Ярмошынай падораць алюміневую каструлю
Лідзія Ярмошына перамагла з каласальным адрывам. Дызайн – Марыя Чорна.
Прыз для пераможцы.
Выказванні старшыні ЦВК "ацанілі" блогеры.
12 студзеня завяршылася галасаванне за намінантаў на інтэрнэт-прэмію «Сэксіст года-2010», заснаваную ініцыятыўнай групай «За фемінізм». На спецыяльны прыз сярод іншых прэтэндавала старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына, за сваё выказванне пра жанчынаў, што ўдзельнічалі ў падзеях 19 снежня ў Мінску.
Ярмошына з самага пачатку захапіла лідарства не толькі ў сваёй намінацыі, але і ў конкурсе ў цэлым.
13 студзеня былі агучаныя вынікі галасавання. Паводле іх пераканаўчую перамогу атрымала старшыня ЦВК. Толькі лічбы: па выніках галасавання за Ярмошыну аддалі галасы 2714 чалавек (90%, больш, чым за Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах у 2006-м), за яе канкурэнтак разам узятых – толькі 288, а ўсяго ў галасаванні па ўсіх намінацыях узялі ўдзел 4646 чалавек.
Ініцыятары прэміі ўлічылі каласальны адрыў Лідзіі Ярмошынай ад канкурэнтаў – галоўны прыз накіруецца ў Мінск. «У нас не было сумневаў, што форма прыза павінна быць звязаная з баршчом ... Паміж апалонікам і каструляй, мы выбралі каструлю. Сапраўдную родную алюміневую каструлю. Упэўненыя, спансіраваны самімі беларусамі прыз – алюміневая каструля айчыннай (РБ) вытворчасці, досыць ярка выказвае меркаванне грамадзян аб тым, што жанчына, якая дазваляе сабе падобныя выказванні, заслугоўвае сама быць адпраўленай дадому на кухню замест займанай пасады кіраўніка ЦВК», – гаворыцца ў абгрунтаванні такога рашэння.
Конкурс меў 3 намінацыі:
I.Сэксіст года (асабісты залік). Намінаваліся аўтары сэксісцкіх выказванняў.
II.Сэксісцкая рэклама года (камандны залік). Намінаваліся відэа-і аўдыё-ролікі, а таксама рэклама ў друкаваных СМІ і вонкавая рэклама.
III.Спецыяльны прыз для жанчын, якія робяць антыжаночыя заявы (выказванні).
Адкрытае інтэрнэт-галасаванне ладзілася з 4 па 12 студзеня.