І што, Някляеў, памаглі табе твае маскалі?
Кандыдаты зняцца адмовіліся.
Што дало б зняццё кандыдатаў?
Зніжэнне легітымнасці выбараў. Але для таго патрэбнае зняццё ўсіх разам, а не кагосьці асобна ўзятага.
Зняццё было б цяжка абгрунтаваць для грамадства. Чаму кандыдаты знімаюцца ва ўмовах, калі кампанія адбываецца свабадней, чым папярэднія?
Зняццё выклікала б у грамадства яшчэ большую фрустрацыю, чым проста працяг кіравання Лукашэнкі. Адна рэч, калі мы галасавалі за «іншага», а выбары сфальшавалі, а другая рэч — калі «яны ўвогуле забаяліся ісці».Зрэшты, каб кандыдаты зняліся дружна, адпачатку патрэбнае адзінства дзеянняў, патрэбны адзіны рух і ўзаемны давер. А іх няма.
Чаму няма — асобная вялікая тэма.
Зянон Пазняк Някляева хваліць — для Пазняка людзі, здаецца, пачалі дзяліцца на дзве катэгорыі: тых, хто Пазняка хваліць, і тых, хто Пазняка не хваліць. А Някляеў Пазняка акурат хваліць. Паўтараецца старая байка пра зязюлю й пеўніка.
Ці не Някляеў і ці не Пазняк зрабілі многае, каб даверу не стала?
Палітык не можа спадзявацца, што сёння ён будзе называць калегу агентам падстаўной апазіцыі, а заўтра той калега будзе каардынаваць з табой свае дзеянні.
Дзеяч не можа спадзявацца, што сёння ён будзе скупляць на корані левых і правых, а заўтра хтосьці будзе верыць, што ён гатовы размаўляць на роўных, што ім рухае альтруістычнае жаданне, «каб збылося ўсё, пра што вы марылі».
Заклікаючы да зняцця, Някляеў найперш хоча захаваць твар.Ані Пазняк, ані Някляеў не маюць адказу на пытанне «Што рабіць?» і таму хочуць замяніць яго на пытанне «Хто вінаваты?» Вінаваты тыя, хто не хоча зняцца.
Скажыце праўду: адзінства апазіцыі гэтым разам дабурыў рух «Гавары праўду». Разлік на дапамогу Масквы, на падман маскоўскіх тэлеканалаў, быў фаўстаўскай стаўкай, і па ёй зараз прыйдзецца плаціць дыскрэдытацыяй. Але, нагадаю, у гэтую гульню ўцягнулася меншая частка апазіцыі.
Наяўнасць ці адсутнасць кандыдатаў у выбарчых бюлетэнях мае мала розніцы. Галоўным рычагом уплыву грамадства на палітычную сітуацыю застаецца Плошча, а не бюлетэні.На жаль, як напісаў Алесь Юркавец у «Arche», «рашэнне ўзяць удзел у сёлетняй Плошчы для многіх, як і пяць ды дзесяць гадоў таму, зноў будзе дыктавацца адно толькі імкненнем захаваць самапавагу, але не надзеяй штосьці змяніць».
Але, піша ён, «нам у такіх умовах застаецца толькі чакаць вечара 19 снежня і, нягледзячы ні на што, выходзіць на Плошчу». Пагаджаюся з ім.
Андрэй Дынько