У цырку зрабілі ліфт для коней
Увечары 3 снежня Беларускі дзяржаўны цырк адчыніўся пасля рамонту.
"Акрамя апорных сцен, у будынку цырка ўсё новае", - расказала мастацкі кіраўнік цырка заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі акадэмік Нацыянальнай акадэміі цыркавога мастацтва Расіі Таццяна Бандарчук.
Паводле яе слоў, адзінае, што засталося нязменным - гэта колькасць глядзельных месцаў (1650) і памер манежа (дыяметрам 13 м, як ва ўсім свеце). Пераўтварэнні сапраўды здзіўляюць, бо замест аднаго будынка ў цырку стала тры: каля асноўнага корпуса пабудаваны асобны корпус для білетных кас, а таксама рэпетыцыйны 6-павярховы манеж. Для летніх выступленняў будаўнікі таксама прадугледзелі адкрытую цыркавую пляцоўку.
Замест аднаго манежа ў цырку будзе чатыры. Для коней і драпежнікаў - гумовы, для шоў на каньках - ледзяны, паркетны - для танцаў і пластыкавы - для іншых эфектных прадстаўленняў. Плануецца, што ўсе чатыры арэны запрацуюць на поўную моц вясной--летам 2011 года. "Манежы будуць схаваныя ў ніжнім ярусе, і ў залежнасці ад патрэбы адзін з іх будзе падымацца ў залу", - распавяла Таццяна Бандарчук.
У цырку створаныя камфортныя ўмовы для чатырохногіх артыстаў. Для жывёл пабудавалі новы, вельмі зручны ліфт, коні ў стойлах могуць не толькі адпачываць лежачы, але нават шпацыраваць, у будынку рэпетыцыйнага манежа ёсць свая ветэрынарная клініка, гардеробная для коней, сховішчы пілавіння, саломы, кухня і душ для жывёл.
Першае прадстаўленне пачалося яшчэ да трэцяга званка: у цырк вярнуўся нумар з матацыклістам, які наразае кругі па сеткавым цыліндры. Паколькі нумар складаны па выкананні і тэхнічнай падрыхтоўцы, яго вывелі з асноўнай праграмы.
Пасля было прадстаўленае "Лас-Вегас-шоу" з удзелам белых тыграў і львоў. Нумар з тыграмі і львамі падрыхтаваў румынская дрэсіроўшчык Стэфан Плешаяну. Нумар гастраляваў у Італіі, Германіі і Аўстрыі. Па складзе жывёл атракцыён з"яўляецца адзіным у свеце.
Паводле БЕЛТА