Беларус у іранскім палоне

Источник материала:  
05.01.2011 16:06 — Разное
Да дзявятага класа Фёдар, як усе, верыў, што кожны сапраўдны грамадзянін мае прайсці вызначаны шлях: дзіцячы сад, школа, універсітэт, сям’я, праца. Потым ўнутры нешта надламалася, і з тых часоў ён не арыентуецца на траву за суседскім плотам.

Ён не ставіць рамак ні ў чым, нікуды не спяшаецца і верыць у тое, што калі ты на правільным шляху, то лёс падкажа, што рабіць далей. Нават будучы вегетарыянцам, ён заўсёды можа з’есці мяса, калі захочацца. Перад ім не стаіць мэта любіць усіх і дараваць усім, але ён імкнецца разгледзець дабро ў кожным. Ён ніколі не вучыўся ва ўніверсітэце і амаль не працаваў, але не з-за ляноты або нежадання. Было пачуццё, што час для гэтага яшчэ не прыйшоў, і Фёдар даверыўся яму, зрабіўшыся падарожнікам.

Пачаўшы падарожнічаць у чатырнаццаць, за дзесяць год з краін Еўразіі ён не пабываў толькі ў Іспаніі, Партугаліі, Італіі, Афганістане, Турцыі і астраўных ўсходніх краінах. А з лютага да чэрвеня Фёдар ажыццявіў яшчэ адну геаграфічную мару — пабываць у Індыі. А па дарозе заехаў яшчэ ў чатырнаццаць краін, пажыў у Шаўліньскім манастыры, незаконна перайшоў тыбецкую мяжу і трапіў у іранскі палон.

Увесь гэты час Фёдар вёў дзённік і рабіў здымкі, шкада толькі, што фотаапарат сперлі ў Індыі. Таму засталіся толькі кадры з Непала. Затое нам дастаўся дзённік, у якім шмат карысных парад, шмат смачнага пра людзей, што Фёдар сустрэў па дарозе, і пра дзіўныя сітуацыі, у яія трапіў. Чытай цытаты з тых запісаў і слухай расповед ад першага твару.

Украіна. 18.02.

Каля Адэсы пазнаёміўся з вельмі цікавым суб’ектам, які сказаў, што я эксплуататар і самая бессаромная асоба, і што аўтастоп — гэта нізка. Запатрабаваў 20 грыўняў у канцы шляху, на што я адказаў яму, што гэта з’ява ўсяго толькі раўнасільная існаванню чалавечнасці. Грошы ўсё-ткі даў — дзесяць грыўняў пры ўмове, што я пастаўлю галачку а-ля мяне развялі ў Адэсе (а я вельмі хацеў страціць там крыху грошай, бо гэта класіка жанру). Таварыш гэты — засохлы кавалак матэрыі. Грошы ён узяў, быў вельмі рады і моўчкі з’ехаў. Да гэтага быў замест радыё.

Дагестан. 22.02.

Пагаварыў з маршрутчыкам, задаў пытанне, ці падабаецца яму тут. Ён мне кажа, маўляў, а куды дзявацца. Калі паедзе куды — будзе адзін як палка ў полі, а тут брат і сябры, продкі ўсе тут пахаваныя. А тое, што разбіта ўсё і складана, дык гэта нічога — выжывалі і выжывем. Ехаць на заробкі атрымаецца толькі ў Маскву, але там паўсюдна скінхэды: днём небяспечна, ноччу наогул не прайсці — нападаюць з-за спіны. Лепш ужо тут: тут нарадзіўся, тут жыў усё жыццё.

Там жа я пазнаёміўся з адным горцам. Ён быў вельмі левабаковы і з развітай мулаадхарой (першая чакра — упэўненасць ў клёвасці жыцця і яго павольным тэмпе), задаволены тым, што ёсць. Ён сказаў, што я мудрэц і што мудрасці ён павучыўся б у мяне, але калі я хачу зрабіць нешта рэальнае, то трэба і дзейнічаць, і грунтавацца на рэальным. Сказаў, што мэта ў мяне завоблачная і думкі занадта далёкія ад свету. А вось калі б я хацеў дапамагаць словам ці маральна, то я б цалкам адбыўся. І дадаў, што для яго мяне няма.

Азербайджан. 01.03.

Усё неверагодна дорага. Прыйшлося заплаціць дзесяць даляраў за таксі да амбасады Беларусі, што для мяне абсалютнае марнатраўства. Яшчэ пазнаёміўся з мясцовай мафіяй. Стаю я на посце міліцыі, пад’язджае машына, з яе вылазяць класічныя «хросныя бацькі». Цікавяцца, хто я такі, штосьці пытаюць, потым звяртаюцца да міліцыянтаў, маўляў, чаму вы яму грошай не даяце. Усё роўна з бліжэйшага аўтобуса злупіце ўдвая больш. Але грошай мне ўсё роўна не далі.

Казахстан. 07.03.

На мяжы мяне прынялі за канадца: увесь такі яркі, вясёлы, з барадой і па-англійску лапоча. Сустрэў там нашчадка казахскага хана: малады зусім, гадоў сямнаццаць, але ўжо ўва ўсім чытаецца пыха.

Там выдаецца малы бланк, прычым могуць не сказаць запаўняць. Аднак яго трэба і запоўніць, і абавязкова зарэгістраваць, калі жывеш у краіне больш за пяць дзён. Інакш велізарны штраф. Яшчэ непадалёк ёсць бюро, дзе трэба паставіць штамп, інакш пасля давядзецца вяртацца да гэтага няшчаснага бюро з любога пункту краіны і ставіць.

Жыву на вакзале шэсць дзён. Тут міліцыя без квітка выганяе, нявесела. Але яны відавочна не сустракалі ў сваім жыцці чыцераў: штодня купляю самы танны білет на заўтра, каб мяне да гэтага часу не чапалі. Міліцыя падыходзіць, а я ім хоп! — дарожную грамату з прычынаю паездкі і квіток. Гэта забяспечвае салодкі сон да раніцы. Я ўжо пачуваюся як дома, ёгай займаюся, медытую. Але на трэці дзень ім надакучыла, усё-ткі дагледзелі і ў працэсе спёрлі трыста баксаў. Далей заставацца забаранілі, давялося хавацца за кіёскамі рэшту часу.

Расія. Чыта. 14.03.

Пазнаёміўся з вельмі цікавым чалавекам, ён пачаставаў мяне гарбатай і даў з сабой два боханы хлебу. Завуць Сяргей, ён ляснік і паганец. Пасля гадзіну боўтаўся па тайзе, усё вакол разглядаў. Выйшаў на трасу, пачаў стопіць, спыніўся вельмі просты і лагодны чэл — Мікалай. Ён распавёў, што навучыўся жыць у гармоніі з сабой і душой і паставіў асноўным прыярытэтам у далейшым гэта падтрымліваць.

Я дабраўся да прыдарожнай кавярні, пазнаёміўся там з супрацоўнікамі УФСВП — працуюць у мясцовай турме. Замовіў простай вады і папрасіў пераначаваць. Прачнуўся хворы і з тэмпературай, і мне прапанавалі бясплатна гарачых блінцоў са згушчанкай. Пайшоў далей па тайзе, увесь пакрыўся інеем, нават з валасоў ледзяшы звісалі. Хацеў папіць і выявіў, што ўсё замерзла: вада, хлеб, нават куртка прымерзла да заплечніка. Затое снег тут такі цікавы — ім можна ў футбол гуляць, ён амаль не крышыцца.

Хабараўск. 16.03.

Мне распавялі, што ёсць тут некаторыя асаблівасці бедных народнасцяў. Іх каля сямі штук, яны вельмі малалікія і пераважна бедныя, але сустракаюцца сярод іх і такія: адзін-два месяцы працуюць на дзяржаву, здабываючы ікру, вонкавую частку жытла афармляюць вельмі бедна. Затое ўсярэдзіне усё па апошнім слове тэхнікі, плазменныя тэлевізары і дарагая мэбля. Яшчэ і грашовую дапамогу за выміранне і няшчаснае існаванне атрымліваюць.

Далей — ва Усурыйск. Ледзь выехаў адтуль, дабраўся да мяжы з пачуццём, што ўсё ідзе няправільна і што гэта хутка ў чымсьці выявіцца. Так і выйшла: на мяжы мне сказалі, што пераезд каштуе аж 1500 рублёў. Тады я развітаўся і пайшоў да КПП. Раптам! Мяне адразу арыштавалі, і пачалося: спрабуе нелегальна перасячы мяжу ў Прыморскім краі! А я нават не падазраваў, што парушаю нешта. Яны вельмі здзівіліся і доўга не маглі паверыць, што я з Беларусі. Урэшце папярэдзілі ў строгай форме, пасадзілі на машыну і адправілі назад ва Усурыйск.

Кітай. 22.03.

Пры ўездзе ўсе ветлівыя, мяне прапусцілі па-за чаргой, бо адзіны з візай прыехаў. Усе так радаваліся гэтай візе, проста свята — астатнія чалавек дзвесце былі без яе. Першы горад — напаўзакінуты Кісунь-Фуйчы. Гэта дрэнны раёнчык, нядаўна тут павесілі двух чувакоў за забойства рускіх, і яны ўсё яшчэ віселі.

У Пекіне беларускі консул даў візітоўку на выпадак, калі спатрэбіцца перакладчык або нейкая дапамога. У Кітаі сапраўды цяжка з мовамі: мала таго, што англійскай валодае вельмі мала жыхароў, дык яшчэ і кітайскія дыялекты ў розных раёнах адрозніваюцца. Калі хтосьці напісаў табе маршрут на паперцы, не факт, што дзесьці разбяруць гэтыя іерогліфы.

Шаўлінь

Спачатку я збіраўся ехаць адразу ў Шанхай, але даведаўся, што манастыр з ім па дарозе, таму вырашыў зазірнуць. Першае, што кідаецца ў вочы, — гэта велізарная колькасць халоднай зброі на продаж. Такой разнастайнасці я ніколі не бачыў, і прадавалася зброя цалкам вольна.

Яшчэ там шмат дзяцей ва ўзросце ад шасці гадоў. Яны застаюцца пры кляштары да паўналецця, хаця пры жаданні могуць пакінуць яго і раней. Ахвотных звычайна амаль не бывае, бо мала хто пагодзіцца змяніць цудоўную тамтэйшую атмасферу на звычайнае жыццё.

Увечары я займаўся ёгай, і раптам да мяне падышоў абсалютна незнаёмы манах і падарыў ружанец. Нічога не сказаў і сышоў.

Тыбет. Красавік

Вось і горная хвароба (вышыня 2000–2100 м), ноч праварочваўся. То не хапае паветра, то гарачка, то калоціць. Раніцай галаву не падняць, ванітуе. Але ўсё так і мае быць, таму зноў лёг спаць. Праз гадзіну рэзка ўскочыў, усё прайшло, кроў гарыць, сіл куча.

Злавіў джып, праехалі некалькі кіламетраў, спыніў мужык у касцы. Раптам ба-бах — пракацілася выбухная хваля, джып трасянула. Чароўныя адчуванні. Праехалі яшчэ кіламетр, вакол усё перакрылі — абвал, і наогул тут вакол абвалы. Едзеш, а з левага боку амаль адразу пад колам — прорва.

Непал. 13.05.

Трапіў на рэвалюцыю. Тут цяпер страйкі, паліцыя ваюе з мааістамі і адначасна з народам, які таксама разганяе мааістаў. Турыстаў ніхто не чапае, але дарогі перакрытыя, АЗС, банкі і ўсё іншае не працуе. Мяне б абакраў малы хлопчык, калі б я меў грошы. Мясцовыя здзівіліся і сказалі, што тут гэта бывае вельмі рэдка.

Заначаваў у будысцкім жаночым манастыры, паабяцаўшы, што буду спаць у намёце. Падарыў храму бананы, павячэраў рысам, труфельным салатам і нейкімі пладамі — выглядаюць, як няспелае збожжа сланечніку, на смак як мяса. Тлумачыцца з мясцовымі вельмі праблематычна, бо ў непальскай мове няма ні будучага, ні мінулага часу, толькі цяперашні.

Індыя. 16.05.

Як толькі трапіў у першы вельмі брудны горад, адчуў, што гэта Індыя. Пайшоў у паліцыю, і тут несвоечасова прыехаў правяральны афіцэр: адбыўся фуршэт, пілі гарбату з салодкім, і адмаўляцца было нельга — выпіў шэсць шклянак. Усё праходзіла вельмі смешна. Я думаў, ён генерал, таму мусіць паказваць важнасць, а ён весяліўся як дзіця, і ў цэлым усё было па-дзіцячаму проста.

Намёт ставіць дазволілі. Уражанне, быццам паліцыянты гуляюць у сваю працу, максімум, што могуць зрабіць, — надзьмуцца і закідаць памідорамі.

Звычайна п’ю ваду з бутэлек, але выпадкова сербануў нейкай мясцовай і падчапіў невядомую хваробу — не цяжка, улічваючы сітуацыю з вадой у краіне. Не мог ні есці, ні піць — усё ішло назад.

Паехаў на аўтобусе да консула ў пасольскі раён. Потым на рыкшы. Рыкша сволач, боўтаўся па рынку і не змог знайсці пасольства, сказаў, што яго тут няма і нічым ён дапамагчы не можа. Запатрабаваў грошы, хоць праехалі ўсяго 50 метраў, спыніўшыся каля прадстаўніцтва ААН. Грошы я даваць адмовіўся, ён злосна заўсміхаўся і з’ехаў. Потым вярнуўся і паказаў, што спёр у мяне картку. Я паказаў, што запісаў яго нумар і мне пофіг на картку. Потым паслаў яго лесам і паказаў міжнародны жэст з гэтым сэнсам. Ён пачаў гарлапаніць, але я ўжо размаўляў з аховай ААН, яны дапамаглі мне знайсці амбасаду, далі чыстай вады і нейкія таблеткі. Яны адразу дапамаглі. Як потым аказалася, ад гэтай хваробы без лячэння людзі паміралі праз тыдзень.

Амрыцар. 19.06.

Амрыцар. Няма словаў, усё з мармуру, ахова ходзіць з алебардамі і мячамі, некаторыя са стрэламі. Усюды — на сценах, на падлозе, на зямлі — надпісы са святой кнігі вершаў, пасярэдзіне возера і, уласна, вялізны храм. Чатыры ўваходы як чатыры бакі свету. Тут няма дыскрымінацыі, усе роўныя. Ежа бясплатная і ў любой колькасці, усе сядаюць за вялікія сталы і ядуць.

Пакістан. 21.06.

На ўвесь Пакістан было ўсяго сем дзён, і вялікую частку дарогі праехаў на дзвюх машынах за два дні. У сярэдзіне шляху забрала нейкая незразумелая паліцыя, дагледзелі і вельмі здзівіліся, бо краіна зачыненая і аўтастопераў амаль няма. Я апісаў свой далейшы маршрут, і мне сказалі, што там ідзе вайна.

Тады яны мяне пасадзілі на цягнік, і я вывучаў Пакістан па чыгунцы. Вагоны без дзвярэй і вокнаў, замест іх — краты, і на ўвесь вагон тры-чатыры вентылятары. Народу поўна, спякота пад +50. Ва ўсіх сядзячыя месцы, але мне, як замежніку, выдзелілі ляжачае. З намі ехалі салдаты на выпадак нападу, і ўсюды стаялі скрыні са зброяй і патронамі. Наогул валялася шмат дзіўных рэчаў накшталт матораў, яшчэ козы ехалі. Таму я вырашыў ехаць на даху.

Іран. 30.06.

Ужо на мяжы ў мяне забралі пашпарт — нядобры знак. Узнікла блытаніна, я доўга чакаў, пакуль мне вернуць дакументы, але так і не дачакаўся: урэшце мне завязалі вочы, начапілі кайданкі і пасадзілі ў машыну. Павезлі ў незразумелае месца, дзе я сустрэў яшчэ некалькі людзей. Аднаго хлопца было асабліва шкада: ён быў зусім малады, гадоў васямнаццаць, здаровы такі і вельмі лагодны, вясёлы. Сядзеў за тое, што спрабаваў нелегальна перасячы мяжу, ратуючыся ад катастрафічнай беднасці на радзіме. Хутчэй за ўсё, дадуць пажыццёвае, але могуць і расстраляць.

Дзень я прасядзеў без ежы. Прасіў — не давалі. Нарэшце адзін салдат сказаў прыкінуцца, што мне трэба ў прыбіральню, затым вылавіў мяне і даў паесці. Пасля гэтага зноў не кармілі, толькі прыносілі іржавую ваду. Са мной у камеры быў чалавек, які наогул не еў некалькі дзён.

Так мяне пратрымалі чатыры дні, я бясконца патрабаваў консула, але мяне не падпускалі да тэлефона і, натуральна, самі ніякага консула не выклікалі. Доўга не маглі вырашыць, што са мной рабіць, а галоўнае, не тлумачылі, за што мяне трымаюць. Нарэшце зноў былі кайданкі, павязка на вочы, і я вырашыў, што мяне, напэўна, вядуць на страту. Але мяне запіхнулі ў чарговую машыну і выкінулі пасля на трасе.

Мяне падабраў дальнабойнік, які таксама аб’ездзіў паўсвету і нават ведаў некалькі фразаў на беларускай мове. У Тэгеране паліцыя, даведаўшыся пра тое, што здарылася са мной, праставіла таксі. У амбасадзе таксама быў перапалох, бо высветлілася, што ў тым рэгіёне ўжо двое беларусаў прапалі. Пачаставалі печывам і адправілі на вакзал.

Па меры набліжэння да Беларусі дзённік хацелася весці ўсё менш, і Фёдар яго амаль не вёў. Падарожжа гэтае стала вельмі каштоўным для яго: можна было навучыцца гасціннасці, пераняць ад людзей ветлівасць і здольнасць захоўваць бадзёрасць духу ў цяжкія часы. Ён вярнуўся дадому ў сярэдзіне ліпеня і збіраецца затрымацца ў краіне да вясны. Яго цягне да ўсяго новага, і, як ні дзіўна, гэтым новым для яго цяпер будзе афіцыйная праца.

Падзяліцца навіной: 
34mag.net

←Сіноптыкі абяцаюць на Вадохрышча да мінус 20

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика