Ніхто з апазіцыянераў не змагаецца за сярэдні слой

Источник материала:  
25.11.2010 12:45 — Разное
Адзін Міхалевіч. Але выкананне такое, што дыскрэдытаваў саму ідэю.

Святлана Калінкіна громіць кандыдатаў ад апазіцыі за непадрыхтаванасць. Мае права. Але, Святлана, а мы з вамі шмат зрабілі, каб іх падрыхтаваць? Напісалі прамовы? «Белсат» прыехаў на кватэру да Рымашэўскага, каб навучыць яго, у якую кропку глядзець? Так, гэта не наша функцыя наўпрост. Але ў сітуацыі, якую маем, усё гэта справа грамадзянскай супольнасці. Калі палітыкаў вынішчылі, грамадзянская супольнасць павінна браць ініцыятыву ў свае рукі. Для таго і існуюць нашы «Белсаты».

Хоць, калі па шчырасці, — ведаў кандыдат, куды глядзець ці не, ведаў, што тэлеэфір патрабуе грыму ці не, мяне хвалюе менш. Мы ў курсе ўмоваў для палітыкі тут і цяпер. Так, прыхільнікі «Салідарнасці» на ТВ вучылі Валэнсу, як дзейнічаць перад камерамі. Але перадусім мяне цікавяць ідэі, і толькі пасля — іх прэзентацыя.

З першых тэлевыступаў я адзначыў іншае.

Да гэтага моманту ўсе кандыдаты, апроч нябогі Міхалевіча, адрасавалі прамовы да пратэстава настроенага, сацыяльна неабароненага выбарца.

Адзін Міхалевіч трапіў пад каня.

Так, ёсць людзі абражаныя і пакрыўджаныя. Людзі, якія супраць.

Чуем пра рост цэнаў, пра недаступнасць імпартных лекаў, пра нізкі ўзровень жыцця на вёсцы. Гэта ўсё пасланні, адрасаваныя найбяднейшым, найменш абароненым, старэйшым выбарцам — былому апірышчу Аляксандра Лукашэнкі.

Саннікаў заклікаў, каб у садках да дзяцей ставіліся лепей. Падняць заробак выхавацелькам? Каму тады знізіць заробак, каб падняць выхавацелькам?

Папулізм праходзіць тады, калі ён пераканаўчы.

Самае яснае, што мы пачулі — ад Статкевіча, Саннікава — што трэ будзе проста паўтараць тое, што рабілі краіны Цэнтральнай Еўропы. У прынцыпе, так. Можа быць, гэта і правільней, чым курс Лукашэнкі. Але гэта не было канкрэтызавана.

Адзін Міхалевіч паспрабаваў намацаць пункты, істотныя для новага сярэдняга слою. Людзей, якія нармальна зарабляюць. Якім някепска жывецца, але якія, магчыма, хацелі б мець больш шанцаў, чым пры цяперашняй сістэме.

Але зрабіў тое Міхалевіч так няўдала, што падалося, што гэта ён да Лукашэнкі звяртаецца з просьбай пра ўвагу, а не да сярэдняга слою.

Задача няпростая. Як заваяваць цэнтрыстаў, не страціўшы базы?

Ці значыць гучны правал спробы Міхалевіча, што новая ніша ўвогуле не існуе? Што ў апазіцыі ёсць чытач «Народнай волі», а да чытача «Камсамолкі» апазіцыя дастукацца не можа?

Мілінкевічу, якога з нейкіх няясных мне прычын так незалюбілі Святлана Калінкіна і «Народная воля», у 2006-м удавалася часткова выйсці на вось гэтага неапазіцыйнага выбарца. Але тады ў сітуацыі жорсткага сутыкнення, сцэнара каляровай рэвалюцыі, гэтага «часткова» аказалася замала, бо сілавыя структуры бетонна падтрымлівалі Лукашэнку.

Што, дарэчы, сёння адрасуюць сілавым структурам кандыдаты ад апазіцыі? Калі нічога — значыць, яны і сцэнара перамогі не маюць. Плошча не выйграецца без нейтралітэту сілавікоў.

Для мяне гэтая адрасаванасць да пратэстава настроенага электарату ёсць перадусім праявай таго, што большасць кандыдатаў, калі не ўсе, змагаецца за другое ці пятае месца. Гэта ж задзел на будучыню — ого-го-го! — пятае месца сярод дзесяці.

Тады які сэнс стукацца да 80% складаных выбарцаў, калі галоўнае — заваяваць чым большую долю з тых простых 20%, якія і так галасуюць супраць Лукашэнкі. І пачынаецца конкурс — хто мацней урэжа Лукашэнку.

У мяне такое ўражанне, што некаторыя кандыдаты не былі самі сабой на тэлеэкранах, што ў жыцці яны мысляць рэалістычней.

Калі так, хлопцы, значыць, яны блефуюць. У ніякую Плошчу яны не вераць. Бо той, хто рэальна гарэў бы да Плошчы, той быў бы думаў, як заваяваць 51% папулярнасці, а не 5,1%, якія, пры дзесяці кандыдатах, дадуць табе запаветнае другое месца. (Кажу: «папулярнасці», а не «галасоў», самі разумееце, чаму.)

Асаблівасць гэтых выбараў у тым, што Лукашэнка канчаткова перастаў успрымацца контрэлітаю, а следам за ёй і Захадам, як «абсалютнае зло».

Паўаўтарытарная сістэма, якую выбудаваў Лукашэнка не прадугледжвае (на гора для яго) іншага варыянту змены ўлады, акрамя двух: або фізічнага сыходу кіраўніка дзяржавы, або «цуду пасля скрыняў», паўсілавой змены ўлады ў часе прэзідэнцкіх выбараў. Апазіцыя, на шчасце, пра першы варыянт не думае, а кожныя пяць гадоў спрабуе ажыццявіць другі.

Пры гэтым сцэнары, як толькі найбольш сімпатычны кандыдат — ці сімпатычныя разам — атрымліваюць 51% папулярнасці, астатняе робіцца справай тэхнікі, і ўлада пераходзіць да новага чалавека. Але і як толькі найменшае зло атрымлівае 51%, улада захоўваецца ў яго.

Пры ўсім заганах аўтарытарызму, перавага Лукашэнкі — у сістэмнасці.

Калі яго спытаць, што такое Рэчыцкі метызны завод, ён адкажа. І калі спытаць, што рабіць з Рэчыцкім метызным заводам, ён таксама адкажа. Калі яго спытаць, што рабіць з «Нашай Нівай», ён таксама адкажа ў рамках сваёй сістэмы мыслення. Часамі гэтыя адказы катастрафічныя. Але калі хто хоча яго зваліць, павінен мець аналагічна сістэмнае бачанне. Ну, а таленавіты лідэр адрозніваецца тым, што гэтае сістэмнае бачанне яшчэ і сумее ў словы апрануць.

Думаю, менавіта гэта мела на ўвазе і Грыбаўскайце ў сваіх поўных дакору словах на адрас апазіцыйных кандыдатаў.

Лукашэнкаўская прапаганда навязвае думку, што выбары — гэта клаўнада, і апазіцыя — клоўны.

Нават падхоплівае дзеля гэтага выказванні кандыдатаў. Ясна чаму — такая інтэрпрэтацыя выбараў дэматывуе. Што і трэба лукашэнкаўцам для захавання ўлады.

Не, гэта не клаўнада.

Пабачым сёння і заўтра яшчэ Раманчука і Някляева. Пасля яшчэ адно кола, і краіна будзе выбіраць. Найбольш сімпатычнага або найменшае зло.


Падзяліцца навіной: 
Андрэй Дынько

←Каўдыльё і кароль

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика