Час паездкі цягніком у Вільню з Мінска скароціцца на 50 хвілін
Акцыянернае таварыства "Літоўскія чыгункі" ўжо да чэрвеня бягучага года ў супрацоўніцтве з беларускімі калегамі плануе амаль на гадзіну скараціць час у шляху цягнікоў паміж Мінскам і Вільняй -- даехаць цяпер можна будзе не за 3 гадзіны 50 хвілін, а роўна за 3 гадзіны. У бліжэйшай будучыні гэты час скароціцца яшчэ на гадзіну.
Дасягнуць эканоміі часу плануецца за кошт скарачэння працэдуры пасажырскага кантролю на памежных прапускных пунктах Гудагай ў Беларусі і Кена ў Літве. Як сцвярджаюць прадстаўнікі "Літоўскіх чыгунак", 50 хвілін - не мяжа эканоміі часу. Бо пераезд з Вільні ў Клайпеду, адлегласць паміж якімі амаль удвая даўжэй (346 км), чым паміж Вільнюсам і Мінскам (205 км), у пасажыраў займае столькі ж часу, як паездка з Вільні ў Мінск. Па словах літоўскіх чыгуначнікаў, пуск ў 2013 годзе на гэтым маршруце сучасных дызельных цягнікоў дазволіць скараціць час у шляху да 2,5 гадзіны, а ў 2014 годзе, калі будзе электрыфікаваны ўчастак Маладзечна - Кена - Новая Вільня -- і ўвогуле да 2 гадзін.
Прадстаўнікі літоўскай чыгункі ўпэўненыя, што электрыфікацыя чыгуначнага ўчастка паміж Беларуссю і Літвой будзе спрыяць і росту грузапатокаў: скароцяцца выдаткі на паліва, менш будзе забруджвацца навакольнае асяроддзе, ды і магутныя электравозы курсуюць хутчэй, чым цеплавозы.
БЕЛТА