Сярод зграi ваўкоў
Як галодная, паўраздзетая беларуская дзяўчынка ў канцы вайны з Туркменiстана дабiралася дадому, рызыкуючы памерцi ад голаду i холаду цi быць разарванай дзiкiмi жывёламi
Шмат кнiжак напiсана пра вайну, пра гераiчныя подзвiгi салдат i афiцэраў. Але, на жаль, мала яшчэ сказана пра вайну-разлучнiцу, пра пакуты мiрных людзей, слёзы дзяцей, якiя прайшлi праз неверагодныя выпрабаваннi, каб знайсцi сваiх блiзкiх, пра гора мацi, якiя губляюць дзяцей...
Васьмiгадовая Валя Пагунец пасля снедання скакала, весялiлася з сяброўкамi ў Гулевiцкiм пiянерскiм лагеры за сотню кiламетраў ад роднага Глуска, калi пачула страшную навiну: грымнула вайна. Праз два днi ў лагер прыехала некалькi грузавiкоў. Выхавальнiкi мiтусiлiся, пераносiлi скрынкi ў машыны, на iх тварах дзяўчынка бачыла разгубленасць, слёзы.
Дзецям загадалi хуценька збiрацца i залазiць у кузавы аўтамабiляў. На саломе прыцiснулiся адзiн да аднаго дзецi, пiянерважатыя i выхавальнiкi. Праз некалькi гадзiн ля ракi калона спынiлася. Мост быў разбураны, а вакол валялiся абгарэлыя бярвеннi i дошкi.
Камандзiр, якi ехаў з iмi, загадаў спяшацца. Праз рэчку ў шарэнгу ён паставiў некалькi чырвонаармейцаў, якiя, стоячы па грудзi ў вадзе, пачалi перадаваць дзяцей па ланцужку на той бераг. Побач перапраўлялiся iншыя бежанцы. Удалечынi пачуўся гул. Потым блiжэй, блiжэй. Над галовамi прараўлi самалёты з чорнымi крыжамi, затахкалi кулямёты, прагрымелi выбухi. Яны злiлiся ў адну страшную какафонiю з енкам i плачам акрываўленых дзяцей, якiя, як гарох, пасыпалiся з крутога берага ў раку.
Як толькi самалёты знiклi, ланцуг праз рэчку выстраiўся зноў. Амаль палову дзяцей, нi ў чым не павiнных нi перад Богам, нi перад людзьмi, забiлi цi паранiлi нямецкiя кiлеры-асы.
Тых, хто застаўся ў жывых, з вялiкiмi цяжкасцямi эвакуiравалi ў Стаўрапольскi край i размясцiлi ў дзiцячым доме № 8 iмя Крупскай, што ў Iгнатаўскiм раёне. У сорак другiм, калi навiсла пагроза акупацыi iх рэгiёна, дзяцей павезлi ў порт на Каспiйскiм моры. Па трапах дзетдомаўцы перайшлi на баржу, i яна адчалiла ад берага, загойдалася на марскiх хвалях. Свяцiла яркае сонейка. Дзецi, якiя раней нiколi не бачылi мора, з захапленнем глядзелi ў сiнюю далечыню, удыхаючы салёнае марское паветра.
Але iдылiя хутка скончылася. Аднекуль з’явiлiся два нямецкiя сцярвятнiкi, якiя адкрылi па баржах, перапоўненых дзяцьмi, агонь з кулямётаў. Сэрца Валi сцялося ад жаху: паратунку чакаць няма адкуль... На шчасце, быў ужо не сорак першы год, калi гiтлераўская авiяцыя непадзельна панавала ў паветры. Бязлiтасныя «звышчалавекi» так захапiлiся паляваннем на дзяцей, што не заўважылi, як з боку сонца iх атакавала пара знiшчальнiкаў з чырвонымi зоркамi на крылах. Адзiн з фокераў успыхнуў, задымiў i ўпаў далёка ў мора. Другi нямецкi самалёт з мноствам крыжоў на фюзеляжы рэзка ўзмыў уверх, выпiсваючы фiгуры вышэйшага пiлатажу, i паспрабаваў зайсцi ў хвост нашага знiшчальнiка. Ды той вырваўся з небяспекi. Закруцiлася паветраная карусель. Трашчалi кулямёты. Вось фашыст зайшоў у хвост нашага ястрабка. Ратуючы сябра, другi наш знiшчальнiк кiнуўся наперарэз фокеру, а той накiраваў свой самалёт у лабавую атаку. Два самалёты iмклiва зблiжалiся. Што зараз будзе?! Хацелася ад жаху заплюшчыць вочы. Нi адзiн з самалётаў не адвярнуў, а праз iмгненне ў сiнiм небе шугануў агонь i пачуўся страшэнны выбух. Дзе толькi што былi два самалёты, сыпалiся ўнiз гарэлыя абломкi... Той паветраны бой Валянцiна Антонаўна Гулевiч успамiнала ўсё жыццё. Хто быў той адважны лётчык, якi не адвярнуў сваю баявую машыну ўбок i цаной уласнага жыцця знiшчыў аднаго з нямецкiх асаў?
На гэты раз дзяцей па Каспiйскiм моры давезлi да Краснаводска, а потым па чыгунцы праз пяскi Туркменii пераправiлi ў дзiцячы дом горада Керкi, што недалёка ад Афганiстана.
Яшчэ праз год iх перавялi ў пасёлак Халан.
Зноў пацяклi шэрыя буднi. Валя вельмi сумавала па мацi, сястры i сяброўцы Олi, якiя засталiся ў Глуску. Што з iмi, цi жывыя? А тату, якi памёр ад сардэчнага прыступу, дзяўчынка амаль не памятала. Яе сум не маглi разагнаць нi сонечныя днi, нi высокiя горы Капетдаг, якiя далёка вырысоўвалiся на гарызонце. Толькi вясной, калi цвiлi тысячы i тысячы цюльпанаў, яна з захапленнем глядзела на гэтую дзiвосную панараму, забываючы на нейкi момант пра ўсё на свеце.
Восенню 44-га, калi 12-гадовая Валя даведалася, што вызвалiлi Беларусь, намерылася неадкладна вярнуцца дадому. Яна не ведала, цi жывыя яе родныя, таму напiсала пiсьмо.
Каб ведала, з чым ёй давядзецца сутыкнуцца… З’еўшы сухары, што нарыхтавала ў дарогу, некалькi дзён цярпела голад. Потым, пераадольваючы сорам, жабравала. Яе пашкадавала адна жанчына, якая з дачкой ехала дадому, у Маскву. Пачала падкормлiваць худобу i нават хацела забраць Валю з сабой. Нейкi час у «цялятнiках» ехалi разам, але потым iх шляхi разышлiся.
Найстрашнейшым i найцяжэйшым аказаўся для дзяўчынкi шлях дадому па роднай Беларусi: знiшчаныя i разрабаваныя гарады i вёскi, закопчаныя комiны i толькi падмуркi там, дзе стаялi хаты, перарытая акопамi i траншэямi зямля, трупы салдат, аб’едзеных ваўкамi i здзiчэлымi сабакамi, дарогi, забiтыя разварочанымi машынамi, гарматамi, танкамi...
Аднойчы Валю ледзь не разарвала зграя ваўкоў, i толькi шчаслiвы збег абставiн выратаваў яе ад iх клыкоў. Цямнела. Дзяўчынка iшла па прысыпанай снегам лясной дарозе, стукаючы зубамi ад холаду, калi пачула жудаснае воўчае выццё. Успомнiлiся расказы пра ваўкоў-людаедаў, i дзяўчынка ўся сцялася ад жаху. Яна ўбачыла сярод дрэў мноства агнёў. Гэта свяцiлiся вочы ваўкоў. Дзяўчынка горка заплакала, i гарачыя дзiцячыя слёзы лiлiся i лiлiся з вачэй. Заставалася ж зусiм крыху, i яна была б дома, з мамай! Няўжо ж ёй суджана быць з’едзенай ваўкамi пасля столькiх выпрабаванняў?!
I раптам пачуўся натужлiвы гул грузавiка, якi марудна поўз па разбiтай лясной дарозе. Яркае святло фар паласнула ў вочы. Ваўкi паспяшалiся ўцячы ў глыб лесу.
Шафёр, заўважыўшы маленькую худзенькую iстоту на дарозе, спынiў свой студэбекер i адкрыў дзверцы кабiны. Ён заўважыў, як уцякалi ваўкi, i адразу ўсё зразумеў. Давёз дзяўчыну да ракi — далей машына прайсцi не магла. Да дома заставалася кiламетраў 15.
Здавалася, на крылах ляцела Валя гэтыя апошнiя кiламетры дадому. Ззаду iх засталiся тысячы. На самай справе цягнулася, як старая, ледзь перастаўляючы ногi. Грэла дзяўчынку, высахшую ад голаду, хворую, усю ў струпах, са збiтымi да крывi нагамi, абмарожаную, думка, што вось-вось будзе дома. Калi апынулася на родным ганку, упала амаль у непрытомнасцi... Было 22 лiстапада 1944 года.
Мацi ледзь пазнала дачушку.
Толькi цяпер Валя даведалася, што ў той нешчаслiвы дзень сорак першага года, калi яны пакiнулi пiянерскi лагер, мацi спазнiлася ўсяго на дзве гадзiны: у Глуску была толькi адна палутарка, якую ўдалося выпрасiць, каб з’ездзiць за дачкой. Тры з паловай гады нясцерпнага суму i трывог...
Гiсторыю я пачуў ад Рамана Байдзельдзiнава, начальнiка аддзела падатковай iнспекцыi № 2 Фрунзенскага раёна горада Мiнска, якi расказаў пра сваю бабулю Валянцiну Антонаўну Гулевiч (дзявочае прозвiшча Пагунец). Яна ўсё жыццё працавала, спачатку настаўнiцай у Рубяжэвiчах Iвянецкага раёна, затым завучам у Глускай сярэдняй школе. За самаадданую працу была ўзнагароджана знакам «Выдатнiк народнай асветы» i ордэнам «Знак пашаны». Валянцiну Антонаўну, таленавiтага педагога i чулага чалавека, з удзячнасцю ўспамiнаюць многiя яе выхаванцы. Памерла настаўнiца ў 2002 годзе.
Для Рамана Байдзельдзiнава Валянцiна Антонаўна была не толькi ласкавай бабуляй, але i чалавекам, з якога ён заўсёды браў прыклад у самых цяжкiх i складаных жыццёвых выпрабаваннях.