Алег Гулак: Гэта знак Еўропе, каб не мела ілюзій
5 студзеня ў сераду ў офіс арганізацыі прыйшлі 4 супрацоўнікі КДБ і прад’явілі пастанову на ператрус, падпісаную пракурорам Мінска Мікалаем Куліком. У пастанове было пазначана, што следства мае звесткі пра магчымую наяўнасць у арганізацыі матэрыялаў, звязаных з масавымі беспарадкамі ў Мінску 19 снежня. Ператрус на афісе БХК скончыўся ў 12.20. Супрацоўнікі КДБ апісалі камп’ютары і звезлі іх з сабой. Пасля сканчэння ператрусу на офісе арганізацыі кадэбэшнікі паехалі на кватэру Алега Гулака.
«У мяне супрацоўнікі спецслужбаў нічога не апісалі і з кватэры не вынеслі», – паведаміў «Нашай Ніве»Алег Гулак. Па яго словах, візіцёры сышлі ад яго а палове на трэцюю.
Праваабаронца пракаментаваў дзеянні спецслужбаў у дачыненні да праваабарончых арганізацый, рэдакцый незалежных СМІ і ўдзельнікаў падзей 19 снежня. «Я не бачу сэнсу ў тым, каб на нас, праваабаронцаў, маглі павесіць удзел у масавых акцыях. Але гэтыя дзеянні, натуральна, адрасаваныя і нам. Каб паўплываць на нашу працу, дэстабілізаваць яе». Алег Гулак лічыць, што ў шырокім сэнсе вал рэпрэсій супраць прадстаўнікоў незалежнага грамадства з’яўляецца сігналам Еўропе, каб тая не мела ілюзій наконт магчымасцяў дамаўляцца з афіцыйным Мінскам.
Сямён Печанко