Колькі каштуе «яйка» МТС?
Расійская кампанія МТС заявіла пра намер выкупіць уласны брэнд — выяву яйка ў квадраце, паведамляе Газета.ru. Брэнд належыць мацярынскай структуры МТС — АФК «Сістема». За «яйка» кампанія МТС гатова выкласці $438 млн.
У кароткай гісторыі эмтээсаўскага «яйка» ёсць беларускі след. У 2007 годзе паэт Алесь Разанаў і мастак Віктар Маркавец судзіліся з аператарам мабільнай сувязі СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы», спрабуючы адстаяць у судзе аўтарскія правы. Творцы сцвярджалі, што графічны вобраз — белае яйка ў чырвоным квадраце і чырвонае яйка ў белым квадраце — яшчэ ў 1992 годзе прыдумалі яны і далі назву «яйкаквадраты». Маркавец і Разанаў настойвалі на тым, каб кампанія МТС папрасіла ў іх прабачэнне на старонках газет за выкарыстанне іхняй інтэлектуальнай уласнасці, а таксама кампенсаваць па 620 тысяч рублёў кожнаму з творцаў (на той час каля $300). У сваю чаргу аператар мабільнай сувязі прадставіў суду доказы таго, што яны карыстаюцца выявай абсалютна законна, бо маюць на гэта дазвол ад расійскага ЗАТ «Сістэмы тэлекамунікацый, інфарматыкі і сувязі». У выніку суд паэт і мастак прайгралі.
СП