Cкарбніца здымкаў, кадраў і гукаў

Источник материала:  
24.03.2011 — Разное
Гэты вялізны гмах відаць у Дзяржынску здалёк, яго мясцовы люд з павагай называе хмарачосам. Ёсць нагода заглянуць туды: у сакавіку Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў адзначыць у сваёй біяграфіі семдзясят гадоў.
Cкарбніца здымкаў, кадраў і гукаўВарта нагадаць, што гісторыя адзінага ў краіне сховішча архіўных дакументаў такога кшталту пачыналася 29 сакавіка 1941 года. У поўную сілу ён запрацаваў, вядома ж, пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў. З 1949-га архіў месціўся ў будынку царквы Марыі Магдаліны ў Мінску. Хоць тыя памяшканні не надта падыходзілі для захоўвання дакументаў, праца ішла актыўна. На пачатку 50-х, напрыклад, у архіў паступалі ўнікальныя трафейныя кінастужкі часоў Вялікай Айчыннай, фотадакументы, вывезеныя з Германіі ў пераможным сорак пятым. З 1961 года, калі архіў пачаў прымаць і прыватныя калекцыі фотадакументаў, адным з першых, хто даслаў каштоўныя матэрыялы, быў Герой Савецкага Саюза М. Міхайлашаў. У 70-х загаварылі, што архіву цесна, патрэбен новы будынак, і ў 1987-м ён пераехаў у Дзяржынск.
Сёння архіў — гэта буйнейшы збор унікальных кінафотафонадакументаў. У архіве цяпер налічваецца каля 300 тысяч фотадакументаў, амаль 38 тысяч кінадакументаў, каля 15 тысяч фонадакументаў і амаль 2 тысячы відэадакументаў. Гэта ўнікальны летапіс, бясцэнны скарб са здымкаў, кадраў і гукаў з гісторыі Бацькаўшчыны.Cкарбніца здымкаў, кадраў і гукаў
Вельмі рэдкія фатаграфіі ілюструюць гісторыю Беларусі на працягу больш чым ста гадоў, дзясяткі тысяч метраў кінаплёнкі захавалі кадры ваеннага часу. У ліку каштоўных фотадакументаў — калекцыя князёў Радзівілаў з 55 фотаздымкаў, яе падарыла архіву пані Эльжбета Тамашэўская-Радзівіл.
Захоўваюцца на магнітафонных стужках галасы такіх вядомых людзей, як Янка Купала, Якуб Колас, Пётр Машэраў, Максім Танк, Алег Бембель, Заір Азгур, Стэфанія Станюта і многіх іншых.
Фонды архіва ўвесь час папаўняюцца, у асноўным за кошт матэрыялаў кінастудыі “Беларусьфільм”, Белтэлерадыёкампаніі, рэдакцый газет і часопісаў. Развіваюцца і міжнародныя кантакты. Прыкладам, летась архіў увайшоў у Еўразіяцкі рэгіянальны аддзел Міжнароднага савета архіваў, наладзілася супрацоўніцтва з Дзяржфільмафондам Азербайджана. Супрацоўнікі архіва ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы дзвюх буйнейшых міжнародных выстаў.
Сёння шмат устаноў, прадпрыемстваў, прыватных асоб карыстаюцца паслугамі архіва. Для даследчыкаў тут заўсёды адчынены дзверы чытальнай залы, а для пошуку дакументаў выкарыстоўваецца сучасная камп’ютарная сістэма.
А ў хуткім часе і знешні выгляд будынка архіва стане больш сучасным — завяршаецца ягоная рэканструкцыя.

Лявон Целеш

←Последний герой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика