Карбалевіч: Нармальныя дэбаты так не праходзяць
Палітолаг Валерый Карбалевіч адзначыў, што першапачаткова фармат тэледэбатаў павінен быў абмяркоўвацца самімі кандыдатамі. "Але вайшла наадварот: дзяржаўная ўлада ў асобе Белтэлерадыёкампаніі спрабавала навязаць кандыдатам свой сцэнар. І падчас саміх тэледэбатаў ішла спрэчка аб іх фармаце. Нармальныя дэбаты так не праходзяць", - адзначыў Карбалевіч.
Ён пагадзіўся, што кандыдатам у прэзідэнты ўдалося зламаць нарыхтаваны сцэнар: "У вядучых была задача зладзіць канкурэнцыю паміж кандыдатамі і нават сварку. Яны спрабавалі патапіць тэледэбаты ў нейкіх прыватнасцях. А кандыдаты спрабавалі перавесці дыскусію ў больш глабальную плоскасць -- ці магчымыя ў Беларусі сумленныя выбары, ці ёсць права выбару ў народа".
Па словах Карбалевіча, апазіцыйныя кандыдаты змаглі ператварыць тэледэбаты ў яшчэ адзін выпад супраць дзейнай улады і Лукашэнкі. "І яны правільна зрабілі, што абралі такую тактыку. Ім удалося навязаць свой сцэнар. Перш за ўсё Някляеву, які пакінуў студыю, Саннікаву, Статкевічу, Кастусёву, які адмовіўся ад дыскусіі з іншымі кандыдатамі", -- адзначыў палітолаг.
У той жа час, сказаў Карбалевіч, падчас тэледэбатаў ў такім фармаце кандыдатам у прэзідэнты было немагчыма прыцягнуць на свой бок частка электарату. "Пры такіх тэледэбатах і за такі кароткі час гэта была неразвязальная задача, якім бы таленавітым не быў кандыдат у прэзідэнты", - адзначыў Карбалевіч.
БелаПАН