Крынiца мудрасцi
Старажытны Полацк на гэтым тыдні адзначае свой 1150-гадовы юбілей. Невыпадкова яго называюць “Бацькам гарадоў беларускіх”, ці, як трапна сказаў паэт – “Ад Полацка пачаўся свет”.
Старшыня аргкамітэта па святкаванні юбілею Полацка намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік падкрэсліў, што праграма мерапрыемстваў свята павінна стаць неардынарнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Святкаванне накіравана на выхаванне ў маладога пакалення пачуцця патрыятызму і гордасці за мінулае і цяперашняе нашай дзяржавы.
Каб свята атрымалася запамінальным, у Полацку шмат што было зроблена ў апошнія часы. Гэта тычыцца новага аблічча вуліц, пляцаў, фасадаў будынкаў. Горад змяніўся, але захаваў сваю гістарычную індывідуальнасць. Тут шмат месцаў напамінаюць пра слынных сыноў зямлі беларускай – Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага…
І сёння Полацк валодае сваёй прыцягальнай моцай. Бо ў ім жыве душа. Ён – крыніца нашай мудрасці і нашага развіцця.