Хто з кандыдатаў ні разу не памыліўся падчас выступу?

Источник материала:  
28.11.2010 17:33 — Разное

«Не падмажаш — не паедзеш». Трошкі пераасэнсаваная народная мудрасць, здаецца, стала інструкцыяй для дэмакратычных прамоўцаў, якія на тыдзень апанавалі эфір Першага нацыянальнага.

З дзевяці кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі, якія выступалі перад электаратам, ні разу не памыліліся толькі двое чалавек.

У сваіх эмацыйных прамовах ці нават чытанні па паперцы кандыдаты прыпападобніліся да Лукашэнку, які карыстаецца словам вельмі вольна.

Што ні скажаш, усяму павераць і нічога не паправяць — усё ж жывы эфір.

Таму спявай як салавей і не думай пра вынік. Але пры паўторных праслухоўваннях выступаў з’яўляецца імкненне праверыць, ці праўду казалі кандыдаты?

Саннікаў і Цярэшчанка памыліліся разам

Мы не разглядаем нейкія граматычныя памылкі выступоўцаў і не звяртаем увагу на ненавуковую фантастыку ў іх прамовах. Вось, напрыклад, Віктар Цярэшчанка абяцаў зрабіць курс даляра і беларускага рубеля адзін да аднаго. На здароўе! Можа, неяк і атрымаецца. Прапусцім нават заяву пра тое, што з 1990 года сталі таннейшымі толькі гарэлка, віно, цыгарэты і запалкі. Хто яго ведае, цэны на якія іншыя тавары ён параўноўваў? Але калі Цярэшчанка заяўляе, што знешні доўг краіны ў пераліку на кожнага жыхара перавысіў $2600 — гэта не так. Апошняя статыстыка ад Нацбанка датуецца 1 ліпеня 2010 года і сведчыць, што валавы знешні доўг краіны складае $23,17 мільярда. Беларусаў засталося 9 483 тысяч чалавек. Значыцца, рэальны доўг кожнага жыхара краіны не перавышае $2450.

Цікава, на той самай лічбе — валавога замежнага доўга — «спаліўся» і іншы кандыдат, Андрэй Саннікаў. Ён старанна пазбягаў агучвання хоць нейкіх фактаў ці лічбаў у сваёй прамове і больш расказваў пра будучыню. Канкрэтыка з’явілася хіба што аднойчы: «За апошнія тры гады знешні доўг краіны вырас да $25 мільярдаў. Прытым золатавалютны запас краіны ў пяць разоў меншы». Як ужо напісана вышэй, доўг краіны менш за агучаны. Але і з запасамі краіны ў Саннікава бяда. Яны наўмысна заніжаныя амаль на мільярд. Наўмысна — таму што лічбы былі не выпадкова ўзгаданыя, а прачытаныя з паперкі. Рэальна ж доўг большы за золатавалютныя рэзервы не ў 5 разоў, а ў 3,87 разу.

Канстытуцыя Статкевіча

Мікола Статкевіч на працягу трыццаці хвілін апантана крытыкаваў Лукашэнку, але выдаў перл у стылі «Скарына ў Пецярбургу».

На думку палітыка, канстытуцыя ў нашай краіне існавала ўжо ў 16 стагоддзі. Відаць, Статкевіч пераблытаў Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, якая была прынятая ў 1791 годзе, са Статутамі ВКЛ, якія сапраўды выдаваліся на два стагоддзі раней.

Расказаўшы, што высунуты кандыдатам у прэзідэнты на леташнім Кангрэсе еўрапейскага выбару, сацыял-дэмакрат пахваліўся саліднасцю форума: «700 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў нашай краіны». Людзі, што цікавяцца палітыкай, відаць, памятаюць той скандальны кангрэс, на які былі скліканыя далёкія ад палітыкі напаўп’яныя маладзёны. Але нават разам з імі колькасць удзельнікаў не перавышала пяцісот чалавек.

Для прыгажосці Статкевіч дапісаў тэрміну лукашэнкаўскай уладзе дадатковыя паўгода: «Лукашэнка правіць 17 гадоў» — і памыліўся з колькасцю насельніцтва Беларусі. «Колькасць беларусаў зменшылася на 850 тысяч чалавек», — мяркуе Статкевіч. Ён стаў не адзіным кандыдатам, хто закрануў змяншэнне насельніцтва краіны. Такую ж лічбу называў і Віталь Рымашэўскі. А Рыгор Кастусёў увогуле далічыў да мільёна чалавек. Статыстыка ж сведчыць, што за часы праўлення Лукашэнкі насельніцтва скарацілася на 760 тысяч чалавек.

Самы народны Рымашэўскі

Кандыдат ад БНФ памыляўся не толькі ў гэтым. Ён надаў Хоцімску статус горада, хоць насамрэч гэта гарадскі пасёлак ці, кажучы па беларускай традыцыі, мястэчка.

Відаць, Рыгор Кастусёў лічыць Малдову нецылівізаванай дзяржавай.

У сваёй эмацыйнай заяве палітык паведаміў, што кожнай цывілізаванай краіне свету ёсць льготы на праезд для пенсіянераў і студэнтаў. Якраз нядаўна ў Кішынёве праходзілі масавыя акцыі пратэсту супраць адмены льготаў.

Хрысціянскі дэмакрат Віталь Рымашэўскі, апроч згаданай вышэй блытаніны з колькасцю насельніцтва, няправільна агучыў і працягласць жыцця людзей. Жыхары Еўрасаюза жывуць на 10 гадоў даўжэй за сярэдніх беларусаў, а не на 20 гадоў, як агучыў Віталь. Але найбольш Рымашэўскі здзівіў у самым пачатку прамовы, калі заявіў, што «прадстаўляе першую ў Беларусі народную партыю — Беларускую хрысціянскую дэмакратыю». Адкінем пытанне пра незарэгістраванасць гэтай арганізацыі, але што значыцца «першая народная»? Партыі са словам «народны» ўжо існуюць на тэрыторыі Беларусі, узяць хаця б той самы БНФ.

Дзмітрый Вус за сем хвілін сваёй прамовы двойчы ўвёў слухачоў у зман.

Спачатку ён напалохаў арыентаваную на ўсход аўдыторыю, паведаміўшы сенсацыйную інфармацыю: «Расія адмовілася ад транзіту па тэрыторыі Беларусі газу і нафты». Магчыма, у бліжэйшай будучыні транзіт і будзе зменшаны, але цяпер ён яшчэ дакладна не спынены. Наступны пасаж Вуса датычыўся Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Кандыдат як на духу выклаў, што ў 1994 годзе быў выдадзены ўказ, згодна з якім УСЕ прадпрыемствы і адміністрацыйныя будынкі, якія знаходзіліся на балансе дзяржаўнай уласнасці, былі перададзеныя кіраўніцтву. Назваць гэтае перабольшванне тонкай метафарай не паварочваецца язык.

Дзіўнаваты дальнабойшчык Раманчука

Кандыдат ад АГП Яраслаў Раманчук выступаў увогуле без паперкі-падказкі, чым вырак сябе на пэўныя недакладнасці. Футбольны клуб БАТЭ, ён назваў прыкладам таго, як людзі дасягаюць поспеху без дзяржаўнага плану і без дзяржаўных грошаў. Плану сапраўды няма, а вось дапамога як мінімум ад Мінаблвыканкама ёсць, і немаленькая.

Іншы прыклад Яраслава, калі ён расказваў пра кіроўцу фуры, што едзе з Польшчы ў Расію з двума блокамі цыгарэтаў, падаецца абсурдным. Па легендзе ў яго канфіскуюць і цыгарэты, і ўсю фуру. Але

навошта дальнабойшчыку везці тое, што ў Беларусі і Расіі нашмат таннейшае, чым у Польшчы?

Цыгарэты вязуць з Беларусі, а не ў яе.

У эканамічным складніку прамовы Яраслаў памыліўся толькі аднойчы, назваўшы памер беларускага бюджэту — $23 мільярда. Рэальна ж у 2011 годзе ён складзе максімум 20 мільярдаў даляраў, а сёлета быў меншы на 18%.

Узгадаем і прыродазнаўства. «У нас 11 тысяч рэк і азёраў», — казаў Раманчук. Насамрэч ён назваў толькі колькасць азёраў. Рэк — удвая больш.

Гаварыльшчыкі праўды

Падаецца, што два астатнія кандыдаты — Уладзімір Някляеў і Алесь Міхалевіч — не памыліліся ні разу. Прынамсі не знайшлося ніводнага заўважнага ляпа. Чаму? Някляеў у сваёй пафаснай прамове абышоўся без фактаў, апроч пераказу гісторыі свайго руху. Што ж, відаць, сапраўды яму накавана гаварыць праўду. Міхалевіч таксама пазбегнуў доўгага расповеду пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, сканцэнтраваўшы свае высілкі на апісанні Беларусі будучыні.

У факталагічных памылках у прамовах часцяком вінаватыя не кандыдаты, а іх штабы. Ад палітыка патрабуецца прыгожа і палымяна прэзентаваць напісаны кімсьці тэкст. Часцяком дзеля краснага слаўца спічрайтэры не шкадуюць нікога і нічога.

Але калі кандыдат хлусіць па дробязях ужо зараз, чаго чакаць ад яго, калі ён дарвецца да ўлады?
Падзяліцца навіной: 
Віталь Несцераў

←Праграма-максімум. Якой быць «Нашай Ніве»?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика