Школа сталення

Источник материала:  
17.01.2012 — Разное

Маладзёжная добраахвотная дружына Бабруйскага аграрна-эканамічнага каледжа лепшая у горадзе

У Бабруйску прайшла гарадская спартакіяда маладзёжных добраахвотных дружын (МДД) «Акадэмія мужнасці». Яе ўдзельнікі выконвалі комплекс спартыўна-прыкладнога мнагабор’я, дэманстравалі навыкі спецыяльнай падрыхтоўкі. Адным словам, экзамен атрымаўся сур’ёзны. Першынство заваявала каманда МДД аграрна-эканамічнага каледжа. Гэта сёмы яе поспех, які сведчыць і аб высокім узроўні падрыхтоўкі маладых дружыннікаў, і аб той увазе, якая ім надзяляецца ў навучальнай установе. Гэта падкрэсліла і начальнік аддзела па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Алена Канода, уручаючы пераходны кубак і памятныя падарункі пераможцам.

— Ну а пачыналася маладзёжная дружына, — расказвае дырэктар каледжа Мікалай Пракопчык, — з аператыўнага атрада, створанага ў 2004 годзе. Якія мэты ставілі ў навучальнай установе, ствараючы такое маладзёжнае фарміраванне? Гэта перш за ўсё прафі-лактыка правапарушэнняў у навучальнай установе, а таксама выхады на дзяжурствы па ахове грамадскага парадку ў горадзе, падрыхтоўка кадраў для службы ў органах МУС, Узброеных сілах Беларусі. Ды і немалаважна тое, што хлопцы і дзяўчаты заўсёды, як кажуць, занятыя справай.

Цяпер у шэрагах МДД 45 чалавек. Тут і навучэнцы старэйшых груп, і з новага набору. Ад старэйшых вопыт перадаецца малодшым. Аднак трапіць у дружыннікі не так проста, трэба прайсці сур’ёзны адбор. І найперш праявіць сябе ў вучобе, грамадскай актыўнасці, ну і, вядома, шмат чаго дасягнуць у спорце.

Сёння дружына — згуртаваны калектыў. Члены грамадскага фарміравання ўдзельнічаюць у дзяжурствах на дыскатэках, якія праводзяцца ў каледжы, у рэйдах-праверках інтэрнатаў навучальнай установы, праводзяць прававы лікбез з навучэнцамі па прынцыпе «равеснік равесніку». Разам з работнікамі гарадскога аддзела міліцыі яны выходзілі на ахову грамадскага парадку ў спартыўным комплексе «Бабруйск-Арэна», дзе праводзіўся чэмпія-нат свету па хакею сярод маладзёжных каманд, а таксама падчас правядзення конкурсу патрыятычнай песні «Песні нашых бацькоў», акцыі «Мы — будучыня Беларусі» і іншых мерапрыемстваў.

Спецыяльную падрыхтоўку члены МДД праходзяць на базе в/ч 5527, якая ўключае ў сябе лекцыйны курс па вывучэнні заканадаўства Беларусі, асноў медыцынскіх ведаў, заняткаў па фізічнай падрыхтоўцы. Аб дзейнасці маладых дружыннікаў расказвае відэаролік, які дэманструецца як у каледжы, так і ў іншых навучальных установах горада, сярэдніх школах.

За высокія вынікі ў забеспячэнні грамадскага парадку, аказаную дапамогу ў спыненні супрацьпраўных дзеянняў дружына адзначана падзякай упраўлення унутраных спраў гарвыканкама, неаднаразова заахвочвалася адміністрацыяй Ленінскага раёна горада, гарадской арганізацыяй БРСМ. А ў 2009 годзе ёй прысвоена імя падпалкоўніка міліцыі Аляксандра Аўрамчыка, які загінуў пры выкананні службовых абавязкаў. Між іншым па ініцыятыве маладых дружыннікаў і з іх непасрэдным удзелам у каледжы створаны куток памяці Аўрамчыка, які стаў месцам пастаянных сустрэч навучэнцаў. Нядаўна ў маладзёжнай дружыны правапарадку з’явіўся свой марш, напісаны работнікамі каледжа.

«Наша МДД, — падкрэсліў Мікалай Пракопчык, — будзе і надалей заставацца добрай школай сталення і патрыятычнага выхавання як для саміх дружыннікаў, так і для ўсіх навучэнцаў каледжа».

Дададзім яшчэ, што сёння каля трохсот былых членаў МДД працуюць у органах унутраных спраў рэспублікі, многія скончылі Акадэмію МУС ці навучаюцца ў ёй. Так што карысць ад гэтага маладзёжнага фарміравання відавочная.

←«Фобос-Грунт» упал на Землю

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика