг мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца ўрокі мужнасці, ва ўстановах культуры — літаратурна-музычныя мерапрыемствы.
Увесь гэты навучальны год вучні школ Ушаччыны разам з настаўнікамі рыхтавалі краязнаўчыя матэрыялы, прысвечаныя 68-й гадавіне прарыву варожай блакады на тэрыторыі Ушацкага раёна. Па гэтых матэрыялах быў зняты відэафільм “Вызваліцелі Ушаччыны”. Ён упершыню дэманстраваўся на нядаўнім мерапрыемстве, якое прайшло ў рамках праекта “Ушаччына вітае вызваліцеляў”, дзе сустрэліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з некалькіх раёнаў. На сустрэчу былі запрошаны ўзельнікі вайны і актывісты грамадскага аб’яднання “Белая Русь” з Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Лёзненскага, Докшыцкага, Ушацкага раёнаў.
Радасць перапаўняла іх сэрцы — сэрцы сведкаў ваеннага ліхалецця. Зноў і зноў у памяці ўсплывалі падзеі той вайны. Ветэранаў вайны, актывістаў “Белай Русі” хлебам, соллю віталі на гераічнай ушацкай зямлі. Сустракалі дэлегацыі ў музеі народнай славы імя Лабанка, дзе яны азнаёміліся з экспазіцыяй музея, наведалі тэматычную выставу. Затым усклалі вянкі і кветкі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Адбыўся ўрачысты мітынг у гонар 68-й гадавіны прарыву варожай блакады на тэрыторыі Ушацкага раёна. Таксама адбыўся лёгкаатлетычны прабег “Ушачы — “Прарыў”, у якім удзельнічалі школьнікі Ушацкай сярэдняй школы. На фінішы ўдзельнікаў прабегу сустракалі дэлегацыі ветэранаў і актывістаў “Белай Русі” з розных раёнаў.
У гонар значнай падзеі адбыўся мітынг і ўрачысты прыём юнакоў і дзяўчат у члены ГА “БРСМ”.
Вялікую канцэртную праграму падрыхтавалі культработнікі раёна. Завяршылася мерапрыемства сустрэчай за круглым сталом.
Дэлегацыя ветэранаў вайны і актывістаў “Белай Русі” у рамках праекта “Рэха мінулага ў сэрцах нашчадкаў” наведала Наваполацк, дзе адбыўся агляд-конкурс страявой песні “Пабедныя маршы”, які праводзіла Наваполацкая арганізацыя “Белай Русі” сумесна з Полацкім ваенным камісарыятам.
— Ніводная знамянальная дата, ніводнае дзяржаўнае свята не застаецца без увагі Савета раённай арганізацыі “Белай Русі”, — паведаміла яго старшыня Алена Пашковіч.